
Падведзены вынікі выступлення навучэнцаў раёна ў абласной навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі “Купалаўская вышыня”, якая праходзіла ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пад эгідай Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства.
На фінальны этап канферэнцыі было накіравана 477 навуковых прац з усіх раёнаў вобласці і г.Гродна. З прапанаваных работ рэцэнзенты выбралі 214 даследаванняў, аўтарамі якіх стаў 241 вучань. Менавіта гэтая колькасць старшакласнікаў – ад 8 да 11 класа – вяла спаборніцтва, працуючы ў 27 секцыях, каб узняцца на “Купалаўскую вышыню”.
Як паведаміла загадчык сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Апунік, па выніках другога тура канферэнцыі навучэнцамі раёна заваяваны тры дыпломы.

У прыватнасці, дыпломам I ступені ўзнагароджана вучаніца X класа Вялікаэйсмантаўскай СШ Анастасія Станеўская (кіраўнік Л.Р. Калеснік), дыпломы III ступені атрымалі вучаніцы VIII класа Вялікабераставіцкай СШ Марыя Цякала і Анастасія Місюля (кіраўнік Н.В. Жукава), а таксама вучаніца VIII класа Старадварэцкай БШ Дарына Трафімчык (кіраўнік А.А.Дзямідзік).
Ірына МІКЛАШ

