«Гэта наша памяць, і мы павінны яе зберагчы»

Лента новостей Общество Это интересно

У кожнага з нас ёсць малая радзіма — вёска, аграгарадок, горад, дзе мы нарадзіліся і выраслі. Але ці задумваліся вы, чаму ваша вёска называецца менавіта так? Чаму такую назву атрымала мясцовая рачулка ці нават лес і поле?

Назвы геаграфічных аб’ектаў — гэта не проста словы на карце. Гэта жывыя помнікі мовы, гісторыі і культуры. Яны захоўваюць памяць пра тое, хто жыў на гэтай зямлі стагоддзі таму, чым займаўся, якія прыродныя ўмовы існавалі, адлюстроўваюць, якія падзеі перажыў чалавек.

Калі я ўпершыню задумалася пра тое, чаму наш аграгарадок называецца Стары Дворац, я не ўяўляла, што гэта стане маім хобі і пачаткам займальнага падарожжа пра краіне Тапаніміцы.

Стары Дворац нагадвае нам пра панскі маёнтак, які існаваў тут яшчэ ў XV стагоддзі. Назва аграгарадка ўсходнеславянскага паходжання ад слова “двор” – абгароджанае ўладанне з зямлею і гаспадарчымі пабудовамі.

Зацікавіла мяне і паходжанне назвы вёскі Лявонавічы, што побач са Старым Дворцам. Я даведалася, что пайшла яна ад ўласнага імя Лявон — чалавека, які, магчыма, заснаваў вёску. Мабыць, у вёсцы жылі яго родзічы або родзічы па бацькоўскай лініі.

Балота Чортава вока завецца так, бо сведчыць аб старажытных вераваннях нашых продкаў. На балоце ў багне ёсць невялікая лужынка, падобная на вока. Старажылы расказваюць, што людзі вельмі баяліся трапіць у “чортава вока”, таму што выбрацца адтуль было немагчыма.

 А назва  Вомшара расказвае, што на гэтым месцы раней было мохавае балота, якое пазней асушылі. 

Я ўпэўнена, што вывучаючы тапонімы, мы аднаўляем сувязь з мінулым,  захоўваем беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасць,  вучымся любіць сваю зямлю не толькі за яе прыгажосць, але і за яе гісторыю,  ратуем ад забыцця імёны, якія ведаюць толькі старажылы. 

Сёння, у час глабалізацыі, калі знікаюць дробныя вёскі, а з імі –  і лакальныя назвы, такая праца становіцца асабліва важнай. Кожнае запісанае слова –  гэта крок да захавання духоўнай спадчыны. 

Таму давайце не толькі вымаўляць назвы нашых вёсак, але і ведаць іх гісторыю. Бо, як пісаў Янка Купала, «хто не ведае мінулага, той не мае будучыні”.

Маё захапленне тапанімікай прывяло  да стварэння акаўнта ў TikTok. У маіх відэа я расказваю пра тое, як назвы палёў, лясоў, рэк і вёсак раскрываюць таямніцы мінулага, паказваюць, як жылі на гэтай зямлі нашы продкі, сведкамі чаго яны былі, чым займаліся.  Тут вы знойдзеце, чаму Злобаўшчына — гэта не поле, а вёска,  што значыць Кукалева і чаму гэта важна,  як назвы звязваюць нас з продкамі. Падпісвайцеся на @taponimika — каб не страціць гэтыя гісторыі.

Пачніце з сябе — спытайце ў бабулі ці дзядулі, як раней называлі поле за вёскай, лясную рэчку, узгорак каля дарогі. Запішыце. Перадайце далей.  Бо гэтыя назвы — наша бясконцая памяць.

Дарына Трафімчык, вучаніца 9 класаСтарадварэцкай базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *