Класічная музыка гучала ў бераставіцкім касцёле

Культура

Цудоўны вечар камернай музыкі падарылі жыхарам Вялікай Бераставіцы вядомыя польскія выканаўцы віяланчэлістка  Анна Врубэль і піяністка Малгожата Марчык. 3 лістапада ў бераставіцкім касцёле Перамянення Пана адбыўся іх канцэрт, арганізаваны пры падтрымцы Генеральнага Консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне.

Кранаючая мелодыя  “Аve Maria” Франца Шуберта загучала яшчэ ў час святой Імшы, а пасля заканчэння службы ўсіх прысутных чакаў канцэрт твораў класічнай музыкі, напісаных вядомымі польскімі кампазітарамі.  Паланез “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага, паланэзы і накцюрны Станіслава Манюшкі, Кароля Скаржыньскага, ну і, вядома ж, усімі любімыя творы Фрэдэрыка Шапэна ў выкананні музыкантаў, якіх ведаюць не толькі   ў Польшчы, але і за яе межамі, не пакінулі раўнадушнымі нікога. Тым больш, што і акустыка ў храме спрыяла ўрачыстаму гучанню класічнай музыкі, і самі музыканты з поўнай аддачай дзяліліся сваім талентам з бераставічанамі.

Анна Врубэль нарадзілася ў Варшаве ў 1981 годзе ў сям’і музыкантаў. Разам са сваімі бацькамі Анджэем Врублем і Эльжбетай Піўкоўскай- Врубэль яна уваходзіць у склад сямейнага трыа віяланчэлістаў, канцэрты якога карыстаюцца шырокай папулярнасцю ў публікі. Як салістка, Анна Врубэль праводзіць таксама актыўную канцэртную дзейнасць, выступала ў многіх гарадах Польшчы, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і нават у Венесуэле. У 2012 годзе яна атрымала званне доктара музычных мастацтваў Варшаўскага музычнага ўніверсітэта імя Фрэдэрыка Шапэна, з 2014 года выкладае ў яго філіяле ў Беластоку.

Шмат выступае на тэрыторыі Польшчы і за яе межамі і піяністка Малгожата Марчык. Яна ўдзельніца шматлікіх музычных фестываляў, супрацоўнічае з многімі інструменталістамі і салістамі ў выкананні камернай музыкі XIX і  XX стагоддзяў. У рамках міжнароднага праекта для маладых музыкантаў з Усходняй Еўропы выступала ў Швецыі, Даніі, Эстоніі, Украіне, Ісландыі і Літве. Таксама выкладае ў Варшаўскім музычным універсітэце імя Фрэдэрыка Шапэна і   яго філіяле ў Беластоку.

Слухачы засталіся ў захапленні ад канцэрту і пасля выканання праграмы яшчэ  доўга не хацелі адпускаць музыкантаў. Як падарунак за цёплы прыём, Анна Врубэль і Малгожата Марчык  выканалі яшчэ некалькі вядомых мелодый з кінафільмаў, а таксама папулярных польскіх народных песень. Многія прысутныя, асабліва старэйшага ўзросту, расчулена  падпявалі словы вядомых песень. Канцэрт, які працягваўся  амаль дзве гадзіны, праляцеў у адно імгненне і пакінуў радасны і ўзнёслы настрой ва ўсіх яго слухачоў.

У рамках беларускага турнэ 4 і 5 лістапада польскія музыканты выступілі з канцэртамі таксама  ў Гродне і Іўе. 

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



1 комментарий по теме “Класічная музыка гучала ў бераставіцкім касцёле

  1. А когда то в этом костеле был свой орган. Не каждый костел может этим музыкальным инструментом похвалиться.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *