Іх паслугі – для кожнага з нас

Лента новостей

24  сакавіка прафесійнае свята ў работнікаў бытавога абслугоўвання – той сферы дзейнасці, якая запатрабавана як гарадскім, так і – нават у больш значнай ступені – сельскім насельніцтвам.
-Сёння комплекс бытавога абслугоўвання ў раёне складаюць Дом быту ў Вялікай Бераставіцы і дзесяць комплексна-прыёмных пунктаў у аграгарадках, якія таксама аказваюць насельніцтву дваццаць два віды розных паслуг, — кажа дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства “Бераставіцкі быткамбінат” Аляксандр Казлоўскі — У аграгарадку Алекшыцы працуе пральня. Ёсць цэх па выпуску жалезабетоннай агароджы, дзейнічае шынамантажны пункт… У спектр паслуг абавязкова уваходзяць тыя, што прадугледжаны сацыяльнымі стандартамі. Вывучаем попыт насельніцтва і укараняем новыя віды бытавога абслугоўвання. Да прыкладу, летась была наладжана чыстка падушак, і, як паказаў час, такая паслуга вельмі запатрабавана. Карыстаюцца попытам сезонныя віды абслугоўвання, такія, як апрацоўка прысядзібных участкаў, газонакашэнне, устаноўка агароджы.
Аляксандр Міхайлавіч адзначае такі прыемны факт, які красамоўна сведчыць пра вопыт, уменне і старанне бераставіцкіх бытавікоў: летась паслуг імі было аказана у разліку на аднаго вяскоўца на суму 79701 рубель, а гэта — чацвёртае месца ў вобласці.
У прадпрыемстве працуюць шэсцьдзесят чатыры чалавекі, — працягвае кіраўнік. – Сярод іх шмат работнікаў вопытных, старанных, ды і сярод маладых, а таксама тых, у каго стаж і вопыт яшчэ невялікія, таксама нямала людзей надзвычай адказных і нераўнадушных да сваёй справы. Усе яны заслугоўваюць шчырай павагі і прызнання. Назаву самых вопытных і самых руплівых. У пашывачным цэху, да прыкладу, які па аб”ёму выпуску прадукцыі з”яўляецца ва УПК асноўным, ёсць, жанчыны, якія аддалі нашаму прадпрыемству ўсё сваё працоўнае жыццё. Гэта Людміла Дзешка, Алена Кучынская, партрэт якой, дарэчы, летась быў занесены на раённую Дошку гонару, а таксама Галіна Жыдок, Валянціна Міцкевіч, прыёмшчыца заказаў Ніна Радзівонава. Уменнем і стараннем вызначаюцца закройшчыца Валянціна Чарнова, старшы майстар цэху Алена Савіч, якая таксама рабіла на прадпрыемстве свае першыя працоўныя крокі. Добра арганізоўвае работу пральні ў аграгарадку Алекшыцы майстар Ала Паляшчук, любяць сваю справу і імкнуцца ахапіць бытавым абслугоўваннем як мага больш мясцовага насельніцтва загадчыцы комплексна-прыёмных пунктаў Ірына Глябовіч у Вялікіх Эйсмантах, Ганна Карпач у Алекшыцах, Валянціна Смалей у Пагранічным, Алена Курыла ў Пархімаўцах і іншыя.
Хацеў бы адзначыць і работу цырульнікаў. Вялікі вопыт у сваёй справе мае цырульнік Дома быту Таісія Навумовіч, яна адзначана нагрудным знакам “Выдатнік бытавога абслугоўвання”. Любяць сваю справу, пастаянна ўдасканальваюць свае прафесійныя навыкі і Алеся Халтобіна (на здымку), якая таксама працуе ў Доме быту, і цырульнік з Пагранічнага комплексна-прыёмнага пункта Вольга Баярчук. Заўсёды ўважлівая да кліентаў прыёмшчыца заказаў Святлана Кіслейка, кампетэнтная ў сваёй справе дыспетчар Галіна Антановіч. Вялікі ўклад у агульную справу ўносяць нашы вадзіцелі Валерый Бутрым і Андрэй Аўхіменя, якія штодня адпраўляюцца на выязное бытавое абслугоўванне, дабіраюцца да самых аддаленых вёсак раёна. І асобна хацелася б сказаць пра рабочага цэха жалезабетонных вырабаў Валянціна Кавейшу. Залатыя рукі ў гэтага працаўніка, не займаць яму ні майстэрства, ні старання.
— Не магу не адзначыць таксама работу бухгалтарска-эканамічнй службы прадпрыемства, дзе ёсць свае ветэраны. Многа гадоў працуюць галоўны бухгалтар Ірына Лапацік і бухгалтар Марына Кузюкевіч, вядучы эканаміст Данута Чэкмарова.
— А ўвогуле, хачу ўсяму калектыву унітарнага камунальнага прадпрыемства сказаць вялікі дзякуй за працу. І павіншаваць работнікаў з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця, — сказаў напрыканцы нашай гутаркі Аляксандр Міхайлавіч.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *