На мінулым тыдні старшыня Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта Антон Кулісевіч правёў “прамую тэлефонную лінію” з жыхарамі раёна. За час яе правядзення з пытаннямі да старшыні звярнулася 9 чалавек і адзін жыхар раённага цэнтра прыйшоў на асабісты прыём. Трэба адзначыць, што пытанні і просьбы былі самыя розныя. Так, напрыклад, жыхарка райцэнтра Г.П.Мешчаня патэлефанавала старшыні і выказала падзяку праўленню СВК “Пархімаўцы” за своечасовую ачыстку дарогі, якая праходзіць праз вёску Леснявічы. Таксама жанчына звярнулася да Антона Станіслававіча з просьбай дапамагчы вырашыць праблему з прыпынкам міжгародніх аўтобусаў каля в.Карпаўцы. А жыхары Вялікай Бераставіцы, якія пражываюць па вуліцы Савецкай і завулку Чкалава, скардзіліся, што гарачая вада, якая падаецца ў іх дамы, не адпавядае цеплавым нормам, хаця на аплату гэта ніякім чынам не ўплывае. І хоць у РУП ЖКХ яны звярталіся неаднаразова, але пытанне так і засталося нявырашаным. Званок ад жыхаркі з вул.Чкалава,6 датычыўся добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі. Жанчына пыталася, ці магчыма прывесці іх двор у парадак, зрабіць дзіцячую пляцоўку. Акрамя пералічаных вышэй пытанняў былі і іншыя. На многія пытанні глава раёна даў адказ адразу ж па тэлефоне. Пытанні, якія патрабуюць дадатковага вырашэння або ўдакладнення былі накіраваны кіраўнікам адпаведных служб і арганізацый. А вось ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар Вялікай Бераставіцы за дапамогай у вырашэнні сваіх праблем прыйшоў да старшыні на асабісты прыём. Мужчына паскардзіўся, што доўгі час жыве без выгод, што да яго дому не падведзены газ. Калі быў маладзейшы, то ніякіх пытанняў не ўзнікала, але зараз ужо цяжка абыходзіцца без зручнасцей. А яшчэ папрасіў, калі гэта магчыма, адрамантаваць дах, які працякае. Антон Станіслававіч запэўніў ветэрана, што дах яму адрамантуюць абавязкова, а вось што датычыцца падвядзення газу, то тут трэба спачатку вывучыць сітуацыю, каб прыняць адпаведнае рашэнне. Падрыхтавала Зінаіда Самкова