Ёсць да чаго імкнуцца. Справаздачны сход адбыўся ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”

Лента новостей Сельское хозяйство

2017-ы быў годам супярэчлівым… Адразу акцэнтаваўшы ўвагу на такой акалічнасці, пачаў сваё выступленне на чарговым справаздачным сходзе, які адбыўся ў мінулую пятніцу, дырэктар КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Уладзімір Белы. Ацэньваючы праведзеную работу і абагульняючы атрыманыя вынікі ён адзначыў, што, нягледзячы на пэўныя эканамічныя цяжкасці, у цэлым для сельгаспрадпрыемства год быў дастаткова неблагім, але яшчэ адназначна ёсць да чаго імкнуцца.
Леташнія паказчыкі тэмпу росту валавай прадукцыі тут дасягнулі 109% пры плане ў 108,5%. Ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі прадпрыемства атрымала звыш 12070 тысяч рублёў, гэта плюс 15,5% у адносінах да 2016 года. Прыбытак ад жывёлагадоўчай галіны склаў 6040 тысяч рублёў, а ад раслінаводства – каля 5775 тысяч, пры гэтым удзельная вага прадукцыі абедзвюх галін у структуры таварнай прадукцыі прадпрыемства склала 59,6% і 35,3% адпаведна.
Як і раней, вялікая ўвага ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас” надаецца раслінаводству. Сёння гаспадарка займаецца вырошчваннем 22 гатункаў збожжавых культур, з якіх пяць – ячмень, два – авёс, тры – яравая пшаніца, па шэсць – азімай трыцікале і азімай пшаніцы, а таксама два элітных гатункі азімага рапсу і дзевяць гатункаў бульбы. Так як галоўнай задачай названай галіны з’яўляецца забеспячэнне буйной рагатай жывёлы добрай кармавой базай, то агранамічная служба сельгаспрадпрыемства з усёй адказнасцю падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў. Правядзенне севу ва ўстаноўленыя тэрміны і выкананне запланаванага агратэхнічнага комплексу работ па догляду за пасевамі ў выніку спрыяліі атрыманню нядрэннага ўраджаю. Доказ таму – лічбы ў справаздачах. Так, ураджайнасць зерня ў вазе пасля дапрацоўкі склала каля 50 цэнтнераў з гектара, гэта амаль на 10 цэнтнераў вышэй за паказчыкі 2016 года, цукровых буракоў – 430 цэнтнераў з гектара, бульбы – амаль 435. Пры гэтым за 2017 год было рэалізавана каля 860 тон эліты збожжавых, што перавысіла ажно ў два разы паказчыкі папярэдняга года, таксама 65 тон элітнага насення бульбы і 22 тоны рапсу. У выніку ўзровень рэнтабельнасці прадукцыі раслінаводства склаў звыш 30 працэнтаў.
Пацешыла ў мінулым годзе і жывёлагадоўля, а ў прыватнасці, малочная галіна, якая прадстаўлена малочнатаварнымі фермамі “Малая Бераставіца”, “Дзіневічы” і “Кулі”. Менавіта за кошт рэалізацыі малочнага прадукту, што там вырабляецца, сельгаспрадпрыемства атрымлівае асноўную частку сваёй выручкі.
Такім чынам, валавая вытворчасць малака летась у КСУП “Малабераставіцкі элітгас” склала звыш 9380 тон. Сярэдні надой на карову павялічыўся ажно на 42 кілаграмы – 7507 кілаграмаў. Вышэйшым гатункам было рэалізавана амаль 95 працэнтаў прадукцыі, а таварнасць малака склала 92 працэнты. У выніку выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі за 2017 год павялічылася больш чым на 11 працэнтаў і дасягнула амаль 7200 тысяч рублёў.
Напрыканцы свайго выступлення Уладзімір Альфонсавіч заўважыў, што ў сучасных умовах ужо не дастаткова проста павялічваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі, неабходна паляпшаць яе якасныя паказчыкі, іншымі словамі, рабіць канкурэнтаздольнай.
На ажыццяўленне гэтай мэты нацэлены кожны работнік сельгаспрадпрыемства. Сёння намаганнямі такіх працаўнікоў, як Юрый Гурскі, Аксана Войшэль, Уладзімір Кевейша, Віктар Буцько, Алег Садаўнічы, Марына Міхайлоўская, Галіна Стасюкевіч, Сяргей Анісеня, Валерый Летка, Іосіф Эйсмант ды многіх іншых і былі дасягнуты ўжо названыя вяршыні. У адрас усіх гэтых людзей гучалі толькі самыя прыемныя словы.
Да пажаданняў усім здароўя, шчасця і дабрабыту далучыўся і старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон. Ён жа, падзякаваўшы за сумленную працу і адказнае стаўленне да сваіх працоўных абавязкаў, уручыў Падзячныя лісты лепшым працаўнікам сельгаспрадпрыемства. Завяршылася мерапрыемства незабыўным выступленнем Лідскага эстраднага аркестра.

Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *