На парозе завяршэння пасяўной знаходзяцца працаўнікі КСУП “Малабераставіцкі элітгас”

Лента новостей

У мінулы чацвер мокрая звілістая паласа дарогі прывяла мяне на палеткі камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Малабераставіцкі элітгас”. Прыбываючы на стадыі перадапошняга пасяўнога дня і незважаючы на не зусім спрыяльныя ўмовы надвор’я, менавіта сюды, на адасоблены кавалак зямлі, што суседнічае з сонечна-жоўтымі суквеццямі рапсу, сельгаспрадпрыемствам былі кінутыя ўсе рэсурсы. Улічваючы, што тэрміны сяўбы істотна ўплываюць на палявую ўсходжасць насення, ад якой у значнай ступені залежыць і ўраджайнасць, для гаспадаркі хутчэйшае завяршэнне гэтага адказнага працэсу толькі на руку. Дарэчы, калі летась фінальны этап сяўбы кукурузы тут прыйшоўся на апошнія дні мая, то зараз – на другую дэкаду гэтага ж месяца.
Непасрэдна ў дзень візіту на малабераставіцкую зямлю маім інфарматарам стаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Андрэй Грышкевіч. Падчас размовы ён адразу заўважыў, што спакойны і кароткачасовы дождж не з’яўляецца для аграрыяў сур’ёзнай праблемай, а наадварот, прыбіваючы клубы палявога пылу, “аблегчвае” працу работнікаў, што ажыццяўляюць вясенне-палявыя мерапрыемствы. Куды больш катастрафічным, а асабліва пры пераліку ў грашовы эквівалент, быў бы моцны і няспынны лівень. А такія выпадкі ў працоўнай практыцы майго суразмоўцы здараліся. Чаго варты толькі адзін мінулагодні “сюрпрыз”, калі восьмага мая падобны прыродны катаклізм часткова павымываў пасевы кукурузы і цукровых буракоў. Тады ў гаспадарцы абышліся без перасейвання культур, аднак падчас правядзення ўборачных работ добра разумелі: паказчыкі ўраджайнасці маглі б быць намнога вышэйшымі.
Што датычыцца сёлетняй структуры пасяўных плошчаў, то яна не змянілася, як і раней пад пасевы адной з самых значных сельскагаспадарчых культур у сусветным земляробстве адвялі 950 гектараў зямель, з якіх на зялёны корм прыпадае 550 гектараў, а на зерне – 400.
Па словах галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства, на 17 мая кукурузай ужо засеяна 95 працэнтаў адведзеных плошчаў, або 900 гектараў зямель.
— Беручы пад увагу вопыт мінулых гадоў, мы вырашылі відазмяніць структурную схему гатункаў кукурузы, – адзначае Андрэй Станіслававіч. – Сярэдняраннімі гатункамі “лювена” і “палтава”, прызначанымі для вырошчвання як на сілас, так і на фуражнае зерне, засеялі 450 і 200 гектараў адпаведна. Наступным новаўвядзеннем стала набыццё трох новых гібрыдаў кукурузы французскай селекцыі – “дэльфін”, “інбероу” і “сірыус”, якія ўяўляюць сабой ідэальны варыянт суадносін: кошт – якасць, ранняспеласць – ураджайнасць. Кожны з гэтых гатункаў быў высеяны на плошчы ў сто гектараў. Разлічваем, што яны пасадзейнічаюць істотнаму павелічэнню колькасных паказчыкаў будучага ўраджаю.
Хутка пасевы кукурузы чакае падкормка вадкім угнаеннем КАС, таксама даўсходавае і раннеўсходавае ўнясенне гербіцыдаў, іншымі словамі, хімічная праполка, якая дазваляе спецыялістам кантраляваць пустазелле на самых ранніх этапах развіцця культуры.
Увогуле, сёлета на сяўбе карыснай збожжавай і кармавой культуры ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас” задзейнічана тры адзінкі тэхнікі, адна з іх – сеялка дакладнага высеву СТВ-8К – была набыта сельгаспрадпрыемствам якраз у гэтым сезоне і засеяла трэцюю частку палеткаў.
А тым часам, пакуль удакладняю неабходную інфармацыю, кожнае прысыпанае пластам зямлі кукурузнае зерне нібы адлічвае хвіліны да завяршэння сяўбы. Сярод тых, хто прыбліжае гэты працэс, старанна выконваючы перадпасяўную падрыхтоўку глебы, – і механізатар Андрэй Леанчук, што на здымку. Хто ведае, можа менавіта гэтаму вопытнаму (у сельгаспрадпрыемстве мужчына працуе вось ужо 25 гадоў) працаўніку восенню давядзецца сесці за руль кормаўборачнага камбайна і мы, нібы не прайшло і некалькіх месяцаў, зноў сустрэнемся на ўжо знаёмым месцы.

Вольга Заенчкоўская, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *