
12 дыпломаў VII абласной навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” атрымалі па выніках другога, заключнага, туру прадстаўнікі ўстаноў адукацыі нашага раёна, прычым, 8 з іх — I ступені.
Па інфармацыі загадчыка сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі райвыканкама Валянціны Апунік, сёлета вынікі абласной навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі былі падведзены завочна. Па выніках яе першага тура, які праходзіў у красавіку гэтага года, журы адабрала 16 работ юных краязнаўцаў з Бераставіччыны для ўдзелу ў заключным этапе. Меркавалася, што аўтары традыцыйна будуць асабіста абараняць свае работы перад абласным журы, але з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі было вырашана падвесці вынікі абласной канферэнцыі без прысутнасці яе ўдзельнікаў.
— Сёлета краязнаўчыя работы навучэнцаў з Бераставіцкага раёна ацэнены вельмі высока, аб гэтым сведчаць восем Дыпломаў I ступені, — адзначыла Валянціна Анатольеўна. – Акрамя іх у нашай скарбонцы яшчэ тры Дыпломы II ступені і адзін Дыплом III ступені.
Калі гаварыць больш канкрэтна, то два Дыпломы I ступені абласной навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” здабылі даследаванні прадстаўнікоў Вялікабераставіцкай сярэдняй школы: гэта работы “Гісторыя краіны ў гісторыі адной сям’і”, якую выканалі адзінаццацікласніцы Арына Лукашэвіч і Лізавета Шваба пад кіраўніцтвам Н.В. Жукавай і “Аўтэнтычнасць фальклору Бераставіцы” вучняў 11 класа Аляксандра Ляховіча і Валерыі Максімюк (кіраўнік Г.А. Кулакова). Пераможцамі абласной канферэнцыі таксама сталі Уладзіслаў Курчыцкі, вучань 11 класа Алекшыцкай сярэдняй школы, з даследаваннем “Умовы фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі В.М.Кавалеўскага ў школьныя і студэнцкія гады” (кіраўнік Г.У.Румак), вучань 9 класа сярэдняй школы аг. Пагранічны Уладзімір Макавей з даследаваннем “Народнае дойлідства мікрараёна аг. Кватары” (кіраўнік Н.В. Макавей), дзесяцікласнік Вялікаэйсмантўскай сярэдняй школы Марцін Маціеўскі з даследаваннем “Лірычныя вобразы ў творчасці Іосіфа Сліўкі” (кіраўнік М.І. Станеўская), вучаніца 9 класа Пархімаўскага ясляў-сада-базавай школы Лізавета Найда з даследаваннем “Фларыстычны склад травяністых раслін месцапражывання з рознай антрапагеннай нагрузкай” (кіраўнік А.А. Хілюта), адзінаццацікласніца Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Вікторыя Пракоп’ева з даследаваннем “Сістэма тапонімаў Макараўскага мікрараёна” (кіраўнік С.У. Мазавецкая) і Ягор Болбат, вучань 10 класа Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы з даследаваннем ““Я словы сыплю, як з сявенькі…” (малая радзіма ў творчасці паэта-земляка Пятра Купы)”, якое ён выканаў пад кіраўніцтвам М.М. Коўшык.
Дыпломы II ступені атрымалі Вікторыя Пугачэўская, вучаніца 10 класа Малабераставіцкай сярэдняй школы, за работу “Айконімы: назвы зямлі беларускай” (кіраўнік Ж.Я. Козел), Аніта Пратасевіч, вучаніца 9 класа Алекшыцкай сярэдняй школы, за работу “Адзнака камфортнасці пражывання насельніцтва ў межах аграгарадка Алекшыцы” (кіраўнік І.А. Жлабовіч) і Караліна Аўдзей, вучаніца 10 класа Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы за работу “Турысцка-экскурсійны маршрут “Будзем памятаць, жыць і мір берагчы” (кіраўнік А.А. Будніцкая).
Ну а Дыпломам III ступені ўзнагароджана адзінаццацікласніца Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Паліна Радзевіч за сваё даследаванне “Трансмяжоўнае супрацоўніцтва на Гродзеншчыне” (кіраўнік В.Л. Шчука).
Застаецца толькі дадаць, што ў VII абласной навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” прымалі ўдзел каля 300 навучэнцаў устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці, якія прадстаўлялі свае краязнаўчыя работы ў 30 секцыях розных накірункаў.
Ірына МІКЛАШ