
Ёсць кнігі, якія заўсёды будуць чытаць і перачытваць. Гэта ў поўнай меры адносіцца да кніг Уладзіміра Караткевіча. Не адно пакаленне беларусаў зачытваецца яго раманамі. У бібліятэках Бераставіцкага раёна можна ўзяць для чытання ўсе творы выдатнага пісьменніка.
Проза і паэзія, драматургія і публіцыстыка: у кожным з гэтых жанраў Караткевіч стварыў падуладныя толькі яго пяру творы. Гэта раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Цыганскі кароль»,“Зямля пад белымі крыламі” і многія іншыя.
У гісторыка-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1958) пісьменнік адлюстраваў падзеі 1880-х гадоў у адным з глухіх куткоў Беларусі. У гэтай аповесці аўтар пастараўся паказаць грамадства таго часу, з яго нацыянальнымі, культурнымі і гістарычнымі асаблівасцямі, з яго патрыятычнымі ідэямі. Аўтарам асуджаецца здрада Радзімы, нацыянальнае і сацыяльнае зло. Выкарыстаны прыёмы дэтэктыўнага жанру і ў напісаным пазней сацыяльна-псіхалагічным і філасофскім рамане “Чорны замак Альшанскі” (1979), у якім Караткевіч разважае пра сувязь часоў.
Творчасць Уладзіміра Караткевіча звязана з Гродна праз раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», сюжэт якога заснаваны на згадванні пра самазванца-Хрыста, які з’явіўся ў Гродзенскім рэгіёне ў XVI стагоддзі.
Нарыс «Зямля пад белымі крыламі» стаў сапраўднай энцыклапедыяй краіны, бо ў ёй Караткевіч ярка апісаў побыт беларусаў, іх фальклор, мову і культуру.
Прысвяціўшы сваю творчасць падзеям мінулых эпох, пісьменнік сфармуляваў так сваю творчую пазіцыю: «Трэба берагчы народную памяць аб нашых слаўных продках, аб лепшых старонках сваёй гісторыі… І кожны, хто ведае, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым».
Да юбілея Уладзіміра Караткевіча, класіка беларускай літаратуры – пісьменніка, публіцыста, паэта, перакладчыка, драматурга, сцэнарыста ў нашых бібліятэчных установах праводзяцца шматлікія тэматычныя мерапрыемствы. Госці і пастаянныя чытачы могуць пазнаёміцца з кніжна-ілюстрацыйнымі выставамі, якія прадстаўляюць жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Караткевіча.
“На Беларусі Бог жыве…” — тэматычная выстава пад такой назвай дзейнічае ў філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка”.

Кніжная выстава “Рыцар сумлення і свабоды” арганізавана супрацоўнікамі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага.

З кніжнай панарамай “Ён жыў Беларуссю”, што ў Старадварэцкай бібліятэцы, з задавальненнем знаёмяцца вучні і настаўнікі мясцовай школы.

Выдатнай рэкламай зборнікаў для чытання з’яўляюцца выстава-абмеркаванне і літаратурны партрэт “Быў. Ёсць. Буду”, прадстаўленыя ў Пархімаўскай і Масалянскай бібліятэках.

Кніжную выставу-партрэт з прывабнай назвай “Сын Зямлі пад белымі крыламі” аформіла для сваіх чытачоў бібліятэкар Кватарскай бібліятэкі.

З выставай-дасье “Асоба. Творчасць. Час” з задавальненнем пазнаёміць бібліятэкар Канюхоўскай бібліятэкі.
Найвялікшая каштоўнасць усяго, што напісаў аўтар, у тым, што яго творы выхоўваюць патрыятычныя пачуцці, вучаць лепш разумець наша мінулае і сучаснае.
Запрашаем наведаць нашы бібліятэчныя ўстановы, нашы мерапрыемствы, нашы выставы, каб дакрануцца да сілы бязмежнага таленту Уладзіміра Караткевіча і яго творчасці, народжанай душой.
Жанна Матысік, бібліятэкар аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

