Навучальны год пачаўся ў школах Бераставіччыны

Актуально Образование

Першы школьны званок у гэтым навучальным годзе прагучаў учора ва усіх школах Бераставіччыны. Традыцыйна першы дзень заняткаў распачаўся са школьных лінеек, на якіх галоўнымі “віноўнікамі ўрачыстасці”, вядома, былі самыя маленькія вучні, хто ўпершыню ў гэтым годзе сядзе за школьныя парты. Такіх у нашым раёне — амаль 190 хлопчыкаў і дзяўчынак.
У Малабераставіцкай сярэдняй школе ўпершыню парог школы пераступілі 17 першакласнікаў. І менавіта ім было ўдзелена падчас урачыстасці найбольш увагі. Будучыя выпускнікі, вучні 11 класа, уручылі кожнаму з першакласнікаў падарунак Прэзідэнта – кнігу “Беларусь – наша Радзіма” і падарункі ад свайго класа. А старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Бераставіцкага РАУС Віктар Котаў уручыў святлоадбівальныя элементы.
Дарэчы, Малабераставіцкую школу сёлета будуць наведваць 156 вучняў. Да працы прыступілі тут і два маладых спецыялісты: настаўніца інфарматыкі і матэ­матыкі і настаўніца біялогіі.
З новым навучальным годам хлопчыкаў і дзяўчынак павін­шавалі дырэктар школы Вікторыя Кісялеўская, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Кудлаш, намеснік старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас” па ідэалагічнай рабоце Таццяна Жэнгелевіч, старшыня Малабераставіцкага сельсавета Аляксей Грынюк і Віктар Котаў. Ад імя бацькоў павіншавала вучняў з пачаткам заняткаў Алена Марцуль.
Са словамі ў адказ выступілі перад сабраўшыміся і першакласнікі. А потым разам са сваёй першай настаўніцай Вяславай Ігнатовіч і ў суправаджэнні выпускнікоў яны адправіліся ў клас. А першы урок у Малабераставіцкай школе, як і ва ўсіх іншых, прайшоў па тэме “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!”
Сяргей Хілюта
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *