У Алекшыцкім яслях-садзе вучаць любіць свой край

Лента новостей

Мова, традыцыі, гісторыя і культура ў кожнага народа свае. І праз захаванне і перадачу з пакалення ў пакаленне нацыянальных каштоўнасцей захоўваецца адметнасць асобна ўзятага народа. Несумненна, што любоў да роднай зямлі павінна прывівацца з самага ранняга дзяцінства, калі пачынаецца фарміраванне чалавечай асобы, а дакладней, ужо з дашкольнага ўзросту.

У Алекшыцкім яслях-садзе ду­хоўна-этнаграфічны напрамак выдзелены як адзін з прыярытэтных у выхаванні дашкольнікаў. Усе заняткі ў навучальнай установе праходзяць на беларускай мове. У кожнай групе, а іх у дзіцячым садзе цяпер чатыры, аформлены беларускі куток, які дае першаснае знаёмства са сваёй нацыянальнай спадчынай. Загадчыца ясляў-сада Таісія Пузевіч расказвае, што педагагічны калектыў установы прыкладае ўсе намаганні, каб выхаваць у дзяцей цікавасць і павагу да роднай мовы, навучыцца карыстацца ёю ў паўсядзённасці, пазнаёміць іх з нацыянальнай культурай і гісторыяй нашага народа. Пачынаецца ўсё са знаёмства са сваёй малой радзімай, потым дзеці даведваюцца пра іншыя мясціны Беларусі, знаёмяцца з другімі гарадамі, са сталіцай нашай краіны, з гімнам, сцягам і гербам дзяржавы.
У гэтым годзе ў садку пра­цаваў этнаграфічны гурток “Экалагічныя мініяцюры”, кіра­вала якім Валянціна Лукашык, чалавек вельмі творчы, вопытны. З дзецьмі яна займалася вывучэннем прыроды родных мясцін, знаёмствам з народнымі традыцыямі беларусаў, сваімі рукамі дашкольнікі зрабілі шмат вырабаў з прыроднага матэрыялу. Валянціна Фёдараўна ўмее не толькі з густам афор­міць любую выставу, але і арганізуе цікавыя тэатральныя пастаноўкі. Пад яе кіраўніцтвам у яслях-садзе прайшло свята Масленіцы, сустракалі дашкольнікі і прылёт буслоў, праводзіліся забаўляльныя праграмы з выкарыстаннем беларускіх гульняў і песень.
Да нядаўняга педагагічнага савета была аформлена выстава “Сузор’е талентаў”, на якой прадстаўлены сумесныя работы бацькоў і дзяцей. Тут можна ўбачыць і гліняныя вырабы, і вышыўку, і ткацтва, і вырабы з іншых матэрыялаў.
Яшчэ адзін педагог ясляў-сада, які шмат робіць для таго, каб прывіць дзецям любоў да роднай мовы і культуры, — Наталля Савіцкая (на здымку з дзецьмі). У свой час яна закончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, таму як сапраўдны спецыяліст умее данесці сваім выхаванцам і прыгажосць роднага слова, і багатыя традыцыі беларускага народа. Наталля Мар’янаўна знаходзіць узаемаразуменне і з дзецьмі, і з бацькамі, яна часта праводзіць адкрытыя мерапрыемствы, дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі, а іх ужо за 12 гадоў работы ў Алекшыцкім яслях-садзе ў педагога назапасілася нямала.
Вялікую ўвагу Наталля Савіцкая ўдзяляе інтэлектуальнаму развіццю дашкольнікаў, робіць яна гэта праз гульні, стварэнне прадметнага асяроддзя і праз пальцавую маторыку. Спецыялісты ведаюць, што калі развіваюцца пальцы дзіцяці, развіваецца яго мозг і маўленне, таму такім заняткам Наталля Мар’янаўна аддае перавагу, тым больш, што ў гэтым годзе яна будзе працаваць у сярэдняй інтэгрыраванай групе, дзе некаторым дзецям патрэбна карэкцыя маўлення.
Дарэчы, у новым навучаль­ным годзе ў Алекшыцкім яслях-садзе будзе займацца 50 дашкольнікаў і 12 першакласнікаў, якія таксама вучацца на базе гэтай дашкольнай установы. Загадчыца Таісія Пузевіч падкрэслівае, што на працягу апошніх гадоў колькасць дашкольнікаў, якія наведваюць іх яслі-сад, застаецца стабільнай, не змяншаецца. А гэта гаворыць аб тым, што калі ў Алекшыцах нараджаюцца дзеці, то і аграгарадок будзе развівацца. Трэба толькі, каб маленькія жыхары Алекшыц выраслі ў любові да сваіх родных мясцін і “не паляцелі” шукаць шчасця ў чужы край. Таму так важна, упэўнена Таісія Міхайлаўна, пачынаць выхаванне патрыятызму і любові да малой радзімы ўжо з дзіцячага садка.
Ірына Міклаш,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *