Варта стаць афіцэрам

Лента новостей Образование

Кожны год для маладых людзей, што вучацца ў 11 класе, надыходзіць час, калі трэба канчаткова вызначыцца з далейшай прафесійнай адукацыяй. Практычна з лістапада і па сённяшні час супрацоўнікі адасобленай групы Бераставіцкага раёна ваеннага камісарыята Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў наведвалі навучальныя ўстановы раёна з мэтаю дапамагчы выпускнікам даведацца больш пра вышэйшыя навучальныя ўстановы, пасля заканчэння якіх можна стаць афіцэрам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У лістападзе 2020 года наведалі Вялікабераставіцкую сярэднюю школу прадстаўнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і начальнік адасобленнай групы. Прадстаўнік акадэміі расказаў вучням дзесятых і адзінадцатых класаў, у якіх умовах вучацца курсанты Ваеннай акадэміі, якая матэрыяльна-тэхнічная база на ўсіх сямі факультэтах, куды могуць паступаць выпускнікі школ. Далей гутарка ішла аб тым, што ўсе, хто хоча паспрабаваць сябе ў ваеннай справе, павінны звярнуцца да першага красавіка ў адасобленную групу, але лепш гэта зрабіць заранёў – у лютым.

Наступныя сустрэчы прайшлі ў снежні і студзені. Яшчэ адна размова начальніка адасобленнай групы адбылася з вучнямі сярэдняй школы аг. Пагранічны 9 лютага. Дарэчы, з трох хлопцаў выпускнога класа адзін, Максім Шыдлоўскі, ужо звярнуўся ў ваенкамат і праходзіць медыцынскую камісію для паступлення ў ваенную вышэйшую навучальную ўстанову. Гутарка была змястоўнай: пасля таго, як было расказана, што трэба звяртацца ў адасобленую групу да ўстаноўленага часу і растлумачаны сам працэс праходжання медыцынскай камісіі, тэсціравання на прафесійную прыгоднасць, перайшлі да фармату “пытанне-адказ”. Акцэнт на сустрэчы быў зроблены на паступленне ў грамадзянскія ВНУ, дзе ёсць ваенныя факультэты, а гэта: Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Калі Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь рыхтуе, у асноўным, вузкіх спецыялістаў для ўзброеных сіл, то на ваенных факультэтах вышэйназваных ВНУ рыхтуюць афіцэраў-спецыялістаў з грамадзянскімі спецыяльнасцямі. Калі адзін з вучняў сказаў, што ўжо вызначыўся са спецыяльнасцю — інжынер-будаўнік, яму адразу была прапанавана спецыяльнасць ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ – спецыяліст прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. Таксама ён даведаўся, што ўвесь час навучання ён будзе атрымліваць стыпендыю больш за 300 рублёў і кожнае лета — матэрыяльную дапамогу, што яму і яго бацькам не трэба будзе шукаць кватэру, бо не кожнаму першакурсніку даюць пакой у інтэрнаце, а тут курсанты з першага да апошняга курса забяспечваюцца жыллём і шматразовым бясплатным харчаваннем і абмундзіраваннем. Пасля заканчэння ваеннага факультэта з “грамадзянскаю” спецыяльнасцю, выйшаўшы на пенсію ў 48 гадоў, можна працягваць працаваць па спецыяльнасці і атрымліваць пенсію разам з зарплатаю.

Увогуле беларускія ваенныя навучальныя ўстановы прапануюць шмат спецыяльнасцяў рознага напрамку і профілю. Гэта і медыцынскія спецыялісты, спецыялісты па транспарту, гуманітарнага профілю, хімікі і біёлагі, спецыялісты сувязі і геаінфармацыйных сістэм, метралагічнага і тылавога забяспячэння, фізічнай падрыхтоўкі, інжэнеры будаўнікі, аўтамабілісты, фінансісты і спецыялісты ў галіне авіяцыі.

Напрыканцы скажу, што ўсю інфармацыю можна атрымаць у спецыялістаў адасобленнай группы асабіста або па тэлефонах 43-6-80, 43-6-72, 43-6-75 або знайсці на сайце Бераставіцкага райвыканкама, у закладцы “ваенкамат”, ці сайтах тых ВНУ, куды плануеце паступаць.

Віталь Ігнатовіч, начальнік адасобленай групы Бераставіцкага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *