«Славянскі базар” уразіў Горадам майстроў і прэзентацыяй альбома мастака Юрыя Пэна

Лента новостей

СБ 16XXV юбілейны фестываль «Славянскі базар» у Віцебску завяршыўся. Аднак усе, хто наведаў яго разнастайныя творчыя пляцоўкі, яшчэ доўга будуць успамінаць самыя яркія старонкі гэтага маштабнага свята мастацтва. Настаўнік мастацкага аддзялення Бераставіцкай ДШМ Андрэй Втарушын амаль кожны год наведвае «Славянскі базар», бо Віцебшчына – яго радзіма. А прыцягвае Андрэя Францавіча фестываль разнастайнымі мастацкімі выставамі, прэзентацыямі навінак выдавецкай дзейнасці па мастацтвазнаўстве, за якімі настаўнік уважліва сочыць і імкнецца набыць для выкарыстання ў сваёй прафесійнай і творчай дзейнасці. Сёння ён дзеліцца ўражаннямі ад сваёй паездкі на «Славянскі базар-2016».

– Безумоўна, галоўным дзействам на фестывалі лічыцца конкурс маладых выканаўцаў і канцэрты зорак расійскай і беларускай эстрады. Але на мой погляд самае цікавае ў фестывалі – гэта нават не канцэрты, а тая атмасфера, якая пануе ў Віцебску ў гэтыя дні і ў якую мне пашчасціла акунуцца.
СБ 2 СБ 21Праграма фестывалю ўключала не толькі музычныя мерапрыемствы, але і выставы-кірмашы мастакоў і майстроў розных напрамкаў дзейнасці. З раніцы да позняга вечара працаваў Горад майстроў, дзе былі шырока прадстаўлены разнастайныя рамесныя і дэкаратыўна-прыкладныя вырабы.
Мяне зацікавіў і, прызнаюся, вельмі парадаваў гродзенскі падворак, дзе дэманстраваліся сапраўдныя шэдэўры рамеснага майстэрства. Каб паказаць багатую культуру вобласці, аргані­затары засяродзілі ўвагу на тых элементах і аб’ектах нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, якія занесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Жыхары і госці горада змаглі пазнаёміцца ​​з унікальнай навагрудскай выцінанкай-выбіванкай, з вырабамі падвойнага ткацтва майстрых Гудзевічаў Мастоўскага раёна і простага двухніткавага ткацтва, распаўсюджанага ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна.
На гродзенскім падворку прэзентаваліся брэндавыя культурныя мерапрыемствы, якія праходзяць у розных раёнах вобласці: воранаўскі «Карнавал весялосці», зэльвенскі «Аненскі кірмаш”, астравецкія “Скарбы Гродзеншчыны”, Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.
Цікавымі і разнастайнымі былі выставы майстроў-рамеснікаў і з іншых абласцей краіны. А ў якасці сувеніра, звязанага з нашай Бераставіччынай, я набыў у выраб з бяросты.
Прыемна было сустрэць на фэсце нашу паэтку з Маса­лян Галіну Румак. Галіна Уладзі­міраўна чытала свае вершы на адной з творчых пляцовак горада.
Аднак найбольш мяне як мастака, “Славянскі базар” уразіў прэзентацыяй альбома “Ю.М. Пэн” (Мінск. 2016), якая адбылася ў мастацкім музеі Віцебска 12 ліпеня. Гэта ўжо другі і самы поўны каталог твораў беларускага мастака Юрыя Маісеевіча Пэна, якія захоўваюцца ў Музейным фондзе Беларусі. У кнізе прадстаўлены 223 творы Пэна. Значная частка карцін належыць Віцебску, каля 40 твораў захоўваюцца ў Мінску.
Заслужаны яўрэйскі мастак Ю.М. Пэн (1854-1937) увайшоў у беларускае мастацтва як выдатны партрэтыст, майстар жанравай карціны, педагог і заснавальнік першай мастацкай школы на Беларусі. Яго вучнямі былі знакамітыя мастакі М. Шагал, Я. Мінін, Л. Лейтман, скульптары З.Азгур, Д. Якерсан і іншыя.
Прэзентацыя альбома адбылася падчас адкрыцця выставы твораў Ю.М. Пэна пад назвай “Люблю партрэтнасць Віцебска”, дзе экспанаваліся партрэты гараджан, у тым ліку жанчын, людзей працы, жанравыя карціны аўтара і г.д.
Юрый Пэн вельмі чулліва адносіўся да яўрэйскай беднаты, бясплатна вучыў яўрэйскіх дзяцей у сваёй Школе малюнку і жывапісу. Дзеці таксама становяцца галоўнымі героямі яго тэматычных карцін.
Асобнай тэмай у творчасці Юрыя Пэна з’яўляецца аўтапартрэт. Да нашага часу захавалася 10 партрэтаў мастака, які маляваў сябе ў розныя перыяды жыцця. Апошні аўтапартрэт Пэна стаў алегарычным. Мастак намаляваў сябе з музай і смерцю. Так майстар адзначыў сваю васьмідзясятую гадавіну нараджэння. Партрэт напоўнены зямнымі радасцямі і душэўнымі пачуццямі Пэна. Любоў да натуры, акадэмічная вучоба прадстаўлены ў вобразе статуі Венеры, партрэты любімых кампазітараў Бетховена і Шапэна ўпрыгожваюць сцены майстэрні. Позіркі кампазітараў і Венеры накіраваны ў правы бок карціны, дзе намаляваны жаночы партрэт. Тайну гэтай асобы адкрыў у сваіх успамінах беларускі графік Яфім Мінін (1876-1937). Пэн расказаў вучню сваю гісторыю кахання да губернатарскай дачкі. У жыцці Пэна гэта была адзіная жанчына, якой мастак прысвяціў 12 карцін і малюнкаў на працягу васьмі гадоў. Лепшым творам мастака быў партрэт “Незабудка”. Гэты развітальны вобраз каханай жанчыны, якая пакінула Віцебск пасля 1905 года, мастак зберагаў у сваёй майстэрні. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Незабудка вярнулася ў Віцебск і прапанавала Пэну прадаць ёй гэты партрэт. Але мастак адмовіўся…Спроба ўкрасці карціну праз некалькі гадоў скончылася забойствам мастака. Тут трэба прызнаць, што прыгажосць – гэта страшная сіла, і мастак параўноўвае яе з вобразам шкілета. Апошні аўтапартрэт Пэна ўпрыгожыў вокладку альбома, у якім сабрана ўся мастацкая спадчына жывапісца і педагога з Віцебска. Але больш інфармацыі ўтрымліваюць карціны мастака, дзе перад вачыма гледачоў ажывае партрэтнасць Віцебска і зніклая спадчына Юрыя Пэна.
Падрыхтавала  Святлана Ганчарова,
фота Андрэя Втарушына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *