“Бульба-МЭБ”, ці Свята бульбы па-малабераставіцку

Культура Сельское хозяйство

 Бульба-фэсты праводзяцца ў многіх рэгіёнах нашай краіны ў знак прызнання бульбы нацыянальным прадуктам, які стаў – не пабаімся гэтага слова – адным з сімвалаў беларускага менталітэту. Назва «бульбашы» ўстойліва замацавалася за беларусамі, якія любяць бульбу і шырока выкарыстоўваюць яго ў сваім штодзённым меню. Правесці свята, прысвечанае беларускай бульбе, у аграгарадку Малая Бераставіца, як кажуць, сам Бог загадаў. Бо мясцовае сельгаспрадпрыемства славіцца сваімі элітнымі гатункамі бульбы, насенне для якіх амаль трыццаць гадоў вырошчваецца ва ўласнай мікракланальнай лабараторыі. Таму свята «Бульба-МЭБ», якое адбылося ў суботу, 25 жніўня, стала гэтакай своеасаблівай одай бульбе і, вядома ж, людзям працы, якія штодзённа прыкладаюць намаганні для росквіту сваёй малой радзімы.

Свята сустрэла помнікам бульбе, які прыцягваў увагу яшчэ здалёк і адразу ж стаў галоўнай фотазонай для сэлфі. Побач – выстава-продаж элітных гатункаў бульбы, якія вырошчваюцца ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”, і імправізаваная лабараторыя, дзе можна было пазнаёміцца з працэсам іх размнажэння. У сваю чаргу, бібліятэчная выстава “Усё пра бульбу” знаёміла з кнігамі і часопісамі аб гэтым папулярным караняплодзе ад энцыклапедычных звестак пра яго і ўпамінання ў прозе і паэзіі да каштоўных парад па прыгатаванні і вырошчванні на прысядзібных і дачных участках. Тут жа можна было набыць рэкламную прадукцыю свята і сельгаспрадпрыемства. 

Мясцовая ўмеліца Ірына Даўгучыц ізноў прыемна здзівіла сваімі вырабамі, выстава якіх была наладжана на свяце. Вышываныя карціны, вязаныя прадметы адзення, цацкі, лялькі, дэкаратыўныя абярэгі, прыгожыя заколкі для валасоў і іншыя мілыя дробязі  выклікалі жывы інтарэс у жыхароў аграгарадка і гасцей фэсту.

Урачыстае адкрыццё свята распачалося з тэатралізаванай замалёўкі “Бульбяная гісторыя”, падчас якой яе ўдзельнікі разам з вядучымі ўзгадалі шлях гэтага загадкавага караняплоду на наш стол, паспаборнічалі з гледачамі ў веданні гатункаў бульбы і страў, якія можна прыгатаваць з яе. Дарэчы, адбылося  і частаванне ўсіх прысутных, у тым ліку ганаровых гасцей свята, бульбянымі прысмакамі. А на свята “Бульба-МЭБ” завіталі начальнік абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Васілій Грытчанка, які ў свой час  працаваў у “Малабераставіцкім элітгасе” галоўным аграномам і намеснікам старшыні па раслінаводству, першы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама-начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Курыла, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун, старшыня райкама  прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон, выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віталій Ляховіч і  жонка  былога старшыні гаспадаркі Анатолія Коханава, доўгі час інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі ў гаспадарцы Ніна Фёдараўна.

Як жа на свяце без ушаноўвання працаўнікоў? На бульба-фэсце яны – галоўныя героі. Ганаровыя граматы, сертыфікаты лепшым па прафесіі, прозвішчы якіх занесены на Дошку гонару КСУП “Малабераставіцкі элітгас”, граматы перадавікам жніва, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі – усе гэтыя ўзнагароды таксама былі ўручаны падчас “Бульба-МЭБ”.

Працоўная сямейная дынастыя – гэта гонар любой вытворчасці, любой галіны, таму што ўслед за бацькамі на прадпрыемства прыходзяць дзеці, пакаленні змяняюць адно другое на працоўным пасту. У КСУП “Малабераставіцкі элітгас” таксама ёсць сямейная пераемнасць пакаленняў. Такая, напрыклад, якую на працягу доўгіх гадоў дэманструюць сем’і Сунэлік і Міхальчык. Прадстаўнікам гэтых дынастый ад сельгаспрадпрыемства былі ўручаны каштоўныя падарункі.

Падарункамі былі адзначаны таксама Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна, настаўнік гісторыі, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага народнага музея “Вытокі” Малабераставіцкай СШ Тамара Эйсмант і выдатнікі вучобы 2018 года.

Падчас ўрачыстага адкрыцця свята да гасцей і ўдзельнікаў фэсту  з прывітальным словам звярнуліся дырэктар КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Уладзімір Белы, дарэчы, выпускнік мясцовай школы, першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Курыла, аграном-бульбавод Валянціна Сяледчык і кіраўнік музея “Вытокі” Тамара Эйсмант. Выступаючыя выказалі ўдзячнасць працаўнікам за іх важкі уклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці  і падкрэслілі, што жыхарам малабераставіцкай зямлі ёсць кім і чым ганарыцца.

Свята між тым працягвалася. Яшчэ шмат цікавага арганізатары прапанавалі яго гасцям. Была і выстава-дэгустацыя страў з бульбы. І гульнявая праграма “Малабераставіцкая рассыпуха”, праведзеная мясцовымі работнікамі культуры. Дэманстраваліся дзіцячыя вырабы з бульбы. Дзейнічала выстава-продаж вырабаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. І, канешне ж, працавалі гандлёвыя кропкі Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства, забаўляльныя атракцыёны і палаткі з цацкамі і прысмакамі для дзяцей.

Упрыгожаннем свята стала яго музычная афарбоўка. Народныя ансамблі “Стокроткі” і “Бераставіцкія музыкі”, удзельнікі аматарскай творчасці раёна падарылі вяскоўцам прыгожыя лірычныя песні. Святочны настрой задалі  музыканты і салісты-вакалісты эстраднага аркестра з Ліды, а таксама артысты поп-фолк гурта “Лялькі Карпарэйшн” з Мінска.

Завяршыўся “Бульба-МЭБ” святочнай дыскатэкай і прыгожым феерверкам.

«Бульба-МЭБ» стартаваў паспяхова і напэўна стане візітнай карткай Малой Бераставіцы.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *