Загадчыца фермы “Падбагонікі” СВК “Алекшыцы” Рэгіна Лашэвіч на ферму спяшаецца і ў выхадныя

Лента новостей

IMG_0018У яскравай кагорце маіх паважаных знаёмых сяльчанак Рэгіна Юльянаўна Лашэвіч з вёскі Падбагонікі займае асаблівае месца. Знаёмы мы з ёю даўно, жанчыну хваляць у СВК “Алекшыцы”, але пагутарыць пра жыццё і яе занятак падрабязна неяк не выпадала. І вось на мінулым тыдні гэты “прабел” быў выпраўлены. Цікавая гутарка пакінула вельмі жывое і цёплае ўражанне.
Хаваць узрост у такіх гадах, як кажуць, ужо не прынята, а за выдатную фізічную форму можна Рэгіну Юльянаўну пахваліць. Ні “лішняй” вагі ў яе няма, ні павольнасці, як у некаторых сталых людзей. Наадварот, стройная жанчына бадзёра пераадольвае ўзгорак, калі едзе на веласіпедзе з фермы дамоў. Выглядае загадчыца фермы “Падбагонікі” мала­дзей за свой узрост, хаця на пенсіі ўжо 10 гадоў, а на гэтай адказнай пасадзе аж з 1971 года.
— Я са Свіслацкага раёна, вый­шла замуж сюды, — расказвае жанчына. – Жыву ў доме бацькоў мужа, ён быў механізатарам, ужо памёр. Засталася зараз адна. У маладосці спачатку працавала на свінаферме, а затым пайшла на гэтую ферму загадчыцай. Усё маё жыццё тут прайшло. Ферма тады выглядала зусім не так. А колькі там было цяжкай працы! Нават малакаправода тады не было, даілі ў вёдры. Але людзі тады былі мацнейшыя, чым зараз. Вельмі цяжка працавалі, стараліся і спраўляліся. Даяркі самі раздавалі кармы. Думаю, што цяперашнія людзі з такой работай і не справіліся б…
Што ж дапамагала вытрым­ліваць невыносны, здаецца, цяжар? Здагадацца пра тое, што адкажа Рэгіна Юльянаўна, можна было. Добра, калі ў няпростых жыццёвых сітуацыях фарміруецца моцная і дружная каманда. Менавіта такая еднасць, як другое дыханне, дапамагала жанчынам спраўляцца з цяжкай работай, павышаць надоі. Вясковыя карані гартуюць сілу волі, вытрымку. Яны выхоўваюць у чалавеку адказнасць. Кабеты не ўспрымалі жывёлу на ферме, як калгасную, не сваю, не такую, як у сябе на сялянскіх падворках. Кожную кароўку любілі як спрадвечную карміцельку сям’і, імкнуліся як найлепш яе дагледзець. Ды і адна адну падтрымлівалі добрым словам, слушнай парадай, тады лягчэй было пераадольваць цяжкасці.
Ішоў час, з’явіліся новыя тэхналогіі. Будучае зараз — за інтэнсіфікацыяй вытворчасці, змяншэннем долі ручной працы. У рэспубліцы ёсць ужо некалькі “суперсучасных” комплексаў, дзе кароў наогул дояць робаты. Гэта адмысловыя даільныя ўстаноўкі, куды рагуля накіроўваецца сама, каб падаіцца, пазбавіцца ад напружання, а таксама паласавацца нечым смачным. Працэс даення ідзе без дапамогі чалавека. Вядома, такое выдатнае аўтаматычнае абсталяванне вельмі дарагое, але звычайная ручная праца аператара пры імклівым прагрэсе ўжо аказваецца маральна састарэлай. Магчыма, у далёкай перспектыве паўсюдна так і будзе, пытанне толькі за грашыма. А пакуль што нялёгкая прафесія даяркі – адна з самых запатрабаваных у сельгас­кааператывах. На новых малочнатаварных комплексах аператары абслугоўваюць ужо значна больш рагуль, чым на ранейшых фермах. Але там, дзе справы ідуць добра, людзі выдатна зарэкамендавалі сябе, надоі год ад года растуць, не адмаўляюцца ад старых жывёлагадоўчых аб’ектаў, а даюць ім новае жыццё. Так і Рэгіна Юльянаўна са сваім маленькім, але моцным і зладжаным калектывам, радуецца, што тут правялі рэканструкцыю. Ды і пра ўтрыманне жывёлы сярод вучоных ідуць дыскусіі. У вялікіх комплексаў ёсць свае перавагі, там канвеер, аптымізацыя вытворчасці, можна эфектыўна нарошчваць “вал”. Гэта важкі “плюс”. Але мне давялося пабачыць, як на ферме “Падбагонікі” кароўкі паміж двума дойкамі спакойна дыхаюць свежым паветрам ”у майдане”, як называе гэтае месца загадчыца. У іх менш стрэсу, ад якога зараз так пакутуе і жывёла, а значыць, менш будзе хвароб, што таксама станоўча ўплывае на прадуктыўнасць.
Рэгіна Юльянаўна з павагай і цеплынёй расказвае пра людзей, якія жывуць і працуюць побач з ёю. Яна ведае іх праблемы і турботы, без якіх не абыходзіцца ні адзін чалавек, радуецца, што і бытавыя ўмовы на ферме сталі дастойныя. Адносіны паміж вяскоўцамі тут сапраўды душэўныя. Любую работу выконваць лягчэй, калі побач надзейнае плячо. Загадчыца жыве жыццём фермы. Яна ўнікае ва ўсе тонкасці, і гэта прыносіць ёй маральнае задавальненне.
— Я і ў выхадныя на ферму прыйду, — расказвае жанчына. – Пакуль здароўе ёсць, адной дома быць не хочацца. Побач з людзьмі зусім па-іншаму сябе адчуваеш. І як бы цяжка ў жыцці не было, ніколі нельга падаць духам!
— А гаспадарку хатнюю яшчэ трымаеце? – цікаўлюся.
— Не, толькі курачкі засталіся.
Агародам займаюся.
У вясковым утульным доме пакуль ціха, але хутка пачнуцца летнія канікулы, прывязуць да клапатлівай бабулі гарэзлівых унукаў, і зноў зазвініць дзіцячы смех.
— Дзеці мае ўсе ў горадзе, — расказвае Рэгіна Юльянаўна. — Выбралі простыя прафесіі — шафёр, прадавец, швачка. Усе з кватэрамі, чым магу, ім дапамагаю. Што б я рабіла без іх? Летам у мяне гам, смех, усім нам весела.
Пяць унукаў – самае вялікае шчасце для бабулі. Нездарма ў народзе кажуць, што такая бабуля, як бы сціпла не жыла, а багатая. Усе ўнукі розныя, у кожнага свой характар. Кожны ў сэрцы, грэе яго і радуе.
Добрае жыццё ў Рэгіны Юльянаўны. Думаю, чытач са мной згодзіцца.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *