Аграфірме “Стары Дворац” – 70 гадоў

Лента новостей

IMG_3173 1На мінулым тыдні, 14 мая, аграфірма “Стары Дворац” адзначыла свой 70-гадовы юбілей. Павіншаваць юбіляраў прыехалі генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Уладзімір Шатэрнік, дырэктары філіялаў РУП “Гроднаэнерга”, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Дзмітрый Кадргулаў, дырэктар СВП “АграМір” Ніна Лазавіцкая і іншыя.
Слаўная гісторыя аграфірмы пачалася ў далёкім 1945 го-дзе, калі ў вёсцы Стары Дворац на Бераставіччыне быў арганізаваны калгас “Перамога”. Назва гаспадаркі была глыбока сімвалічнай, увасабляла ў сабе перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне і натхняла на далейшыя працоўныя подзвігі. Першым старшынёй калгаса быў выбраны Антон Домшаль. Калгаснікаў тады было ўсяго толькі 15 чалавек, а на ферме было некалькі кароў. Але справы ў калектыўнай гаспадарцы ішлі добра, яна нават аказвала дапамогу суседнім. Затым калгасы ўзбуйніліся, і ў 1953 годзе ў “Перамозе” працавала ўжо больш за тысячу чалавек. У калгасе ўтрымлівалася 235 коней, 157 кароў, свінні, куры, былі пчолы. Тэхніка выкарыстоўвалася прымітыўная, цяжкая ручная праца паўсюдна суправаджала вытворчы працэс. Тэхнікай дапамагала МТС, а прыезджых трактарыстаў па чарзе кармілі самі калгаснікі. Умацоўвалі дабрабыт гаспадаркі першы заслужаны калгаснік Браніслаў Борыс, брыгадзір Іван Тоўкач, адна з першых даярак Галіна Дарошка, са свінарак – Аляксандра Лукашык, “магазіншчык” Іосіф IMG_3135 1Шаціла і іншыя. У 1968 – 1972 гадах калгасам кіраваў вучоны аграном Мікалай Папкоў. Пры ім былі пабудаваны калгасная кантора з Домам культуры, жылыя дамы. Новай вуліцы далі назву Мала-дзёжная. Стала з’яўляцца тэхніка, а ў вольную гадзіну працаўнікі прымалі ўдзел у рэпетыцыях і выступленнях харавога калектыву, які неўзабаве стаў налічваць аж 60 чалавек на чале з кіраўніцтвам.
Пра поспехі ў гэтым калгасе сталі ведаць далёка за межамі Бераставіччыны. Залатым медалём ВДНГ была ўзнагароджана свінарка Леанарда Вырва, яшчэ 3 чалавекі атрымалі срэбныя і бронзавыя медалі.
У 1987 годзе з прыходам на кіраўнічую пасаду Аляксандра Маханько ў гаспадарцы з’явіліся падсобныя промыслы, было нават адкрыта сумеснае беларуска-літоўскае прадпрыемства “БелЛіт” па перапрацоўцы драўніны. Быў адкрыты дзіцячы сад на 45 месцаў, каб людзі маглі спакойна працаваць, IMG_3178 1ведаючы, што іх дзеці дагледжаны. А калгасны хор неаднаразова пацвярджаў сваё званне “народнага”, выступаючы не толькі на Бераставіччыне, але і ў вобласці.
У 2003 годзе калгас “Перамога” быў пераўтвораны ў СВК “Стары Дворац”, а ў 2005 годзе гаспадарку далучылі да РУП “Гроднаэнерга”. Так пасля няпростага часу, звязанага з нестабільнасцю эканомікі, у аграфірме “Стары Дворац” адкрылася “другое дыханне”.
— Усё было зроблена правільна, — адзначыў генеральны дырэктар РУП “Гроднаэнерга” Уладзімір Шатэрнік у сваім выступленні перад калектывам з нагоды юбілею. – Такая значная мадэрнізацыя вытворчасці была праведзена з мэтай атрымліваць добрую аддачу, павышаць узровень жыцця людзей.

У 2008 годзе ўведзены ў эксплуатацыю высокаэфектыўны зернеачышчальна-сушыльны комплекс “Петкус”. У 2012 годзе праведзена мадэрнізацыя малочнай галіны, вока радуе новы малочнатаварны комплекс, дзе асаблівая ўвага надаецца павышэнню якасці сыравіны і нарошчванню яе выпуску. У 2014 годзе адноўлена майстэрня, там выдатнае абсталяванне і створаны камфортныя ўмовы працы для людзей.
IMG_3186 1У 2014 годзе аграфірма вітала гасцей з аграфірм рэспублікі, тут праводзіліся “Дажынкі”. Ганаровае права правесці такое мерапрыемства калектыў заваяваў, дзякуючы сваім высокім паказчыкам.
Шмат цёплых слоў у час мерапрыемства прагучала ў адрас ветэранаў працы, дынастый.
Працаўнікі аграфірмы ідуць ў нагу з часам. Іх уклад у агульную справу дастойна адзначаны. Ганаровымі граматамі РУП “Гроднаэнерга” ўзнагароджаны дырэктар аграфірмы “Стары Дворац” Віктар Байрак, галоўны ветурач Ян Ткачук, аператар машыннага даення Аліна Рыгосік. Падзякі РУП “Гроднаэнерга” ўручылі галоўнаму бухгалтару Алене Чарняк, механізатарам Дзянісу Саўчанку і Андрэю Затаўцы. Ганаровай граматай Бераставіцкага райвыканкама ўшанавалі механізатара Валерыя Савенку, Граматай – аператара машыннага даення Людмілу Ясько, Падзякай – учотчыка ўчастка Наталлю Данілевіч. Падзякі аграфірмы атрымалі бухгалтар Алена Савенка, інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Генадзь Лігер, прыгатавальнік кармоў Марына Гудач і жывёлавод Вячаслаў Бойка.
Свята пакінула незабыўныя ўражанні. Цікавы экскурс у гісторыю, змястоўная інфармацыя пра сучаснае вядзенне аграрнай вытворчасці, цёплыя словы, віншаванні, музычныя падарункі стварылі прыемную святочную атмасферу. Няхай спадарожнічаюць вам моцнае здароўе, новыя поспехі, удача, добры настрой, шаноўныя землякі!
На здымках: у час святочнага мерапрыемства
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *