Адным з накірункаў выхаваўчай работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці і патрыятычных якасцяў, фарміраванні грамадзянскай пазіцыі з’яўляецца арганізацыя і правядзенне экскурсій. 25 сакавіка вучні 5-7 класаў Малабераставіцкай СШ адправіліся на экскурсію.

Экскурсійны маршрут прывёў нас у г. Гродна ў дом-музей Максіма Багдановіча. На сённяшні час ён з’яўляецца літаратурным аддзелам Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Прыпыніўшыся на вуліцы 1 Мая, мы адразу заўважылі драўляны дом прамавугольны ў плане, накрыты двухсхільным дахам. Сцены гарызантальна абшаляваны, рытмічна раздзелены прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з франтонамі. Дзеці заўважаюць шыльду з надпісам “Аб’ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь”.

Зайшлі ў невялікую веранду, адчынілі першыя дзверы і паціху, каб не парушыць спакой, зайшлі ў памяшканне і адразу ж акунуліся ў літаратурную атмасферу – перад намі партрэтная галерэя знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Прыветлівы экскурсавод запрасіла нас распрануцца і правяла ўводную гутарку, з якой вучні даведаліся, што музей быў адкрыты ў 1986 годдзе да 95-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча – класіка і паэта еўрапейскага маштабу. Стваральнікам і першым дырэктарам музея была пісьменніца Данута Бічэль-Загнетава. У гэтым доме сям’я жыла з 1892 па 1896 гг.
Далей экскурсавод паведаміла дзецям, што экспазіцыя мае залы: партрэтная галерэя знакамітых людзей, літаратурна-грамадскі рух канца 19 — пачатку 20 стагоддзяў, гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў. Ёсць чатыры мемарыяльныя пакоі: гасцёўня, пакой маці, дзіцячы пакой і кабінет бацькі, а таксама аддзел “Гродзеншчына літаратурная: мінулае і сучаснае”.
Заходзім у гасцёўню. На сцяне вісіць сямейны партрэт Багдановічаў: маці Марыя Апанасаўна, бацька Адам Ягоравіч і дзеці: Максім, Вадзім і Леў, які нарадзіўся ў Гродне. Па сярэдзіне пакоя стаіць авальны стол, за якім збіралася ўся сям’я. Дзеці даведаліся, як гатавалася гарбата (чай) без электрычнасці (на стале стаіць самавар). Прыгожая печка абложана кафляй, якую вырабляў завод у Гродне. Цікавую гісторыю расказала экскурсавод пра напольны гадзіннік, які быў зроблены майстрамі Бурэ, якія з’яўляюцца продкамі знакамітага рускага хакеіста Паўла Бурэ. І яшчэ адзін прадмет зацікавіў дзяцей. Многа было варыянтаў назваць яго: і піяніна, і клавесін, і раяль. Як аказалася – гэта фісгармонія, якая прыводзілася ў дзейнасць з дапамогай і рук, і ног, а іначай ніякіх гукаў не было б чуваць.
З вялікай цікавасцю вучні разглядаюць дзіцячы пакой. Тут ёсць усё неабходнае для забаў і вучобы дзяцей: крэсла-гушкалка, любімая цацка маленькага Максіма – мішка Васенька (гэта пацверджаны гістарычны факт), пісьмовы стол з неабходнымі рэчамі.
Пакой маці не маленькі, але ўтульны. Шырма для пераапранання затрымлівае ўвагу дзяцей. У пакоі знаходзяцца сямейныя рэчы: гарбатны столік, падсвечнік, трумо з чырвонага дрэва, парасон ад сонца.
Кабінет бацькі – самы малы пакой. Тут стаіць канапа для адпачынку, прыгожая шафа з разнымі дзверцамі, невялікі стол з фігурнымі ножкамі, за якім працаваў бацька пісьменніка, газавая лямпа.
З аповеда экскурсавода вучні даведаліся, што Адам Ягоравіч у Гродне выдаў чатыры працы па этнаграфіі. Літаратурны аддзел прысвечаны паэтычнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Тут дзеці змаглі ўбачыць рарытэтны зборніквершаў паэта – “Вянок” 1913 года выдання, які перадала ў музейную калекцыю вядомая беларуская паэтэса Ларыса Геніюш. Разам з эускурсаводам дзеці ўспомнілі і прачыталі верш Максіма Багдановіча “Зімой”.
На прыканцы для вучняў быў праведзены музейны занятак “Старая кватэра”. Экскурсавод прапанавала адказаць напытанні па змесце экскурсіі. Патрэбна было назваць прадмет, намаляваны на картцы, і знайсці яму месца ў адпаведным пакоі. Гульня вельмі спадабалася дзецям і захапіла іх.
Мы былі ўдзячны работнікам музея за такі змястоўны аповед і шчыры прыём. Прыемна было пачуць, што нашы вучні паводзілі сябе карэктна і пакінулі добрае ўражанне ў экскурсаводаў. За гэта экскурсавод прапанавала кожнаму з нас загадаць толькі адно жаданне, і пры выхадзе з музея зайсці яшчэ раз у гасцёўню і паглядзецца ў чароўнае люстэрка, якое садзейнічае спаўненню жадання. Ніхто з вучняў, а да рэчы і з настаўнікаў, не прайшоў міма люстэрка і не забыўся пра гэты момант.
Затым на падарожжа працягнулася ў тэатры лялек. Мы прагледзелі спектакль “Казка аб луннай карове”. Усе вучні першы раз былі ў тэатры. І былі моцна ўражаны урачыстым убранствам залы, колькасцю наведвальнікаў, цудоўнай гульнёй акцёраў і атмасферай, якая панавала у час спектакля. На гэтым мы не спынілі сваё падарожжа. А яно прадоўжылася ў парку Жэлібера, дзе вучні мелі магчымасць адчуць сябе сапраўдным шафёрам электрамабіля. Гойсалі ўсе: і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Столькі было эмоцый і ўражанняў!

Задаволеныя і шчаслівыя мы павярнулі назад дадому, ловячы сябе на думцы, што ўсё прыемнае заканчваецца вельмі хутка. І калі вучні пыталіся, калі мы паедзем зноў на экскурсію, настаўнікі ўсміхаліся і былі ўпэўнены ў тым, што яны робяць неабходную і патрэбную справу – дапамагаюць вучням далучацца да літаратурнай спадчыны Гродзеншчыны, дакранацца да гістрачнага мінулага Бацькаўшчыны, садзейнічаюць эстэтычнаму выхаванню дзяцей.
Жанна Козел, класны кіраўнік 5 класа Малабераставіцкай сярэдняй школы

