Сёння — Дзень памяці

Лента новостей

2 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзень памяці – дзень успаміну памерлых продкаў.

Нездарма кажуць, што чалавек жыве да тых пор, пакуль жыве памяць аб ім. І пакуль мы носім у нашых думках і нашых сэрцах вобразы тых людзей, якія адышлі ўжо з гэтага свету, мы не губім з імі сувязі. І калі мы памятаем аб іх, то не зарастуць пустазеллем іх магілы, і нашы дзеці будуць ведаць імёны сваіх дзядоў і прадзедаў, і род будзе моцны і з’яднаны.
Продкі – карані нашага дрэва жыцця. І каб дрэва было жывым і моцным, трэба, каб моцнымі былі яго карані. Хто сёння з нас назаве сваіх продкаў хаця б да чацвёртага калена? Думаю, што ўжо нямногія. Добра, калі яшчэ дзеці ведаюць, як завуць іх бабулю і дзядулю, і то, можа, нават не ўсе. Але адкуль яны будуць ведаць таго, каго ўжо не засталі пры сваім жыцці? Толькі мы, бацькі, можам расказаць сваім дзецям пра нашых бацькоў, пра дзядоў і прадзедаў. Калі мы навучым іх шанаваць свой род, з павагай адносіцца да продкаў, то і наша старасць будзе шчаслівай. А калі ў сваіх штодзённых клопатах мы не знаходзім часу не тое, каб прывесці ў парадак магілу бабулі, але нават праведаць старэнькіх бацькоў, якія жывуць не разам з намі, то ці будуць потым клапаціцца аб нас у старасці нашы дзеці? Дзеці вучацца не словамі, а прыкладам жыцця бацькоў. Калі яны бачаць нашу абыякавасць да продкаў, то можна не сумнявацца, што той жа манетай адплацяць і нам. Можа, таму так многа цяпер дамоў састарэлых, дзе людзі дажываюць свой век пры жывых дзецях, бо не навучылі іх шанаваць старасць, памятаць аб вечнасці і імкнуцца да вечнага жыцця?
Пакуль мы жывыя, у нас ёсць шанс усё змяніць. У гэтыя восеньскія дні, калі з дрэў аблятаюць апошнія лісткі, вазьміце сваіх дзяцей, завядзіце іх на могілкі, пакажыце, дзе ляжаць іх продкі – карані і іхняга дрэва жыцця.
Прыбярыце магілку, запаліце свечку, з малітвай уздыхніце за супакой іх душ. А дома дастаньце сямейны альбом, раскажыце маладому пакаленню, што вы памятаеце пра сваіх дзядоў і бабуль, што яны ўспаміналі пра сваіх бацькоў.
І, паверце, гэты час не пройдзе дарма, дзеці будуць вам удзячныя, узмоцніцца сувязь сям’і і запануе супакой у сэрцах жывых і душах памерлых. Бо памяць – гэта тое, што робіць чалавека Чалавекам.
Ірына МІКЛАШ, фото аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *