Сад СВП “АграМір” любіць клапатлівыя рукі

Лента новостей

IMG_0049Адышлі ў нябыт тыя часы, калі ў калгасах былі неперспектыўныя сады з нізкім патэнцыялам. Зараз на дапамогу вытворцам прыйшла навука. Акцэнт пастаўлены на тое, каб з дапамогай вучоных зрабіць садаводства прыбытковай галіной. Адаптаваныя да нашых кліматычных умоў гатункі могуць даваць шчодры ўраджай. Інтэнсіўнае развіццё пладаводства вельмі важнае для таго, каб знізіць увоз замежнай прадукцыі, а значыць, захаваць у краіне валюту. Дарэчы, зараз у айчынных вытворцаў з’явіліся новыя магчымасці – Расійская Федэрацыя ахвотна купляе беларускія яблыкі.
Сад СВП “АграМір” ужо з’яўляецца сапраўдным гонарам гаспадаркі. На апошнім кірмашы ў райцэнтры людзі дзівіліся на цудоўныя яблыкі, вырашчаныя ў нашай мясцовасці. Вядома, толькі дагле­джаны з любоўю сад можа даваць такія “райскія” яблыкі.
На гэтым тыдні надвор’е вельмі спрыяла догляду пладовых дрэўцаў. Быццам зноў вярнулася “бабіна лета”, сонейка клапатліва сагравала зямлю. Па сучасных тэхналогіях і з дапамогай спецыяльнай эфектыўнай тэхнікі механізатар Валерый Бучылка (на здымку) апырскваў маладыя яблынькі перад іх доўгім зімовым сном. Апрацоўваў механізатар па 10 гектараў за дзень.
— Калі авалодваеш электронікай, а яна зараз усюды, працаваць на сучасных агрэгатах значна лягчэй, — гаворыць трактарыст.
Такая работа чалавеку ў радасць, таму што ўжо вясной можна будзе пабачыць плён сваіх рук. Калі сад зацвітае, ад бела – ружовага покрыва вачэй не адвесці, у яго сапраўды казачны выгляд. Валерый задаволены, што працуе ў СВП “АграМір”. У апошнія гады тут зроблены значныя крокі наперад, умацоўваецца эканоміка, растуць заробкі людзей. Гэта вельмі дарэчы працавітаму механізатару, у яго вялікая сям’я. У чалавека чацвёра дзяцей, і “вывесці ў людзі”, даць кожнаму адукацыю зараз няпроста. Але як прыемна, калі юнакі і дзяўчаты імкнуцца да самастойнага жыцця, радуюць бацькоў сваім стараннем. Валерый Бучылка праяўляе сябе з самага лепшага боку не толькі ў садзе, ён замяняе і іншых механізатараў на другіх відах работ у гаспадарцы. Усё, што даручаць, выконвае якасна, таму ад дырэктара СВП “АграМір” Ніны Лазавіцкай мне давялося пачуць пра яго самыя шчырыя словы павагі і ўдзячнасці.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *