Сёлетняе прафесійнае свята асаблівае для працаўнікоў спажывецкай кааперацыі Бераставіччыны: яно адзначаецца ў 70-гадовы юбілей стварэння сістэмы спажыўкааперацыі ў раёне. З чым прыйшлі да гэтай даты працаўнікі філіяла аблспажыўтаварыства? Пра гэта напярэдадні прафесійнага свята расказала намеснік дырэктара філіяла Лілія Лазарчык:
– Днём стварэння сістэмы спажывецкай кааперацыі ў раёне з’яўляецца 18 жніўня 1944 года. Жыццё пасля вызвалення роднага краю толькі-толькі пачало наладжвацца, і немалую ролю ў гэтым адыгрывала адкрыццё ў вёсках гандлёвых кропак. Першым старшынёй тагачаснага райспажыўсаюза быў былы партызан Уладзімір Вальковіч, а бухгалтарам – Марыя Русакова, тавары ў магазіны дастаўляліся коньмі і машынамі з воінскай часці. З таго часу спажывецкая кааперацыя раёна прайшла доўгі шлях станаўлення і мадэрнізацыі, заўсёды ставячы перад сабой адну мэту: належным чынам забяспечваць членаў спажывецкага таварыства і насельніцтва таварамі народнага спажывання. Сёння спажыўкааперацыя на Бераставіччыне – гэта шматгаліновая сістэма, якая ўключае ў сябе рознічны гандаль і грамадскае харчаванне, вытворчасць хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, паўфабрыкатаў, нарыхтоўку сельгаспрадукцыі з уласных падвор’яў насельніцтва, дзікарослых пладоў і ягад, другаснай сыравіны, знешнеэканамічную дзейнасць. У філіяле працуе 398 чалавек, а на заслужаным адпачынку сёння знаходзіцца 295 былых работнікаў, і пра іх у калектыве ўспамінаюць з удзячнасцю. У структуры філіяла 42 магазіны, 31 з іх і 5 аўтамагазінаў абслугоўваюць вясковае насельніцтва, працуюць 15 аб’ектаў грамадскага харчавання.
Мне вельмі прыемна сёння гаварыць пра тое, што па выніках знешнегаспадарчай дзейнасці за 2013 год філіял заняў 1-е месца ў вобласці і ўзнагароджаны Дыпломам І ступені. І ў гэтым заслуга літаральна кожнага члена калектыву. Праца кааператараў патрабуе прафесіяналізму, творчасці, цярпення, яе вынікі заўсёды відавочныя, ацэньваюцца спажыўцамі,
пакупнікамі штодня, і гэта таксама накладвае асаблівую адказнасць. Штогод у філіял прыходзіць моладзь, і ёй ёсць у каго павучыцца: сёння 195 работнікаў носяць ганаровае званне “Ветэран калектыву”. У гэтым годзе яго ўдастоены начальнік гандлёвага аддзела Валянціна Карпуць, кладаўшчык Жанна Бутрым, вадзіцель Іван Лукашук. Прыемна адзначыць, што сёлета праўленне Белкаапсаюза ганаровае званне “Чалавек года” прысвоіла ў намінацыі “Лепшы повар” повару рэстарана “Колас” Марыі Бялко, а ў намінацыі “Лепшы рэвізор” – начальніку кантрольна-рэвізійнай службы Наталлі Лукашук.
У юбілейны для спажыўкааперацыі раёна год многія нашы працаўнікі ўзнагароджаны за значны асабісты ўклад у развііце галіновай дзейнасці філіяла: Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта – машыніст цестараздзелачных машын цэха хлебавыпечкі Святлана Малафей, Ганаровай граматай аблспажыўтаварыства і абкама прафсаюза спажыўкааперацыі – начальнік участка Раіса Хацько, прадавец магазіна “Ветэран” Галіна Шкляр, начальнік службы грамадскага харчавання Тамара Шлык, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта – бухгалтар філіяла Аксана Карпуць, вадзіцель Сяргей Крук, прадавец магазіна “Універсам” Ганна Антошына, повар рэстарана “Колас” Жанна Маршанюк, майстар-пекар Святлана Парманчук, прадаўцы Наталля Граеўская з магазіна “Гурман”, Ірына Дашкевіч з магазіна “Стыль”, Зінаіда Дудко з магазіна “Верас” аг. Малая Бераставіца. А
Падзячнымі пісьмамі нашага філіяла ўзнагароджаны 57 працаўнікоў.
Хачу павіншаваць з прафесійным святам і юбілеем спажыўкааперацыі раёна ўсіх, хто стаяў каля яе вытокаў, нашых ветэранаў, працаўнікоў філіяла. Дзякуй вам за працу, шаноўныя! Добрага здароўя ўсім вам і вашым сем’ям, шчасця і дабрабыту!
Падрыхтавала
Марыя Драпеза,
фота аўтара