У чаканні Святых Місій і 100-годдзя касцёла ў Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

У суботу, 22 верасня, у 12 гадзін пачнецца вялікая юбілейная ўрачыстасць, прысвечаная 100-годдзю нашай парафіяльнай святыні, фундатарамі якой былі Юзэф і Марыя Касакоўскія. Правядзе ўрачыстасць і прамовіць Божае Слова ксёндз–арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. На гэтую ўрачыстасць мы шчыра запрашаем усіх, як католікаў, так і праваслаўных.

100-годдзе святыні – гэта вялікая падзея, да якой мы рыхтуемся, упрыгожваючы наш касцёл, бо Дом Божы павінен быць прыгожым і дагледжаным. Але толькі матэрыяльнага боку не дастаткова, каб годна пражыць гэты час, таму перш за ўсё мы жадаем падрыхтаваць нашы сэрцы і душы. У гэтым нам дапамогуць Святыя Місіі, якія пачнуцца ў нашай парафіі ў нядзелю, 9 верасня, і працягнуцца да 16 верасня.
Напэўна, многія задаюць сабе такое пытанне: “А чым з’яўляюцца Святыя Місіі?”
Дык вось, паважаны чытач, Святыя Місіі – гэта незвычайны і святы час пошуку і пазнання Бога, адкрыцця Яго любові, раскрыцця перад Ім свайго сэрца і распазнання Яго волі ў сваім жыцці. Гэта асаблівы час ласкі і праяўлення міласэрнай любові Бога. Чалавек – кожны з нас! – вельмі лёгка трапляе ў руціну і прывыкае да абыякавасці ў сваім жыцці. Часам нават прызнае зло як нешта нармальнае. Яго жыццё становіцца манатонным і шэрым. Таму важна час ад часу прыпыніцца і сабрацца, па-новаму ўпарадкаваць сваё як унутранае, так і знешняе жыццё, спытаць сябе пра свае ўзаемаадносіны з Богам і бліжнімі, пра тое, ці адчуваем мы сябе па-сапраўднаму шчаслівымі. І менавіта Святыя Місіі дапамогуць тым, хто будзе ў іх удзельнічаць, задумацца аб сваім жыцці. Кожны дзень Святых Місій мае сваю тэматыку, якая з’яўляецца фундаментам хрыс-ціянскага жыцця і без якой нельга ісці далей – з гэтага вынікае, што ўдзельнічаць у місійных набажэнствах трэба штодзённа.
Хрысціянін, які хоць трохі задумваецца аб сваім жыцці, заўважае, што часта паддаецца спакусам і паварочваецца тварам да сатаны, ці грашыць, хоць можа і не хоча гэтага. І менавіта Святыя Місіі – гэта час прызнання сваёй віны і сваіх грахоў, але найперш гэта час прызнання таго, што Езус з’яўляецца нашым Панам, час выбару Бога як свайго Уладара і Збавіцеля, аддачы Яму свайго жыцця, шляху за Ім.
… Чаму столькі хрысціян забывае пра Святую нядзельную Імшу, пра малітву? Чаму ў нашых сем’ях столькі крыўды, сваркі, п’янства, столькі разводаў і праклёнаў? Святыя Місіі дапамогуць адказаць на гэтыя пытанні і зрабіць правільны выбар – гэта час вяртання да Бога як тых, хто лічыць сябе годнымі хрысціянамі, так і тых, хто аддаліўся ад Бога. Значыць, гэта час для ЦЯБЕ!
Падсумуем: Святыя Місіі – гэта час, у якім Пан Бог, праз паслугі місіянераў, нанова хоча знайсці цябе, прыходзіць, бо хоча цябе збавіць, а не асудзіць, каб даць табе сапраўдную любоў і шчасце. У гэты час ты можаш задаваць Богу пытанні, якія даўно хвалююць цябе, і шукаць на іх адказы, засяродзіўшыся ў малітве, ці слухаючы прамовы, ці ў час асабістай сустрэчы з місіянерам. Бог чакае цябе!
а.Анджэй Іадкоўскі,
місіянер, вікарый касцёла Перамянення Гасподняга г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *