У Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся дзень міжклубных зносін. На сустрэчу завіталі ўдзельнікі аматарскай творчасці “Вясёлая бяседачка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы, аматарскага абʼяднання “Залатыя ручкі”, клуба аматараў фальклору “Бераставіцкая скарбонка”, фальклорнага калектыва “Купава” і народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” раённага цэнтра культуры.

Аматарскія абʼяднанні і калектывы аматарскай творчасці кожны паасобку і адначасова агульнай талакой уносяць свой уклад у развіццё культуры Бераставіччыны. Яны ў чарговы раз гэта даказалі, прадэманстраваўшы свой талент на свяце песняў, танцаў і добрага настрою ў раённым цэнтры культуры.
У фармаце сяброўства і крэатыву ўдзельнікі прадставілі яркую праграму “Творчая майстэрня беларускай традыцыйнай спадчыны” па матывах народных традыцый і самабытнай культуры.

Гасцям сустрэчы былі прапанаваны майстар-класы.
Кіраўнік аматарскага абʼяднання “Званны госць” Алена Бурая навучыла азам фальклорнага танца “Базар”.
Разам з хармайстрам народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” Вікторыяй Бажко ўдзельнікі мерапрыемства спявалі беларускую народную песню “Ажаніўся стары дзед”.
Кіраўнік аматарскага абʼяднання “Залатыя ручкі” Алена Яўсеева правяла прэзентацыю творчых работ удзельнікаў аб’яднання.


Прысутныя згулялі ў гульню “Адгадай ды спявай”, якую зладзіла загадчык філіяла па культурна- дасугавай дзейнасці аг. Пархімаўцы Ірына Дзярнейка.
– Сустрэча адбылася выдатная, – адзначыла хармайстар народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” Вікторыя Бажко. – Мы ўспомнілі беларускія абрадавыя традыцыі, шмат спявалі і танцавалі, дзяліліся вопытам работы. Лічу, што падчас такіх мерапрыемстваў фарміруюцца духоўныя каштоўнасці ўдзельнікаў аматарскай творчасці, іх эстэтычна-мастацкія погляды, развіваецца цікавасць да мінулага, імкненне пазнаваць традыцыі, даведвацца, як жылі і працавалі нашы продкі, якія святы ім падабаліся. Удзельнікі мерапрыемства атрымалі пазітыўны настрой, што сведчыць аб іх адданасці беларускай культуры, жаданні адраджаць і зберагаць песенную і танцавальную народную творчасць, цікавасці да фальклору.


Кіраўнікі аб’яднанняў былі ўзнагароджаны дыпломамі за актыўную дзейнасць на ніве культуры Бераставіччыны.





Служба інфармацыі “БГ”
Фото Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці


