
А пацікавіцца ў чарговы раз, як выконваецца ў нашым раёне Дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства Рэспублікі Беларусь на 2011 – 2015 гады, і што новага ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве, якое зрабіла стаўку на сучасныя метады ў гэтай галіне, падштурхнула мяне нядаўняя цікавая тэлеперадача, дзе вялася гутарка пра актуальныя праблемы ў аграрным сектары. У ёй прагучала інфармацыя, што ў многіх сельгаскааператывах на вельмі ўрадлівых глебах вырошчваюцца травы для кармоў, тады калі іх можна было б выкарыстоўваць больш эфектыўна і мець адпаведную аддачу.
— Беларусы амаль перасталі есці яблыкі, — эмацыянальна гаварылася ў тэлеперадачы.
І сапраўды, цана на іх высокая, асабліва зімой і вясной! Не кожная сям’я можа сабе дазволіць такія дарагія яблыкі, напрыклад, з Лацінскай Амерыкі. З краіны вывозіцца валюта, якая так патрэбна айчыннай эканоміцы. Чаму б не паклапаціцца пра імпартазамяшчэнне? Да таго ж сітуацыя, як канстатавалася, даходзіць да сапраўднага абсурду – людзям зараз спрытныя гандляры прапануюць імпартныя яблыкі ўраджаю 2012 года! Можна ўявіць, як яны апрацаваныя, што дагэтуль не сапсаваліся, і якая ад іх на самай справе карысць…
Сяргей Іванавіч згодны з такім поглядам і расказаў, што на бераставіцкай зямлі робіцца ўсё магчымае, каб наш сад быў такі, каб да нас прыязджалі па перадавы вопыт. А гэта значыць, што акцэнт робіцца не толькі на ўрадлівасць, але яшчэ і на тое, каб прадукцыя была экалагічна чыстая, каб яе можна было выкарыстоўваць для дзіцячага харчавання, а гэта вельмі важна. Наша гутарка працягвалася на полі. Сяргей Агнеўскі паказаў мне вытворчы працэс, які ішоў поўным ходам. Надвор’е было цудоўнае, сонечнае, сапраўднае бабіна лета, якое мы так доўга чакалі. Гэтыя восеньскія дзянькі вельмі прыдатныя для пасадкі дрэўцаў і кустоўя. Два трактары з навяснымі пасадачнымі машынамі рухаліся па мяккай падрыхтаванай глебе. Мне было вельмі цікава, як можна механізаваць пасадку – гэта ж далікатны для раслін працэс? Аказваецца, сучасныя інжынеры — канструктары паклапаціліся і пра гэта. Трактар марудна і плаўна рухаецца па разоры, а за ім на навясной машыне дзве жанчыны раўнамерна садзілі маленькія саджанцы чорнай парэчкі. Адна падавала іх з вялікай кучы карэньчыкамі ўніз, другая ўсаджвала ў зямлю. Спецыяльныя металічныя дыскі тут жа іх закопвалі. А за пасадачнай машынай ішоў мужчына і прыціскаў глебу да маленькай расліны, каб там не было паветра і шчылін, і яна добра прынялася. Здаецца, нічога складанага там не было, але як жа дапамагае такая механізацыя! Механізатар СВП “АграМір” Валерый Бучылка пасадзіў ужо немалыя плошчы, гаворыць, што ў такой рабоце ёсць свая спецыфіка. Выконваць пасадку трэба вельмі старанна, таму што вынік будзе відавочны вясной, і шкада, калі некаторыя расліны не прымуцца.

Магчыма, чытачам будзе цікава, ці даў мне Сяргей Іванавіч прадэгуставаць яблык з новага ўраджаю? Так. І скажу шчыра – яблык вялікі, чырвона-зеленаватага колеру, сакавіты і вельмі смачны! І не таму, што з нашай роднай зямлі, і я перабольшваю з “патрыятычных” пачуццяў, а таму, што гэта сапраўды так! Ні ў якія параўнанні не ідуць з ім тыя, імпартныя. Нашы лепшыя. І пачаставацца імі ў гэтым сезоне змогуць бераставіцкія школьнікі – сельгаспрадпрыемства паспрыяе школе, каб не куплялі ў іншых пастаўшчыкоў па больш дарагой цане. Дарэчы, многія з вучняў добра папрацавалі ў садзе на канікулах.
У далейшых планах СВП “АграМір” – закуп дадатковай тэхнікі, каб зменшыць долю ручной працы.
Ніна Наддэ,
фота аўтара