Вучні школы аг. Пагранічны на канікулах наведалі горад-герой Мінск

Лента новостей Наши дети

Канікулы — гэта не толькі час адпачынку ад вучэбных заняткаў, час для сябе. Куды важней — адпачынак актыўны, напоўнены новымі ўражаннямі. Кожныя канікулы для вучняў 8-9 класаў сярэдняй школы аг. Пагранічны арганізуюцца экскурсіі па рэспубліцы, каб яны зноў і зноў маглі пераканацца, наколькі непаўторны родны край, і ўбачыць новыя славутасці.

За новымі ўражаннямі ў гэтыя восеньскія канікулы  падлеткі адправіліся ў горад-герой Мінск. Навучэнцы ўжо не першы раз у сталіцы, але на гэты раз абралі іншы спосаб перамяшчэння — па чыгунцы. І хоць Мінск сустрэў дробным дожджыкам, гэта ніяк не пашкодзіла вучням: яны ведалі, што наперадзе будзе насычаны і займальны дзень.

Першы аб’ект нашага наведвання — музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там сапраўды ёсць што паглядзець. Пасля рэканструкцыі музей знаходзіцца  на праспекце Пераможцаў, адразу ж ля Стэлы.  Хлопчыкі і дзяўчынкі  наведалі 10 залаў, але больш за ўсё  іх уразіла зала № 3 — «Дарога вайны». Гэта самая вялікая экспазіцыйная пляцоўка ў музеі, дзе можна назіраць  шмат салдат падчас баёў. На зямлі — танкі, артылерыйскія прылады, пад столлю застылі самалёты.  А вось яшчэ трохі — і зала № 6 — «Нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі. 1941 — 1944 гады». Канцлагеры … Прастрэлены партрэт Пушкіна, кайданкі вязня лагера, пасведчанне мінчаніна  1942 г., які працуе ў краме. Выходзіць, у адным месцы забівалі,  а у іншым ішлі па пакупкі. Зразумець, як гэта магчыма, цяжка. Але ведаць трэба. А вянчае ўсю архітэктоніку музея зала Перамогі. Залатымі літарамі на мармуровых плітах выкладзены імёны Герояў Савецкага Саюза, пералічаны воінскія фарміраванні, якія атрымалі ганаровыя званні за вызваленне Беларусі. У вітражах — буслы, сімвал Беларусі. Над купалам залы лунае Сцяг Перамогі. Як важна, каб усё гэта дзеці  ведалі і памяталі.

Наступны этап экскурсіі — Траецкае прадмесце — маляўнічы сярэднявечны квартал на беразе ракі Свіслач у самым цэнтры Мінска. Утульныя вулачкі, стылізаваныя домікі з чарапічнымі дахамі сталі адным з галоўных сімвалаў сталіцы.  Сёння  гэта частка гістарычнай рэканструкцыі Мінска. Вядома ж, пабывалі  вучні і на Востраве слёз. Яго другая назва — Востраў мужнасці і смутку. Гэты мемарыял з’яўляецца данінай памяці беларускім воінам-інтэрнацыяналістам, якія ўдзельнічалі ў афганскай вайне   1979-1989 гадоў. Таму як тут не спыніцца, не ўшанаваць хвілінай маўчання воінаў-аўганцаў.

Ходзячы па вуліцах горада,  падлеткі яшчэ раз пераканаліся, што горад з кожным годам становіцца больш прыгожым. Праспект Перамогі, Палац Ураду, праспект Незалежнасці, БДУ, педагагічны  універсітэт імя М. Танка, касцёл  Святых Сімеона і Алены… Такія знаёмыя беларусам назвы – вось яны, перад вачыма. А яшчэ вучні ўбачылі, як гараджане і госці сталіцы актыўна карыстаюцца метро. Гэта найбольш бяспечны, экалагічны  ў  любое надвор’е від транспарту. Скарысталіся метро і дзеці, бо прыйшлося пабываць у розных частках горада. Усе  па вартасці ацанілі гэты від транспарту.Сапраўды, дзень атрымаўся вельмі насычаным і цікавым. Час прайшоў непрыметна, а Мінск яшчэ гатовы і гатовы здзіўляць сваімі славутасцямі. Таму  вучні не развітваліся, а казалі: «Да новых сустрэч, сталіца!»

Тэрэза Кароль, класны кіраўнік 9 класа сярэдняй школы аг. Пагранічны



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *