Айчынны гонар
Зараз у рэспубліцы высаджваецца 46 гатункаў бульбы, і кожны мае свае адметныя ўласцівасці. На любы густ можна выбраць бульбу. Адраджаецца былая слава запатрабаваных клубняў. Айчынную бульбу купляюць далёка за межамі нашай краіны, а перспектыўны насенны матэрыял дайшоў аж да вострава Сахалін і ўжо даў там добры ўраджай. Сярэднерэспубліканская ўраджайнасць бульбы сёлета 353 цэнтнеры з гектара, у нашым раёне — 356. А найлепш урадзіла гэтая сельгаскультура ў РУСП “Масаляны”. Там сабралі ў гэтым годзе 418 цэнтнераў з гектара, у мінулым было 265. І надвор’е сёлета паспрыяла высокаму ўраджаю клубняў, і руплівыя земляробы пастараліся.
Добры плён даў выдатны гатунак “Скарб”, ён спаўна апраўдаў сваю трапную назву. Стаўку на “Скарб” і іншыя перспектыўныя гатункі беларускай селекцыі, адаптаваныя да нашых кліматычных умоў, робяць і ўладальнікі прысядзібных участкаў.
Па прагрэсіўнай
тэхналогіі
У палімерную плёнку ў гэтым годзе па прагрэсіўнай тэхналогіі ў гаспадарках Бераставіччыны нарыхтавана 2448 тон сенажу, найбольш у СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 868 тон. Такі метад у параўнанні з традыцыйным захоўваннем кармоў у траншэях становіцца ўсё больш папулярным, таму што дае большую эканамічную выгаду. Гэта вельмі важна, калі стаіць задача аптымізаваць вытворчы працэс. У рулонах са стрэйч-матэрыялу каштоўны корм закладваецца своеасаблівымі порцыямі. Доступ паветра пры гэтым блакіруецца, і непажаданыя мікраарганізмы не могуць развівацца. А рагулі аддзячаць клапатлівым гаспадарам папаўненнем “малочных рэк”. Вытворчасць малака выгадная, і там, дзе ідуць у нагу з прагрэсам, можна зарабляць добрыя грошы, асабліва калі здаваць сыравіну гатункам “экстра”.
Маладое папаўненне
У сельгаскааператывах Бераставіччыны стараюцца развіваць вытворчасць, атрымліваць больш прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. У СВК “Макараўцы”, напрыклад, нарыхтавана 17086 тон сенажу, рост у параўнанні з мінулым годам склаў 155 працэнтаў. Больш атрымліваюць сёлета тут і цукровых буракоў. Спрыяльныя ўмовы надвор’я і сучасныя тэхналогіі разам з “чалавечым фактарам” далі добрыя вынікі. А калектыў гаспадаркі нядаўна папоўніўся свежымі маладымі сіламі. Тры маладыя спецыялісты пажадалі тут працаваць. Аграном, ветурач і ветфельчар забяспечаны жыллём. Сустракаюць ў гаспадарцы моладзь гасцінна, ды і прырода тут вельмі маляўнічая. Для многіх прыезджых гэта зямля стала роднай, людзі стварылі сем’і, гадуюць дзяцей.
Ніна Наддэ