“Маё, беларускае, роднае, кроўнае…” 21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы

Актуально Культура Лента новостей Образование Общество

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Наш культурны код

Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі. Бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная. У сучасным свеце надзвычай важным з’яўляецца захаванне традыцыйных духоўных каштоўнасцей, выхаванне патрыятызму, які складае аснову жыццяздольнасці дзяржавы. І, вядома, гэта немагчыма без ведання гісторыі нашага народа, роднай мовы і культуры.

– Менавіта мова – адзін з найважнейшых складнікаў культурнага кода нацыі, – лічыць бібліятэкар Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэкі Зоя Хлебнікава. – Вельмі важна навучыць сучаснае пакаленне з павагай ставіцца да беларускай мовы, а таксама на ёй размаўляць. А таму ў бібліятэцы мы сумесна з настаўнікамі імкнемся праводзіць мерапрыемствы на беларускай мове.

На сустрэчах у Малабераставіцкай бібліятэцы школьнікам заўсёды цікава. Зоя Якаўлеўна не проста рыхтуе розныя прэзентацыі і вечарыны на беларускай мове, але часта выкарыстоўвае для каларыту нацыянальны касцюм, старадаўнія прылады працы і прадметы побыту, унікальны арнамент на вышыўках, рушніках. Кніжна-ілюстрацыйныя выставы таксама афармляюцца ў беларускай стылістыцы. Такая нагляднасць дапамагае ў знаёмстве вучняў з моўнымі і культурнымі асаблівасцямі, якія вылучаюць нас сярод іншых народаў, з беларускім фальклорам і традыцыямі.
Цяпер у Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы дзейнічае кніжная выстава “Размаўляй са мной па-беларуску”. На ёй прадстаўлены адаптаваныя для вучняў розных класаў выданні аб роднай краіне і мове, беларускай сімволіцы і выдатных мясцінах нашай Радзімы.

Выставы, гучныя чытанні, дыктоўкі

У перыяд святкавання Міжнароднага дня роднай мовы праходзіць Тыдзень роднай мовы. У гэты час ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна праводзяцца тэматычныя і выхаваўчыя гадзіны, конкурсы, літаратурныя святы, гасцёўні. Арганізуюцца экскурсіі ў краязнаўчыя і школьныя музеі. У бібліятэках пройдуць паэтычныя гадзіны, гучныя чытанні, урокі роднай мовы, кніжныя выставы. Настаўнікі і вучні традыцыйна прымуць удзел у рэспубліканскай дыктоўцы па беларускай мове, якую 21 лютага з 13.00 да 14.00 у рэжыме анлайн правядуць Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа і канал «Культура» Беларускага радыё. Дарэчы, праверыць сваё валоданне роднай мовай можа любы жадаючы. Неабходна папярэдняя рэгістрацыя.

Адным з традыцыйных мерапрыемстваў з’яўляецца і масавы конкурс “Буслік”, які ўжо доўгі час ладзіць грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя “Конкурс”. У гульні-конкурсе ўдзельнічае шмат дзяцей па ўсёй краіне. Рыхтуючыся да “Бусліка”, яны з малога вучаць родную мову, цэняць і паважаюць яе.

Праваслаўная кніга – духоўная спадчына

Увесці падрастаючае пакаленне ў атмасферу жывога беларускага слова, далучыць яго да багацця роднай мовы, каб адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць, нам дазваляюць фальклорныя і лепшыя класічныя творы. А яшчэ – духоўная літаратура, якая ў старажытнасці першай атрымала распаўсюджанне. Сёлета 21 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбудзецца святкаванне Дня праваслаўнай кнігі. Гэтае свята – магчымасць нагадаць аб багацці духоўнай спадчыны, заключанай ў праваслаўных кнігах, аб мудрасці святых айцоў і падзвіжнікаў веры.

Для Беларусі ў гэтым годзе святкаванне Дня праваслаўнай кнігі спалучана з юбілейнымі датамі – 500-годдзем выдання «Апостала» Францыскам Скарынам, 900-годдзем заснавання Спаса-Еўфрасіньеўскага жаночага манастыра ў Полацку, 800-годдзем заснавання Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, 555-годдзем з’яўлення Жыровіцкага абраза Божай Маці і 525-годдзем з’яўлення Мінскай іконы Божай Маці.

Святлана ГАНЧАРОВА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *