Чароўны папяровы свет Алены Лямінай

Лента новостей Человек и его дело

IMG_3342Трапіць у незвычайны свет вырабаў з паперы ёсць магчымасць у наведвальнікаў гуртка “Папяровы свет”, які працуе ў Паплаўскім яслях-садзе-базавай школе. Кіруе ім настаўніца пачатковых класаў Алена Ляміна, якая і дапамагае дзецям развіваць мастацка-вобразнае мысленне і рэалізоўваць яго на практыцы ў цудоўных вырабах.

Гурток адкрыўся ў Пап­лаў­скай школе нядаўна: працуе толькі другі год, але ўжо стаў адным з найбольш любімых і папулярных аб’яднанняў па інтарэсах у гэтай установе адукацыі. Яго наведваюць не толькі вучні пачатковых класаў, менавіта на якіх ён і разлічаны, але і пяцікласнікі, якія настолькі заха­піліся паперапластыкай у мінулым годзе, што працягваюць займацца любімай справай і далей.
Безумоўна, вя­­лі­кая заслуга ў гэтым Алены Аляк­сандраўны, якая ўмее заціка­віць школь­нікаў сваім захапленнем.
Настаўніца пачатковых класаў мае і дадатковую спецыяльнасць – “кіраўнік студыі дэкаратыўна-пры­кладнога мастацтва”, якую атрымала яшчэ ў час навучання ў педагагічным кале­джы. І для яе гэта не проста дадатковая спецыяльнасць, а магчымасць рэалізаваць сябе ў творчасці, акунуцца ў свет прыгожага. Раней Алена Аляксандраўна займалася інкрустацыяй саломкай, а ў апошні час зацікавілася вырабамі з паперы. Яна адзначае, што папера надзвычай выразны і пластычны матэрыял, з якога можна стварыць незвычайны “папяровы свет”. Да таго ж яна адносна танная і даступная для ўсіх. Сярод тэхнік, у якіх ствараюцца папяровыя вырабы ў гуртку Алены Лямінай, – аплікацыя, паперапласты­ка, выцінанка, квілінг, арыгамі, кусудамы і іншыя. Ідэі для новых вырабаў Алена Аляксандраўна і яе выхаванцы шукаюць у інтэрнеце і спецыялізаваных часопісах. Прычым, вельмі часта дзеці самі прыходзяць з прапановамі зрабіць тую ці іншую рэч ці паспрабаваць новую тэхніку.
За час існавання гуртка ўжо было створана шмат прыгожых і незвычайных вырабаў з паперы. Выхаванцы гуртка пастаянна прымаюць удзел ва ўсіх раённых выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і, дарэчы, даволі ўдала. Да прыкладу, у раённым конкурсе “Калядная зорка” ў 2012 годзе выцінанкі выхаванцаў гуртка “Папяровы свет” занялі 1 і 3 месцы, а ў 2013 годзе тапіярый, выкананы ў тэхніцы паперапластыкі, таксама стаў пераможцам у сваёй намінацыі. А папяровая “Лялька Мары”, зробленая рукамі паплаўскіх школьніц, заняла першае месца ў абласным конкурсе “Здравствуй, мир!” і ўдзельнічала ў рэспубліканскай выставе.
Удзельнікі гуртка, якім кіруе Алена Ляміна, арга­нізоўваюць выставы сваіх работ і ў роднай школе (на День маці і 8 Сакавіка), займаліся ўпрыгожваннем установы да навагодніх святаў.
Асоба творчая, Алена Аляксандраўна заўсёды мае шмат ідэй, часта нестандартных, пастаянна шукае нешта новае, чым зацікавіць сваіх выхаванцаў і разам з імі спасцігаць свет прыгожага, створанага сваімі рукамі.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара
На здымку: Алена Ля­міна з членамі гуртка Дашай Крыцкай і Аленай Пугачэўскай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *