Званы старога бераставіцкага касцёла

Актуально Из истории земли Берестовицкой Культура

00У кастрычніцкім выпуску “Нашага мінулага” за 2014 год гаворка ішла пра архі­тэктурныя асаблівасці ста­рога бераставіцкага кас­цё­ла. Сёння мы працягваем гэту тэму.
Кранаючы тэму архітэк­туры старога касцёла ў Вялікай Бераставіцы, і, у прыватнасці, вежаў-званіцаў, якія некалі ўпры­гож­валі кампа­зіцыю гэтага ве­ліч­­нага храма, лічу неабходным спыніцца пад­рабяз­ней на харак­та­рыстыках самых званоў.
Нагадаю чыта­чам, што касцёл Звес­та­вання Пан­ны Марыі ў Бераставіцы да перабудовы яго ў праваслаўную царкву ў 1865-67гг.меў на фа­садзе дзве бакавыя вежы, у сярэдзіне якіх былі падвешаныя літыя званы. У тыя далёкія часы яны выконвалі надзвычай важную функцыю. Іх меладычны гук перыядычна напаўняў мястэчка падчас набажэнстваў, святаў, пахаванняў, нейкіх іншых важных падзей і здарэнняў.
Згодна з “Хронікай пара­фіяльнага Касцёла ў мястэчку Вялікая Бераставіца”, складзенай мясцовым про­башчам Янам Геркуланам у 1849 годзе, храм меў тры званы розных памераў і сігнатурку (маленькі звон).
Першы звон, самы вялікі, разам з “сэрцам”, важыў 34 пуды і 16 фунтаў. На яго корпусе быў тэкст на лацінскай мове: “ Anno Domini 1661 sumptu primo JU MD Joannis Casimiri et Sophiae Pacowna Chodkiewiczow – Secundo Sumptu MD Martini Winski Praepositi Brzostowicae 445eb59f5277Magnae Anno D-ni 1818. Andreas Wlodkowski fecit in Rozana-“. Загадкавы на першы погляд надпіс падказвае, што звон спачатку быў адліты у 1661 годзе за кошт уладальнікаў мястэчка яснавельможных Яна Казіміра і Соф’і (з Пацаў) Хадкевічаў. Паўторна адліты (пераплаўлены) у 1818 го­дзе намаганнямі Марціна Віньскага, пробашча з Вялікай Бераставіцы. Далей ідзе імя і прозвішча майстра (канвісара), выканаўшага работу – Анджэй Владкоўскі ў Ружанах. Чаму звон быў пераліты нанова? Прычын магло быць некалькі. Па-першае, корпус мог мець нейкія механічныя пашкоджанні, атрыманыя, напрыклад, падчас ваенных дзеянняў ці пажару і г. д. Па-другое, з цягам часу метал, з якога адліты звон, губляе ўласцівыя яму якасці, становіцца больш “глухім” і патрабуе пераплаўкі.
Другі звон, агульнай вагой у 4 пуды, меў надпісы на лацінскай і польскай мовах наступнага зместу: “Sumptu JU MD Martini Winski Praepositi Ecclesiae Brzostowicensis Anno Domini 1832. Odlal Wincenty Wlodkowski w Rozanie”. З тэксту выцякае, што звон выкананы ў 1832 годзе на заказ яснавельможнага Марціна Віньскага, пробашча вялікабераставіцкага касцё­ла майстрам Вінцэнтам Влад­коўскім у Ружанах. Трэ­ба адзначыць, што адлілі яго ў наступны год пасля падаўлення царскімі ўладамі лістападаўскага паўстання 1830-31 гг. у Польшчы і Літве. Не выключана, што бераставіцкі ксёндз спачуваў паўстанцам і патаемна мог асвяціць новы звон у гонар гэта паўстання. Такія выпадкі ўжо мелі месца ў іншых касцёлах.
Варта звярнуць увагу ў першым і другім выпадку на прозвішча майстроў – Анджэя і Вінцэнта Владкоўскіх з Ружан (сёння Брэсцкая вобласць). Заснаваны мяшчанамі Владкоўскімі цэх па адліву званоў атрымаў найбольшую славу менавіта ў першай палове 19 ст. Гэта справа была перш за ўсё спадчынным рамяством – пераходзіла ад бацькі да сына. У папулярнай майстэрні Владкоўскіх былі выкананы заказы для многіх як каталіцкіх, так і праваслаўных храмаў Беласточчыны, Гарадзеншчыны, Наваград­чыны, Віленшчыны і, нават, Ковеншчыны. Многія званы, створаныя Владкоўскімі, захаваліся да нашых дзён. Часамі на адлітым звоне майстры побач са сваім імем і прозвішчам дадавалі яшчэ слова “ліцьвін” (“ліцьвіны”), падкрэсліваючы такім чынам сваё паходжанне.
Трэці касцельны звон з “сэрцам” важыў 7 пудоў і быў з іх самым старым. Вось што там было напісана: “Joannes Brustelme fecit ad laudem Ss.Trinitatis et honorem B.V. Mariae – Fusa. Vilnae. 1640”. У перакладзе гэта гучыць так: “Ян Брустэльм адліў на хвалу Святой Тройцы і ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі – Бронза. Вільня.1640”. Застаецца гадаць, кім быў гэты Ян Брустэльм – фундатарам ці майстрам-канвісарам? Якім чынам звон, адліты ў 1640 годзе ў Вільні, трапіў у Бераставіцу?
Была яшчэ ў старым бера­ста­­віцкім касцёле сігнатурка – маленькі звон. Вага яго складала ўсяго 16 фунтаў. Знаходзіўся ён у невялікай вежы на даху будынка, якая таксама называлася сігнатуркай. Надпіс “Аnno Domini 1821” падказвае, што адліта сігнатурка была ў 1821 годзе. Праўдападобна, пры ўсё тым жа пробашчы Марціне Віньскім.
У згаданай вышэй “Хроніцы” за 1849 год адзначаецца, што са слоў пара­фіян, званы былі асвечаныя ксяндзом Марцінам Віньскім, хаця пісьмовага пацвярджэння гэтаму няма. Цікава, што падчас асвячэння кожны звон атрымліваў сваё асабістае імя. Напрыклад, у бераставіцкім касцёле самы вялікі з іх па памерах мог быць ахрышчаны імем “Ян Казімір” у гонар фундатара Яна Казіміра Хадкевіча, альбо проста звацца “Вялікім”.
Не ўказваецца ў касцель­ным дакуменце і матэрыял, з якога былі адліты званы (акрамя трэцяга). Але не сакрэт, што ва ўсе часы яны вы­плаўляліся з бронзы, медзі альбо латуні. У гэтай справе якасць металу ўлічвалася ў першую чаргу. Існавала нават старажытная традыцыя, калі майстар укідваў у плавільную печ залатое кальцо, нібыта дзеля таго, каб гук будучага звана быў больш цвёрдым і тонкім.
Пасля таго, як разабралі кас­цельныя вежы, прыста­саваўшы будынак пад царкву, званы размясцілі ў сярэдзіне храма пры вокнах на Рынак. Пры галоўным (парад­ным) ува­ходзе ў храм спра­ва і злева заха­валіся вінтавыя лесвічныя шахты. Вузкія цагляныя ступенькі вядуць на балкон (гзымс альбо хор). Далей угару ішлі драўляныя лесвіцы. Менавіта пры вокнах там і былі абсталяваны пляцоўкі для званоў. Гэтыя вокны сёння добра відаць на фасадзе будынка. Бераставіцкія старажылы расказвалі, што да вайны (пры паляках) касцёл меў толькі адзін звон. Знаходзіўся ён у левым акне, якое ўвесь час было адкрытым да плошчы.
Далейшы лёс званоў невя­домы. Яго маглі вырашыць шматлікія фактары, такія, напрыклад, як першая сусветная вайна і звязаная з ёй эвакуацыя на Усход. Трэба адзначыць і тое, што ў ваеннае ліхалецце касцельныя і царкоўныя званы часта падвяргаліся рэквізіцыі на карысць арміі.

Сяргей Лушчык, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *