Яе жыццёвая каляіна

Лента новостей

Марыя Міхайлаўна Авечка ніколі асабліва не задумвалася – як, згадзіцеся, і любы з нас – над тым, у чым жа заключаецца сэнс і мудрасць жыцця. Яна проста жыла на плыні часу, які імкліва адлічвае, здаецца, не гады, а цэлыя дзесяцігоддзі. І проста ішла жыццёвай каляінай, якую наканаваў ёй лёс – далёка не роўнай і не гладкай, але, як кажа жанчына, “затое сваёй, уласнай”. І нідзе не збочвала з яе, не пазірала зайздросна на тых, у каго каляіна лёсу была такой, што “хоць бокам каціся”.
Яна здолела прайсці свой шлях ад 14 – гадовай вясковай дзяўчынкі, якая аднойчы па дарозе ў школу страціла прытомнасць ад недаядання і – да кавалера двух ордэнаў Працоўнай Славы. Жыццё пражыта годна, вартае павагі і пашаны. Дык, можа, у гэтым якраз і ёсць яго сэнс і мудрасць? У біяграфіі гэтай жанчыны няма нічога асаблівага: проста сумленна працавала, проста цярпліва пераадольвала ўсе цяжкасці і ўсе выпрабаванні. І заўсёды памятае: толькі руплівасць мае сапраўдную цану і – толькі той рубель, што зароблены ўласным мазалём.
Сёлетні, 2011-ы год, для жанчыны адметны. Юбілейны. Бо сёмы дзясятак ёй адмервае. А з мужам жывуць у пары ўжо роўна паўстагоддзя. Можа, таму і ўспаміны менавіта цяпер прыходзяць, абступаюць Марыю Міхайлаўну ўсё часцей? “А звычайна яны ў мяне складзены ў куфэрачак, — жартуе. – І ляжаць там ціха-мірна, пакуль душа не папросіцца ў даўнейшае. Тады перадумаю ўсё сваё жыццё…”
Родам яна з перадваеннага саракавога. Вайну не памятае, а вось пасляваенны галодны час крывым колам пракаціўся па яе лёсе, яшчэ ў дзяцінстве ўпрог ў работу…

— Жылі мы ў Пыхоўчыцах, — апавядае. – Не ў самой вёсцы, а на хутары. Сям’я вялікая: тры дачкі ў бацькоў і чатыры сыны. Потым, ужо дарослай, часта задумвалася, як жа выжывалі мы ў той пасляваеннай нястачы? Добра помню, што есці хацелася і днём, і ноччу. Татка нарыхтоўшчыкам быў. Ездзіў з возам па вёсках і збіраў анучы. Бабы куплялі за іх альбо за яйкі ці за якую сэканомленую капейчыну розную дробязь – мыла, газу, іголкі, гузікі… Падчас татка пытаўся ў мяне:
— Паедзеш са мною? Удваіх і латвей, і весялей.
І я з радасцю ўмошчвалася на возе!
Наша з’яўленне ў вёсках было цэлай падзеяй.
— Ганучнік прыехаў! – крычалі дзеці, яшчэ за ваколіцай убачыўшы наш воз, і басанож неслі навіну па вуліцы. А калі мы з таткам прадавалі селядцы – я адважвала, а ён браў грошы – адчувала сябе дарослай і незаменнай памочніцай.
Але ішоў час, Марыя падрастала і … ездзіць чамусьці саромелася.
Такім было яе дзяцінства.
Да пятага класа яны, дзеці, вучыліся ў Пыхоўчыцах, потым хадзілі ў Малую Бераставіцу. Цераз лес, а за Калеснікамі – дык каля самых могілкаў.
— Не паспееш разам з усімі – і бяжыш без духу, абміраючы ад страху, — перабірае ў памяці той, на дзіва ўжо далёкі, бы ў тумане, час Марыя Міхайлаўна. – І аднойчы бегла во гэтак я адна. А потым… Мяне знайшоў нейкі калеснікоўскі дзядзька: ляжала на сцяжынцы без прытомнасці. Перадалі татку, і ён прыехаў па мяне сваім возам. Помню і сёння спалоханыя таткавыя вочы. “Што з табою, дачушка?” – усё пытаўся. Потым дактары сказалі, што ад недаядання так сталася.
Пасля сямігодкі навука для Марыі скончылася.
— Татка з мамай рашылі, што вучонай з мяне ўсё роўна не атрымаецца, а вось здароўе ў хаце як-кольвек зашаную, — уздыхае расказчыца. – То й “зашанавала”: у чатырнаццаць год стала калгасніцай.
Дзяўчаты працавалі ў паляводстве, і яна пайшла. Коней ім далі – поле баранаваць. Марыя Міхайлаўна раптам усміхаецца:
— Дзяўчаты сядуць і паедуць. Мне ж кабылка дасталася такая ўжо наравістая! Ну а сама я малая, благая была. Толькі ўзбяруся кабылцы на спіну – яна… р-раз і скінула мяне цераз галаву! Усе смяюцца, а я плачу…
Але выручыў выпадак.
Неяк прыгналі ў калгас цялушак. Размясцілі на ферме, і кожнай з дзяўчат далі па групе. А мяне абдзялілі, малая, маўляў, яшчэ. Аднак дванаццаць цялушачак, як аказалася, “лішнімі” былі – не мелі куды іх паставіць. Урэшце, адгарадзілі месца ў гумне, дзе сечку рэзалі. Начальства й пытаецца ў мяне:
— Будзеш гэтых цялушак глядзець?
Аж падскочыла ад радасці!
— Яшчэ як буду! Гэта ж не з наравістаю кабылкай ваяваць!
Нават і не падазравала тады, як жа памылялася!
Хто меў справу з першачкамі, той ведае, пра што кажу. Да расцёлаў даглядала іх, а потым раздойвала. Падчас такая трапіцца – куды той кабылцы да яе! Я і ласкаю, я і прыкрыкну – ну не падступіцца да каторай, бо ні вопыту ніякага, ні хітрасці, ні развагі. Так і скакала каля сваіх каровак, як вавёрачка. Іду, бывала, тыя дзве з паловай вярсты з Малых Эйсмантаў дахаты і ад стомы ледзь не плачу. Як цяпер падумаю: што ж хацець, дзіця яшчэ была. А работы ж многа, бо дзяўчаты ўсе разам – адны цялушак паіць на раку гоняць, другія ў стойлах падмятаюць, я ж у сваім гумне адна. Але стома тая хутка праходзіла, і раненька я зноў ахвотна бегла на сваю “ферму”.
Заробак мізэрны быў. Потым, праўда, па восем капеек на працадзень пачалі далічваць. Так узрадавалася! Нават падлічыла, чаго накуплю на гэтую даплату. І тут…
Свята Антонія было, фэст у Малабераставіцкай царкве. Дзяўчаты прыбеглі: “Дамаўляйся і ты з кім, каб падмяніў, то пойдзем на фэст!” Дамовілася. А вярнулася пад вечар з Малой Бераставіцы – кароўкі мае равуць не кормленыя, не падоеныя. Божухна ж мой! Насварылася на мяне начальства. І вылічыла тыя восем капеек з працадзён.
А мне і каровак шкада, і грошай, а найбольш – крыўдна: старалася-старалася і вось што… Рукі неяк самі сабой апусціліся. Іду ў сваё гумно і думаю, што не для мяне гэтая работа, не маю ні сур’ёзнасці, ні адказнасці. Хаця за тры гады і палюбіла ўжо яе, і ўцягнулася.
А тут выпадак паднёс сям’і дзяўчынкі такое, што ёй стала не для разважанняў. Згарэла іх хата на хутары. Бацькі не ведалі, што ж рабіць, куды кінуцца. Старэйшы брат Марыі працаваў тады на станцыі Бераставіца. Там і апытаў пляц, неяк настрасалі грошай і купілі хатку ў Мсцібаве, перавезлі.
— Можа, застанешся, Марыя? – усё ўгаворваў дзяўчынку старшыня тагачаснага калгаса “Іскра”. – Ты добрая даярка, у цябе спрытныя рукі. Жыллё выдзелім.
Але як магла яна застацца адна, без сям’і? Хаця чамусьці і шчымела сэрца, што пакідае сваіх цялушачак. Але так ўжо склаліся абставіны…

І вось новае месца, новая хата. Станцыя Бераставіца была тады “на ўздыме”: мянялі чыгуначныя рэйкі, і будоўля ваеннага гарадка распачыналася, працавалі ўжо буракапрыёмны і збожжапрыёмны пункты… Тых вагончыкаў для рабочых шмат стаяла! Фермы не было, і Марыя рашыла: значыць, так яно і трэба, пайду на “доўгі” рубель.
Памятае, як разгружала машыну цэглы на будоўлі ваеннага гарадка. Нехта тады яшчэ крыкнуў ім, дзяўчатам: “Ваша цэгла самай першай у падмурак ляжа, ганарыцеся!”
— Але доўга я там не затрымалася, — працягвае Марыя Міхайлаўна.
— Цяжка было?
— Ды што там цяжка! На гэта не зважала. Сказалі, што ў кар’еры, дзе стаяла каменедрабілка, плацяць намнога больш. Туды і папрасілася.
Але дармовых грошай нідзе не плацяць. На межах, на палях, на крушнях збіралі тыя камяні. Іх драбілі, а іншыя і так у вагоны загружалі. Марыя старалася, і заробак той пакідаў на руках крывавыя мазалі: днём збірала камяні, ноччу грузіла…
Харч жа які быў? І хутка дзяўчына зразумела, што гэтак ненадоўга хопіць ёй сіл.
— У сталоўку ўладкуйся, там і пад’ясі часам, — падказалі добрыя людзі.
Тут Марыі дапамагло яе ўменне рабіць прычоскі – надта моднымі былі тады валікі над ілбом. А бухгалтарка сталовай, Каця, мела, на шчасце, пышныя валасы. І вось, калі аднойчы яна збіралася на нейкую ўрачыстасць, дзяўчаты паклікалі Марыю…
Так і зайграла – пацягнулася ў яе жыцці, як сама кажа, зусім іншая пласцінка. Збірала ў сталовай посуд са сталоў, мыла падлогу. Потым на “павышэнне” пайшла – пасудамыйкай стала. Плацілі 27 рублёў, і гэта па тым часе былі добрыя грошы. Але падвялі рукі: ад пітной соды і гарчыцы рукі моцна “раскідала”. Урач сказаў: “Мяняй работу”. І тут сястра, якая працавала бухгалтарам у райпо, параіла ісці ў гандаль. Была прадаўцом на станцыі Бераставіца, потым – у Алекшыцах.
Але тут жыццё Марыі зноў зрабіла круты паварот.
— Пазнаёмілася з Валодзем у яго Мінчыках, — углядваецца ў той, паўвяковай даўнасці летні вечар Марыя Міхайлаўна. – Прыгожы ён быў хлопец. Гэта ўсё і вырашыла. Ужо потым я зразумела, што і чалавека напаткала вельмі добрага, шчырага, адкрытага.
Помніць да драбніц той свой вясельны пераезд у хатку свекрыві – таткі Валодзя не меў ад вайны. Маладая вязла шафу з фанеры, а ў той шафе – сукенка з блакітнага крапдашыну, сарафан і сукеначка. Яшчэ коўдра ехала на тым вясельным возе, падушкі і – вялізны вазон шпарагі. Вось і ўсё прыданае. У жаніха, акрамя жыўнасці ў хляве, багацця таксама ніякага не было.
Так невялічкія Мінчыкі на сорак двароў сталі для Марыі Міхайлаўны роднымі, а для іх з Уладзімірам Паўлавічам дзяцей – ра-дзімай. Дваіх сыноў і дачку нарадзілі, выхавалі. Унукаў дачакаліся. Тут, у Мінчыках, жанчыну і яе прафесія колішняя знайшла. У вёсцы была ферма, і калі ўстаў выбар, куды ісці – у паляводства ці ў жывёлагадоўлю, яна, вядома ж, і не задумалася.
— Не таму, што на ферме больш зарабляюць, — кажа. – Хаця і гэта важна.
— А чаму? – пытаюся.
— Ведаеце, дзе б ні працавала, усюды вельмі старалася. Не хвалюся, але не ўмела працаваць без ахвоты, абы з рук. Заўсёды старалася ад душы. Але падчас і дзівілася: чаму гэта я з усімі сваімі нядоўгімі работамі расстаюся лёгка, без шкадавання? Не было таго шчымлення ў душы, якое адчувала, пакідаючы сваіх цялушак у Малых Эйсмантах.
Потым жанчына зразумее чаму. Усе тыя прафесіі былі не яе, не прыносілі сапраўднага задавальнення. Нехта, магчыма, не паверыць, скажа: што за радасць даіць кароў і чысціць стойлы? А Марыя, дамовіўшыся з маці, што тая будзе глядзець яе пяцімесячную дачушку, спяшалася на ферму, адчувала ў душы дзіўную раўнавагу, быццам знайшла, урэшце, тое, што некалі згубіла.
— Гэта які быў год? – цікаўлюся.
— Тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят трэці. Уручную тады ўсё рабілі. Цяжка было, гэта праўда. Даілі тры разы на дзень. Устаеш у чатыры гадзіны раніцай. У пяць – дойка, але да яе трэба яшчэ пачысціць у стойлах і вывезці ваганеткай гной, раздаць корм, даглядзець цялят. Падаіў – упраўся з малаком. Узімку нясеш бідоны ў халоднае месца, на цэмент. А летам бяжыш да бурта, дзе лёд з зімы ўкрыты. Наб’еш яго, у ваду апусціш – такі вось халадзільнік для малака…
У восем ты ўжо ў хаце, а там чакае свая “ферма”: тады без яе і не пражыў бы. У дванаццаць – зноў у кароўніку. Кароў – на прагулку, а сама чысціш стойлы, навязваеш і доіш кароў. Увечары зноў усё тое ж. Дамоў каля поўначы вяртаешся. І так – з дня ў дзень, гэта ўжо потым падменныя даяркі сталі, выхадныя дні пачалі нам даваць.
Але, ведаеце, і працавалі з ахвотай, і стараліся. Усе бабы вясковыя, да работы цягавітыя, а ўжо гаспадыні якія акуратныя! І лёгка, і добра з імі было. А састарыліся яны, у хатах паселі, дык хто толькі ні рабіў на той ферме! Неяк, ведаеце, упаў быў прэстыж прафесіі жывёлавода. Мясцовыя дзяўчаты ў горад падаліся, а прыезджыя маладзіцы часта ў чарку любілі заглядваць. А хто карміў жывёлу? Нярэдка так было: праштрафіўся на трактары, выпіў, — на ферму “ў ссылку” таго трактарыста адпраўлялі. Каму, як не Марыі Міхайлаўне, пра ўсе гэткія “тонкасці” ведаць? Калі загадчыцай стаць прапаноўвалі, не адразу й рашылася. Але ў калгасе не сумняваліся, што якраз яна – справіцца. Бо даярка – вопытная, работа ў яе руках “гарыць”. Ды і з людзьмі ўмее ладзіць, так што такі практык, як Марыя Міхайлаўна, каштоўней за іншага вучонага загадчыка фермы.
І яна спраўлялася. Клопатаў было, як сама кажа, “поўны рот”: дойны статак, цялушкі на дарошчванні, на ўзнаўленні, адкорм – 330 галоў. У калектыве – паўтара дзясятка чалавек. “Вездесущая” загадчыца ўсё бачыла, усё ведала, усю работу кантралявала. Кожны ведаў: Марыя Міхайлаўна не прапусціць неахайнасці, ад яе вока не ўтоіш нічога. А ёй, загадчыцы, падчас ох як няпроста было. Не раз і не два брала ў рукі дойку і сама даіла групу – захварэўшага заўсёды была рада падмяніць, але, на жаль, часта гэта былі проста прагулы, і на сваім веласіпедзе яна ні з чым вярталася ад такога “хворага”, моўчкі ішла да яго кароў. Гаспадару ж іх назаўтра было “горача”, няёмка. Загадчыца ніколі не дакладвала пра падобныя “сюрпрызы” ў кантору, разбіралася з сітуацыяй тут жа, у калектыве, і гэта цанілі.
— Сама, бывала, паплачу ў хаце, і – на работу.
А яшчэ яе паважалі за руплівасць, нераўнадушнасць, няўрымслівы характар.
— Усім было добра – і нам, і начальству, якому наша ферма не чыніла праблем і канфліктаў, — сказаў мне былы работнік калектыву. – Марыя Міхайлаўна даходзіла да ўсяго – усё рашала, усюды паспявала. І калгасныя кіраўнікі яе вельмі цанілі, работнікам лічылі незаменным.
Надоі таксама не прымусілі сябе доўга чакаць: у той час па надоях “грымелі” фермы Рымуцеўцы калгаса імя Варанецкага, “Яскалды” імя Жданава. І вось хутка “Мінчыкі” пачалі “наступаць ім на пяткі”. Трохтысячны надой на карову, затым – чатырохтысячны. Я памятаю і час той, і працоўны ўздым. Будучы карэспандэнтам сельгасаддзела газеты, неаднойчы сустракалася з Марыяй Міхайлаўнай на ферме. Тут заўсёды быў парадак, усё рабілася па тэхналогіі, па графіку. Адчувалася, што гэтая самадастатковая, адданая сваёй справе жанчына сапраўдная гаспадыня вытворчага падраздзялення.
Памятаю і тое, як на агульным сходзе жывёлаводаў раёна Марыі Міхайлаўне ўручылі першы ордэн Працоўнай Славы, а яшчэ праз некалькі гадоў – другі. Яна пабывала ў Маскве на ВДНГ, неаднойчы ўдзельнічала ў злётах перадавікоў вобласці.
Гэтая жанчына “сама зрабіла сябе”, дасягнула працоўнай вышыні. Гэта грэе, прыносіць задавальненне і сёння, калі яна даўно ўжо на пенсіі. Хаця жыццё, што і казаць, штука падчас вельмі суровая. Не абышло гора і гэтую жанчыну: загінуў яе сын. Думала, не агорыць гэтага. Але куды падзенешся? Трэба жыць. У яе дзяцей рабочыя прафесіі, дачка і нявестка аператарамі на свінакомплексе працуюць. І Марыя Міхайлаўна гэтаму рада: работа нікому душы не калечыць. У іх з Уладзімірам Паўлавічам дарослыя ўжо амаль усе ўнукі. І ўсе любяць прыязджаць у Мінчыкі, дзе каля дзядулевай хаты такая прыгажосць ад любімых бабуліных кветак…
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *