Масавая ўборка зерневых і зернебабовых культур пачалася ў гаспадарках Бераставіцкага раёна.
І калі ў маі аграрыі з нецярпеннем чакалі дажджу, то цяпер надзеі ўскладаюць на сухое і сонечнае надвор’е, якое дасць магчымасць без страт убраць вырашчаны ураджай.
У КСУП “Пархімаўцы”, дзе мы пабывалі ў панядзелак, трэці дзень ідзе уборка яравога ячменю, а рапс ужо малоцяць больш за тыдзень і практычна завяршылі яго ўборку.
— Рапсу ў нас было пасеяна 205 га, ураджайнасць яго склала больш за 45 ц/га, -гаворыць аграном КСУП “Пархімаўцы” Аляксандра Хадыка, — а вось яравы ячмень займае плошчу ў 294 га. Тут, на полі каля вёскі Леснявічы, пасеяна 29 га яравога ячменю Зубр другой рэпрадукцыі, сёння мы завяршаем яго ўборку, ураджайнасць яго на гэтым полі неблагая — 55 ц/га.
Малацілі яравы ячмень на гэтым полі тры экіпажы камбайнераў, усе механізатары на зернеўборачных камбайнах – вопытныя і адказныя працаўнікі. Лідзіруючыя пазіцыі пакуль што трымае Андрэй Сноп, за два дні на сваім камбайне КЗС-12 “Палессе” ён намалаціў 120 тон яравога ячменю.
У гаспадарцы гавораць, што ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур абнадзейвае, яна павінна быць вышэйшай, чым у мінулым годзе. Вядома, многае залежыць ад надвор’я, але пакуль што віды на ўраджай добрыя.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара