У Бераставічанах прайшло чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Суседзі”

Лента новостей

ber 2 ber 3 ber 4 ber 1Ёсць сусветна вядомы выраз: усе дарогі вядуць у Рым. А тыя, хто нарадзіўся ў Бераставічанах лічаць, што ўсе дарогі вядуць у родны кут. Я іх разумею. Бераставічаны і для мяне вёска асаблівая – тут нарадзілася мая бабуля Вера Міхайлаўна Сухадольская (у дзявоцтве Акуліч), тут мае карані…
Бераставічаны – невялічкая прыгожая вёска. Тут ціха і спакойна, тут гаючае паветра, якое спрыяе адпачынку, напаўняе сілай і энергіяй. Нездарма вёску аблюбавалі дачнікі. А гараджане, якія прыязджаюць у Бераставічаны ў водпуск, заўважаюць, што тут надта салодка і добра спіцца.

Гэта, у прыватнасці, адзначае і Георгій Міхайлавіч Скапец, які нарадзіўся ў Бераставічанах і які бывае тут амаль кожнае лета. Георгій Міхайлавіч жыве ў Маскве. Ён – доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, вядомы незалежны сістэмны аналітык. Вяскоўцы ганарацца сваім земляком, які дасягнуў значных вынікаў у навуковай дзейнасці.
Сёлетні прыезд Георгія Міхайлавіча ў Бераставічаны стаў выдатнай нагодай для сустрэчы аднавяскоўцаў у мясцовай установе культуры. А загадчыца Бераставічанскага клуба-бібліятэкі Вера Акуліч прымеркавала чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Суседзі” да дня вызвалення Бераставіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Назва “Суседзі” дадзена аб’яднанню нездарма. У вёсцы Бераставічаны жывуць амаль адны пажылыя. Паміж імі на працягу доўгіх гадоў склаліся цёплыя добрасуседскія адносіны. Вяскоўцы любяць сустракацца ў клубе. Многія з іх – даўнія актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, людзі творчыя і неабыякавыя, без якіх немагчыма ўявіць культурнае жыццё вёскі ні сёння, ні ў ранейшыя часы, калі яно віравала і было на ўздыме. Гэта, да прыкладу, Елізавета Ігнацьеўна Мазюк. Без яе не абыходзілася ніводнае выступленне мясцовага фальклорнага калектыву. А калектыў гэты славіўся на ўвесь раён. Аб былой канцэртнай дзейнасці нагадвае карціна маскоўскай мастачкі, якая ўпрыгожвае сцены клуба і на якой адлюстраваны эпізод вясельнага абраду, паказаны ў 1986 годзе мясцовымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці на раённым аглядзе.
Сустрэча ў клубе якраз і пачалася з успамінаў, якія навеяла карціна. Цікава, што галоўныя героі яе – жаніх і нявеста – на самой справе пажаніліся.
Потым размова перайшла на тэмы больш сур’ёзныя і сумныя – пра вайну і аднавяскоўцаў, якіх яна забрала. Вера Іванаўна зачытала апублікаваныя ў раённай кнізе “Памяць” лісты з фронту бацькі Георгія Міхайлавіча Скапца – Міхаіла Мікалаевіча, які не вярнуўся з вайны. Дарэчы, яго прозвішча, як і прозвішчы іншых жыхароў Бераставічан, загінуўшых у гады ваеннага ліхалецця, выбіта на мясцовым помніку землякам. Франтавыя пісьмы, простыя і шчырыя радкі якіх перадаюць моцную любоў да сям’і і вялікае жаданне жыць і працаваць на мірнай зямлі, кранулі да слёз і выклікалі ў прысутных успаміны аб родных, якія таксама не вярнуліся з фронту або былі расстраляны фашыстамі. Бацька жыхаркі Бераставічан Зоі Мікітаўны Дылец, якая нарадзілася ў Плюскалаўцах, загінуў на фронце, пакінуўшы на руках маці траіх маленькіх дзетак. У Клаўдзіі Аляксандраўны Нікан – цёткі Георгія Міхайлавіча – ураджэнкі Бераставічан, якая цяпер жыве ў Мінску і прыехала на лета адпачыць, не вярнуўся з вайны васемнаццацігадовы брат Канстанцін. Ды і амаль з кожнай бераставічанскай сям’і вайна забрала родных і блізкіх людзей.
Трэба адзначыць, што спачатку сям’я Міхаіла Скапца не ведала, дзе ён пахаваны. Аднак стараннямі Веры Іванаўны Акуліч, якая напісала запыт у Падольскі ваенны архіў, месца пахавання салдата было ўстаноўлена, і родныя змаглі наведаць яго магілу. У падзяку за гэта маці Георгія Міхайлавіча Марыя Аляксандраўна падарыла загадчыцы клуба звязаную кручком сурвэтку. Гэтая рэч доўгі час захоўвалася ў Веры Іванаўны, аднак сёлета жанчына вырашыла перадаць яе Георгію Міхайлавічу ў памяць пра маці, якой няма ўжо дзевяць гадоў.
На сустрэчы ў клубе пры­сут­нічалі і іншыя ганаровыя госці. Так, краязнаўца, рэдактар-укладальнік раённай кнігі “Памяць”, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Мікалай Пацэнка таксама завітаў да “Суседзяў”, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі і пазнаёміцца з іх знакамітым земляком Георгіем Міхайлавічам Скапцом. Ён актыўна ўключыўся ў гутарку, паколькі добра ведае гісторыю вёскі Бераставічаны, у свой час ён разам з Верай Іванаўнай збіраў успаміны мясцовых жыхароў для кнігі “Памяць”.
Яшчэ адно знаёмства – з унучкай Клаўдзіі Аляксандраўны Нікан Марынай. Дзяўчына – з Гомеля, заканчвае Гомельскі мастацкі каледж. У роднай вёсцы бабулі яе зацікавілі мясцовыя краявіды, і яна зрабіла некалькі эскізаў для сваёй будучай дыпломнай работы. Вяскоўцы з задавальненнем разглядалі малюнкі юнай мастачкі і пазнавалі на іх родныя куточкі.
Душэўную і цёплую атмасферу, якая панавала ў клубе, дапоўнілі народныя песні, якія праспявалі жанчыны. Вера Іванаўна зачытала “Легенду пра Бераставічанку”, з якой перамагла на абласным конкурсе размоўнага жанру ў намінацыі “народная проза”. Дарэчы, пра загадчыцу клуба-бібліятэкі хочацца сказаць, што менавіта яна з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і ініцыятарам падобных сустрэч і іншых цікавых мерапрыемстваў. Чалавек нераўнадушны, Вера Іванаўна шмат год была дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў, яна – стараста вёскі Бераставічаны. На ніве культуры жанчына працуе ўжо 35 гадоў, і гэты чалавек сапраўды на сваім месцы.
Завяршылася сустрэча агульным здымкам ля помніка загінуўшым землякам, да якога члены аматарскага аб’яднання “Суседзі” штогод ускладаюць кветкі на дзень Перамогі і Дзень вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *