Свята святаў
Вялікдзень з’яўляецца самай вялікай і ўшанаванай урачыстасцю богаслужэбнага года для ўсяго хрысціянскага свету. Каталікі і праваслаўныя святкуюць уваскрашэнне Ісуса Хрыста як перамогу жыцця над смерцю. У 2024 годзе каталіцкі Вялікдзень прыпадае на 31 сакавіка, а праваслаўны будзе святкавацца 5 мая.
З гісторыі
Вялікдзень узыходзіць да старажытнаіудзейскага свята «Песах», звязанага з зыходам яўрэяў з егіпецкага палону і прынясеннем у ахвяру ягня. Паводле Старога Запавету, яўрэі жылі ў Егіпце больш за 400 гадоў, пакуль аднойчы іх колькасць не перавысіла мясцовае насельніцтва. Тады фараон загадаў узяць яўрэяў у рабства, а ўсіх нованароджаных забіць. Аднак аднаго з іх, будучага вызваліцеля Майсея, удалося выратаваць. Пасталеўшы, Майсей прыйшоў да фараона з просьбай адпусціць яго людзей, аднак уладар адмовіўся. Пасля гэтага, паводле Бібліі, у выглядзе пакарання на краіну былі пасланы 10 смерцяў егіпецкіх, якія прынеслі голад і неўраджай. У апошнюю ноч павінны былі загінуць усе егіпецкія першынцы. Каб той жа лёс не напаткаў яўрэйскія сем’і, неабходна было прынесці ў ахвяру ягня.
Хоць хрысціянскі Вялікдзень мае тыя ж карані, значэнне свята моцна адрозніваецца. Калі Песах святкуецца як вызваленне габрэяў ад рабства, то Вялікдзень звязаны з уваскрасеннем Ісуса Хрыста з мёртвых. Разуменне першай велікоднай ахвяры апісана апосталам Паўлам у Першым пасланні да Карынцянаў. Як піша апостал Павел: «Пасха наша, Хрыстос, закладзены за нас».
Калі святкуем
Праваслаўныя, каталікі, пратэстанты і прадстаўнікі армянскай царквы адзначаюць галоўнае хрысціянскае свята ў розны час. Разыходжанне звязана з календарамі, якімі карыстаюцца канфесіі. Так, каталіцкая царква звярае даты па грыгарыянскім календары, а праваслаўныя карыстаюцца юліянскім. Даты Вялікадня для абедзвюх хрысціянскіх канфесій вылічваюцца з дапамогай пасхалій — спецыяльнай сістэмы разліку, якая вызначае дні святкавання на шмат гадоў наперад.
Праваслаўныя і каталікі святкуюць Вялікдзень у розныя дні амаль чатыры з паловай стагоддзі. Гэта адбываецца таму, што праваслаўныя хрысціяне і каталікі візантыйскага абраду ў падліку даты кіруюцца александрыйскай пасхаліяй і юліянскім календаром, створаным яшчэ пры Юліі Цэзары ў 45 годзе да н.э. Заходнія ж хрысціяне бяруць за аснову грыгарыянскі каляндар, які быў уведзены ў 1582 годзе папам рымскім Рыгорам XIII. Такім чынам, адлік вядзецца ад розных дат, у абодвух выпадках гэта першая нядзеля пасля вясновага навалуння. Першапачаткова на Захадзе свята адзначалі ў першую нядзелю пасля яўрэйскага Песаха, а пасля грыгарыянскай рэформы ХVI стагоддзя каталіцкі Вялікдзень перастаў наўпрост залежаць ад іудзейскай. Тым не менш магчыма скрыжаванне дат па складаным збегу акалічнасцяў, злучаных з месяцовым календаром і вясновым раўнадзенствам. Часцей за ўсё каталікі і праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень з розніцай у тыдзень, але адбываецца як разрыў у месяц, так і поўнае супадзенне дат. Напрыклад, у 2025 годзе хрысціяне абедзвюх канфесій будуць адзначаць гэта вялікае свята разам — 20 красавіка.
Варта ведаць
Што пакласці ў велікодны кошык?
Гэтае пытанне мы штогод задаём сабе перад Вялікай суботай, калі збіраемся ў касцёл, каб асвяціць стравы. У велікодным кошыку павінны быць асноўныя кампаненты, неабходныя для прыгатавання велікоднага сняданку. Гэта Божыя дары, якія прыгадваюць нам аб важных момантах, патрэбных для разважання над мукай і ўваскрасеннем Хрыста. Кожная са страў мае ўласны характэрны сімвал.
Велікоднае яйка, пафарбаванае ці распісанае. Гэта дар, што сімвалізуе новы пачатак, нараджэнне, уваскрасенне, якога вернік чакае ў перыяд Велікодных свят.
Хлеб асвячаецца на ўспамін хлеба, які сышоў з неба, гэта значыць Езуса. І як даніна памяці таму, што Ён цудоўным чынам накарміў натоўпы людзей, якія слухалі Яго навучанне. Хлеб сімвалізуе Цела Хрыста – хлеб жыцця для хрысціян.
Соль і перац. Соль захоўвае стравы ад псавання, а таксама сімвалізуе захаванне чалавека ад духоўнай сапсаванасці, навяртанне і ачышчэнне. Для хрысціян соль сімвалізуе сутнасць жыцця і праўды. Адсюль мы кажам пра “соль зямлі” – так Езус назваў сваіх вучняў, выбраных. Перац сімвалізуе зёлкі, якія раней яўрэі дадавалі ў харасэт (від соусу). Яны рабілі гэта на ўспа-мін цяжкай, горкай прымусовай працы пры вырабе цэглы ў Егіпце.
Хрэн прыгадвае аб пераадоленні Хрыстовай мукі горычы. Ён таксама сімвалізуе фізічную сілу і жыццяздольнасць. Змешчаны ў кошыку, ён павінен забяспечыць здароўе і моц, а таксама падтрымліваць эфектыўнасць іншых асвечаных прадуктаў.
Вяндліна з’яўляецца сімвалам багацця, дастатку: не толькі матэрыяльнага, але і духоўнага, дзякуючы якому мы можам заключыць поўны запавет з Богам.
Сыр. У велікодны кошык можна пакласці і кавалак сыру. Найлепш, калі ён выраблены з малака авечкі, казы або каровы. Можна пакласці таксама тварог, выраблены ў хатніх умовах.
Фігурка велікоднага ягняці, спечаная з цеста ці зробленая з цукровай пудры. Ягнятка з чырвонай харугвай – гэта сімвал мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста.
Велікодная бабка. Лепш за ўсё не купленая, а спечаная гаспадыняй. Бабка з’яўляецца сімвалам умення і дасканаласці, да якіх павінен імкнуцца кожны чалавек як у духоўным жыцці, так і ў навакольнай рэчаіснасці.
Сам кошык павінен быць сплецены з вербалозу і высцелены белай сурвэткай. Трэба аздобіць яго самшытам, які з’яўляецца сімвалам радасці і надзеі на ўваскрасенне. Ручку кошыка можна абплесці белай карункавай ці каляровай стужкай.
Традыцыі
Фарбуем яйкі
Традыцыйны падарунак на Вялікдзень – фарбаванае яйка, як знак зараджэння новага жыцця. Яго з’ядаюць першым за велікодным сталом, даюць родным і суседзям. Паводле царкоўнай традыцыі, фарбаваць яйкі трэба ў Чысты чацвер. Рассказваем, як гэта зрабіць.
Да фарбавання яйкі неабходна правільна падрыхтаваць. Вось некалькі парад:
- за гадзіну да фарбавання дастаньце яйкі з халадзільніка, каб яны сталі пакаёвай тэмпературы. Так яны не трэснуць пры варэнні. Такога ж выніку можна дасягнуць, пракалоўшы яйкі тонкай вострай іголкай ці дадаўшы ў ваду 12 ст.л. солі;
- для таго, каб фарба лягла раўней, яйкі трэба старанна вымыць. Раўнамернасць афарбоўкі можна забяспечыць, працёршы яйкі мыльным растворам ці спіртам;
- бліскучы знешні выгляд яйкі набудуць, калі пасля фарбавання выцерці іх насуха і нацерці алеем.
-
Класіка жанру – цыбульная шалупіна
Гэта спосаб нашых бабуль, які дагэтуль застаецца актуальным. У выніку можна атрымаць чырвоныя яйкі, а таксама жоўтага, карычневага колеру ці іх адценняў — усё залежыць ад працягласці працэдуры фарбавання.
Наліце ў каструлю вады і дадайце цыбульную шалупіну. Чырвонакарычневы колер атрымаецца, калі ўзяць шалупіну 8 цыбулін і заліць 2 стаканамі вады. Ваду з шалупінай давядзіце да кіпення і пракіпяціце 3040 хвілін. Адвару дайце настаяцца, потым працадзіце і варыце яйкі 710 хвілін.
Каб яйкі добра чысціліся, іх трэба астудзіць ледзяной вадой. Для атрымання больш інтэнсіўнага колеру можна вярнуць іх у адвар і пакінуць там на некаторы час.
Харчовыя фарбавальнікі
Адзін з самых простых спосабаў – пафарбаваць яйкі пры дапамозе фарбавальнікаў з велікодных набораў. Там заўсёды маецца рэцэпт, але можна зрабіць наступным чынам. Зварыце яйка ўкрутую. Развядзіце фарбавальнікі вадой – кожны колер у асобнай місачцы. Вады павінна быць столькі, каб яна пакрывала яйкі. Дадайце 1 ст.л. воцату. Трымайце яйкі ў місачках, пакуль яны не набудуць яркі колер.
Эканомія часу – тэрманалепкі
Налепкі прадаюцца напярэдадні свята ў многіх магазінах. Зварыце яйка ўкрутую. Надзеньце на яйка налепку. Апусціце яйка ў кіпячую ваду, каб налепка “абняла” яго і прыняла патрэбную форму.
Фантазіі ва ўзорах
Хаатычныя крапінкі з’явяцца, калі перад фарбаваннем мокрыя яйкі абкачаць у рысе ці просе. Малюнак у выглядзе лісціка можна атрымаць, прыклаўшы перад фарбаваннем да яйка ліст пятрушкі і зафіксаваўшы яго марляй ці панчохай. Для таго, каб яйка перасякалі роўныя лініі, можна прыляпіць на яго шкарлупіну малярны скотч. Яйкі “ў клетачку” атрымаюцца, калі зварыць іх абгорнутымі ў сетцы ад садавіны і агародніны.
Малюнкі цукровай пудрай
Разнастаіць і зрабіць фарбаваныя яйкі больш стыльнымі дапаможа цукар. Стакан цукровай пудры змяшайце з невялікім аб’ёмам вады так, каб утварылася густая кансістэнцыя, без камякоў. Атрыманы раствор набярыце ў кандытарскі шпрыц і нанясіце любы ўзор на пафарбаванае яйка. Дайце магчымасць раствору застыць.
Па матэрыялах інтэрнет-рэсурсаў падрыхтавала Ірына МІКЛАШ