Надвор’е ў гэтым годзе не спрыяла ні збожжавым, ні травам… Супрацьстаяць яго “капрызам” можна з дапамогай сучасных тэхналогій. Строгае захаванне тэхналогій дапамагае эфектыўнаму добраму гаспадаранню. Зараз у сельгаскааператывах стараюцца павялічыць запас кармоў і надаюць асаблівы акцэнт іх якасці. Трэці ўкос траў і іх закладка ў траншэі вядзецца ў адпаведнасці з неабходнымі патрабаваннямі.
У полі зроку спецыялістаў райветстанцыі пастаянны кантроль якасці. Адбор проб сянажнай масы ў сельгаскааператывах праводзіцца ў адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі. Яны бяруцца з розных месцаў траншэі, вызначаецца якасць партыі аднатыпнага корму у канкрэтным сховішчы. Проба дастаўляецца ў лабараторыю ў поліэтыленавым пакунку, каб не было страт вільгаці. Праводзіцца арганалептычная ацэнка – ужо па выглядзе, колеры і паху можна меркаваць аб якасці сенажу. У лабараторыі кармы правяраюць на нітраты, на ўтрыманне ў іх сухога рэчыва і каратыну. Такі кантроль вядзецца на працягу ўсёй нарыхтоўкі. Затым праводзяць поўную ацэнку якасці кармоў у гаспадарках, што важна потым пры складанні рацыёнаў кармлення жывёлы. У перыяд выкарыстання назапашанага корму таксама абстаноўка трымаецца пад кантролем. Жывёла павінна харчавацца паўнацэнна.
— Перавышэння нормы па нітратах у кармах у раёне ні разу не было, — гаворыць ветурач-таксіколаг райветстанцыі Наталля Дзешка.
На 19 жніўня па сухім рэчыве ўвесь сянаж у гаспадарках адпавядае 1-3 класу, “някласнага” не было. Па ўтрыманні каратыну 1-ым класам нарыхтаваны 91 працэнт кармоў, 2-ім – 9 працэнтаў.
Сена ў сельгаскааператывах Бераставіччыны таксама добрае, адпавядае 1-2 класу.
Ніна Наддэ