Дзень народнага адзінства: шлях да ўз’яднання

День народного единства К сведению граждан Лента новостей Общество

У 1939 годзе Чырвоная армія, вярнуўшы нашы тэрыторыі дадому, аднавіла гістарычную справядлівасць. І мы, беларусы, зноў сталі адной сям’ёй. Уз’яднанне беларускіх земляў адпавядала нацыянальным інтарэсам беларускага народа. Сёння кожны з нас павінен не забываць пра важнасць  тых далёкіх і знамянальных падзей.

Пад Польшчай

Чым знакаміты дзень 17 верасня 1939 года? Як адзначае настаўнік гісторыі Пархімаўскай БШ Людміла Турок, вераснёўскія падзеі больш чым васьмідзесяцігадовай даўнасці дазволілі аднавіць адзінства беларускіх зямель. Справа ў тым, што 18 сакавіка 1921 года ў Рызе маладой Савецкай Расіяй была падпісана мірная дамова, якая завяршыла савецка-польскую вайну. Згодна з умовамі дамовы, Заходняя Беларусь стала часткай Польшчы. Дагавор прывёў да страты заходніх беларускіх зямель, да Польшчы адыйшла плошча памерам 113 тысяч квадратных кіламетраў з насельніцтвам звыш 4 мільёны чалавек. Беларусам прыйшлося зведаць розныя формы дыскрымінацыі – сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, эканамічную, што ў корані парушала палажэнні Рыжскай мірнай дамовы.

Бераставіцкія землі сталі часткай Беластокскага ваяводства.  За мясцовым насельніцтвам сачыла тайная паліцыя – “дэфензіва”, узнавілася памешчыцкае землеўладанне.  Масава ўводзілася асадніцтва – на нашых землях сяліліся былыя польскія афіцэры. Прамысловасці на Бераставіччыне ў той час, па сутнасці, не было. Сезонна  дзейнічалі Айцоўскі, Масалянскі і Пархімаўскі спіртзаводы, якія належалі мясцовым памешчыкам, было таксама пяць вадзяных млыноў, працавалі рамеснікі – саматужнікі. Заработная плата рабочых была мізэрнай, рабочы дзень працягваўся 10-12 гадзін пры аплаце 2 – 2,5 злотых у дзень.

Вельмі складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. На тэрыторыі раёна да 1939 года налічвалася 27 панскіх маёнткаў. Іх уладальнікам належала 60% ворыўнай зямлі і толькі 40% зямельнай плошчы размяркоўвалася сярод сялян, якія складалі больш за 90% насельніцтва. У сярэднім на чалавека прыпадала 0,2 га зямлі. Палавіна гаспадарак былі беззямельнымі і малазямельнымі. Пагаршала становішча сялян і малаўрадлівасць зямель.

Мэтанакіравана польскі ўрад праводзіў палітыку паланізацыі і акаталічвання беларускага насельніцтва. На 1939 год на Бераставіччыне не існавала ніводнай беларускай школы. Закрываліся праваслаўныя цэрквы.

Рэвалюцыйны рух

На Бераставіччыне рэвальцыйны рух за вызваленне ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту быў дастаткова актыўны. Узначальвалі яго камуністы і прадстаўнікі іншых прагрэсіўных рухаў. У снежні 1923 года ў Вялікабераставіцкай гміне было 59 членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і 28 членаў Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. З 21-й вёскі гміны ў 11-ці былі партыйныя ячэйкі. У 1923 годзе была створана першая падпольная ячэйка КПЗБ у Алекшыцах. А ў цэлым у гады польскага панавання на Бераставіччыне дзейнічалі Вялікабераставіцкі, Галынкаўскі, Алекшыцкі, Індурскі і Свіслацкі райкамы КПЗБ, якія згуртоўвалі людзей на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, праводзілі дэманстрацыі пратэстаў  і мітынгі. Польскія ўлады рэагавалі хвалямі масавых арыштаў.  Нямала землякоў былі арыштаваны, адпраўлены ў турму, у канцлагер Картуз-Бярозы.

Змагар за беларускую культуру і мову

Польскія ўлады на заходнебеларускіх землях праводзілі палітыку, накіраваную на знішчэнне этнакультурнай самабытнасці беларускага народа.

Немалаважную ролю ў развіцці нацыянальнай культурна-асветніцкай  работы ў нашым краі адыграла легальная культурна-асветная арганізацыя Таварыства беларускай школы, створаная яшчэ ў 1921 годзе групай беларускіх інтэлігентаў. Гэта арганізацыя мела шырокую падтрымку на Бераставіччыне. Створаныя гурткі ТБШ у Эймінаўцах, Гольнях, Магілянах, Красным, Грыцавічах, Гарбачах праводзілі значную работу па арганізацыі барацьбы за беларускую школу, наладжванні самаадукацыі працоўных, стварэнні народных клубаў, распаўсюджванні беларускай літаратуры, газет і і нш.

Многае зрабілі па прапагандзе беларуской мовы і культуры гурткоўцы ТБШ пад кіраўніцтвам Аляксандры Іванаўны Бурневіч у Навасёлках. Тут былі арганізаваны сярод моладзі курсы самаадукацыі, бібліятэка з лепшымі творамі беларускай, рускай, польскай літаратур, развучвалі і спявалі беларускія народныя песні, ставілі вадэвілі.

Аляксандра Іванаўна пражыла кароткае, але вельмі змястоўнае і багатае на падзеі жыццё. У 1921 годзе сям’я Бурневіч вярнулася ў сваю родную вёску Навасёлкі з горада Барысава, дзе апынулася, ратуючыся ад Першай сусветнай вайны. На радзіму Аляксандра прыехала, маючы дыплом настаўніка. Марыла, што будзе вучыць грамаце дзяцей сваіх землякоў. Ды толькі мары гэтай не суджана было збыццы. Польскія ўлады праводзілі жорсткую палітыку нацыянальнага ўціску і паланізацыі. І вядома ж, яны былі супраць таго, каб даць працу беларускай настаўніцы.

Аляксандра Іванаўна становіцца ў шэрагі змагароў за нацыянальнае і сацыяльнае разняволенне беларускага народа. Яна нелегальна вучыць навасёлкаўскую моладзь беларускай мове. Выпісвае і прапагандуе беларускія газеты і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні.

У 1925 годзе яна пачала прымаць актыўны ўдзел у дзейнасці Беларускай сялянскай-работніцкай грамады – буйной рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі. Па ўспамінах актывіста рэвалюцыйнага руху з в. Кавалі Аляксандра Грышэня, дастаткова сказаць, што першая ў Гродзенскім павеце пярвічная арганізацыя БСРГ утворана была ў Навасёлках. Крыху пазней Аляксандру Іванаўну запрашаюць у Гродна ў павятовы камітэт БСРГ. Яна многа ездзіць па Гродзеншчыне, часта бывае ў вёсках Бераставіччыны, выступае ў абарону беларускай нацыянальнай культуры і мовы.

У росквіце сіл і ў перыяд актыўнай дзейнасці напаткала Аляксандру Іванаўну цяжкая хвароба.

З гэтай прычыны яна вымушана была пакінуць працу ў павятовым камітэце БСРГ і вярнуцца ў свае родныя Навасёлкі. Уся павятовая арганізацыя Грамады як магла дапамагала Бурневіч. Вёўся збор сродкаў на яе лячэнне. З вёсак Гольні, Кордзікі прыязджалі сяляне з коньмі, каб дапамагчы ёй управіцца па гаспадарцы. Але хвароба брала сваё. Аляксандра Іванаўна памерла 16 лістапада 1927 года. Пахаванне мужнай змагаркі стала сапраўднай дэмастрацыяй. Дзясяткі людзей з навакольных вёсак сабраліся ў той восеньскі дзень на алекшыцкіх могілках. З жалобнымі прамовамі выступалі прамоўцы ад БСРГ і КПЗБ. Памяць аб гэтай мужнай і нястомнай жанчыне назаўсёды застанецца ў сэрцах яе землякоў.

Змены на карысць народа

17 верасня 1939 года часці Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. У Вялікую Бераставіцу яны ўступілі 20 верасня. Былі гарачыя сустрэчы чырвонаармейцаў з хлебам-соллю і кветкамі, са слязамі радасці на вачах. 22 верасня быў утвораны орган мясцовай улады – рэвалюцыйны камітэт (рэўком). У яго склад увайшлі жыхары мястэчка і навакольных вёсак Бераставічаны, Эймінаўцы, Старынцы, Леснявічы і іншых. Старшынёй рэўкома быў абраны Кліменцій Гулінскі, яго намеснікам Леанід Лазарчык, а сакратаром Аляксандр Расінскі. Рэўкомы былі таксама створаны ва ўсіх гмінах Галынкі, Малой Бераставіцы, Вялікіх Эйсмантаў, якія ў пачатку 1940 года былі рэарганізаваны ў сельскія камітэты.

22 кастрычніка адбыліся выбары дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі. Ад Бераставіччыны былі абраны М.А. Алізаровіч, С.П. Бялюцы, К.І. Зарэцкі, Л.М. Лазарчык, М.І. Мянько, А.М. Халявік.

У пачатку студзеня 1940 года ўтвараецца Беластоцкая вобласць з цэнтрам у горадзе Беластоку, у якую ўвайшлі 12 раёнаў, у тым ліку Крынкаўскі раён. У яго складзе была і Бераставіччына, якая дзялілася на 13 сельсаветаў.

У студзені пачынаюць дзейнічаць раённыя органы савецкай улады: райвыканкам і райкам партыі, сельскія Саветы.

22 кастрычніка 1939 года. Сяляне адпраўляюцца на выбарчы ўчастак па выбарах дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі.

Новыя ўлады прымаюць шэраг мер па сацыяльна-эканамічных зменах у рэгіёне. Праводзіцца нацыяналізацыя зямлі, спіртзаводаў і маслазаводаў, маёнткаў. Нацыяналізаваная зямля перадавалася бяднейшым і беззямельным сялянам. Па некаторых звестках, 610 батракоў і 1912 беднякоў атрымалі па 4619 гектараў толькі ворыўнай зямлі. Былі яшчэ сенажаці, лугі, торфараспрацоўкі.

Пачынаюць працаваць нацыяналізаваныя прадпрыемствы: спіртзаводы ў Пархімаўцах і ў Айцове, маслазаводы ў Бераставіцы і Крынках, сыраварня ў Старым Дворцы. У красавіку 1940 года ў Вялікай Бераставіцы пачынае работу мэблевая арцель, якая вырабляе ў першую чаргу парты і сталы для школ. Арганізоўваецца работа крухмальных заводаў у Малой Бераставіцы і ў Красніках, якія ўжо некалькі месяцаў прастойвалі без сыравіны. Адчыняецца яшчэ адзін маслазавод у Красніках.

Для забеспячэння палівам школ, бальніц і арганізацый у Алекшыцах пачала работу арцель па здабычы торфу на мясцовым балоце. У ёй працуе больш за 50 чалавек.

У красавіку 1940 года для аказання дапамогі калгасам у маёнтку Малая Бераставіца ствараецца машынна-трактарная станцыя. У маі паступаюць у МТС першыя 3 трактары.

Значныя змены адбыліся ў сістэме народнай адукацыі. На 1 сакавіка 1940 года ў раёне было 68 школ. Большасць школ працавала на беларускай мове, 6 пачатковых школ – на польскай мове і 1 школа – на яўрэйскай мове (у Крынках).

Разгортвалася культурна-асветніцкая работа. Райвыканкам і райкам партыі прынялі рашэнне аб адкрыцці ў кожным сельсавеце хаты-чытальні, а ў кожнай вёсцы – “чырвонага кутка”. Тут устанаўліваліся радыёпрыёмнікі для калектыўнага праслухоўвання, сюды ішлі свежыя газеты.

Калектыўная чытка савецкіх газет. Восень 1939 г.

Бераставіччына, як і ўся Заходняя Беларусь, за год і дзевяць месяцаў пасля ўз’яднання з БССР зрабіла значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, нягледзячы на ўсе складанасці часу.

Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА

Фота з раённай кнігі “Памяць”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *