Светлай памяці маіх бацькоў
Мікалая Аляксеевіча і Галіны Уладзіміраўны.

Дзень пераваліў на другую палову. У тры гадзіны па абедзе Аліна выгнала ў статак падоеную і адпачыўшую ад летняй спёкі Зорку. Паклікала Ірыну, якая замятала падворак:
— Дачушка, хадзем, яблыкі пазбіраем. Насушым на зіму – будуць кампоты.
Поўныя кошыкі папяроўкі высыпалі ў балею, пачалі мыць і наразаць на лусты. Час ад часу паглядала Аліна на поле ля Людзвіноўскага лесу – там працаваў яе Аляксей. Нягледзячы на старэнькі камбайн, муж браў прызавыя месцы за кожнае жніво. Трывожна было жанчыне – некалькі разоў камбайн мужа загараўся і яго, заціснутага полымем у кабіне, выратоўвалі калегі.
Паволі напаўняўся таз кавалачкамі садавіны. Працавалі бязгучна. Трынаццацігадовая Ірынка наразала яблыкі засяроджана, сціснуўшы вусны і зрэдку паглядаючы на маці. Аліна, імкнуўшыся суняць хваляванне, спрытна варочала нажом. Павярнуўшы галаву да поля, яна пахаладзела: за новай дарогай над лесам уздымалася хмарка дыму. Нож выпаў з рук. Дачка здзіўлена паглядзела на маці.
— Ірынка, бацька гарыць, пабеглі!
Дзве жанчыны, юная і спелая, ляцелі, не разбіраючы дарогі: праз лугавіну, стары гасцінец і поле – туды, за новую дарогу. Кроў стукала ў скроні, ногі спатыкаліся ў купінах, некалькі разоў маці ледзь не ўпала. Сэрцы, здаецца, гатовы былі выскачыць з грудзей ад напругі, але яны беглі. Ля дарогі спыніліся – уздоўж лесу рухаліся тры камбайны. Аляксеевага сярод іх не было. Дым, які так напалохаў, стужкай струменіўся з-за лесу…
— Напэўна, ламачча паляць. Пайшлі дамоў.
Вярталіся моўчкі. Аліна ішла, цяжка ступаючы. Хустка з’ехала з галавы, але жанчына не зважала на гэта. На змену спусташэнню прыйшлі ўспаміны.
Маладая настаўніца, якая прыехала ў вёску па размеркаванню, некалькі разоў заўважала прыгожага хлопца, які ідучы міма школы, затрымліваўся пад вокнамі. Ужо потым ён прызнаўся, што непадобная на вясковых дзяўчат.
Аліна запала ў душу. Стройная, з пышнымі каштанавымі валасамі, з вялікімі вачыма, настаўніца хвалявала. Але не ведаў, як пазнаёміцца. Выпадак для гэтага неўзабаве прадставіўся. Аліна жыла на кватэры на хутары на дастатковай адлегласці ад школы. Пасля другога ўрока высветлілася, што забыла дома сшыткі для кантрольных работ. За вялікі перапынак не паспееш, нават, калі бегчы. Але рушыла. Каля крамы ўбачыла некалькі ровараў. Села на адзін з іх і хутка абярнулася са сшыткамі. Уладальнікі транспартных сродкаў весела гаманілі аб згубе, калі пад’ехала дзяўчына:
— Чый я ровар узяла?
— Мой, — той самы хлопец, падобны на артыста, усміхаўся ёй.
Сталі сустракацца. Аляксей паводзіў сябе далікатна. Да вяселля нават пацалаваць не памкнуўся. Бярог. Не вельмі прыветна сустрэлі ў вёсцы – як жа, гэтулькі дзявок увіхалася, а ён абраў гэту навучыцельку! Але ж жылі, працавалі ад досвітку да ночы, дзетак падымалі. Старэйшыя працуюць у горадзе, а з імі меньшая – Ірынка.
Дзякуй Богу, абышлося сёння… Аліна зняла хустку, выцерла твар і паглядзела на дачку:
— Усё добра, нічога…
Ірына намагалася спыніць хваляванне і пераварыць зробленае ў гэтай гонцы адкрыццё. Дзяўчынка рана пазнаёмілася з раманамі Тургенева і ведала, што такое каханне. Сваякі так і назавалі яе – “тургенеўская барышня”. Прыгожыя прызнанні, рамантычныя спатканні пад Месяцам хвалявалі сэрца і марылася аб узвышаным… У роўных адносінах бацькоў аніякага падобнага пробліску пачуццяў Ірына не назірала. Жывуць ды жывуць – напэўна па звычцы. Часам кпяць адно з аднаго, калі і нязлобна лаюцца. Але ж цяпер стала зразумела – вось яно, сапраўднае каханне! Сіла кахання маці, якая прарвалася праз штодзённасць, глыбіня яе трывогі за мужа патрэслі дзяўчынку. Дык вось яно як аказалася…Рэшту дня думкі аб гэтым не пакідалі дзяўчынку.
Спала ўжо Ірынка, калі прыйшоў з працы бацька. Ліла ваду на намыленую спіну мужа Аліна і апавядала, як бегалі ратаваць яго.
— Мяне на другое поле перавялі. Дый ці дабеглі б, калі што?- муж выціраўся рушніком і глядзеў на жонку.
Яны разумелі адно аднаго па позірках. За плячыма амаль дваццаць пяць гадоў сумеснага жыцця…З яго вачэй ліўся ціхі свет. На сэрцы рабілася цёпла і ўтульна.
Зямлю паволі ахутвала ноч…
Людміла Багдановіч

