Маладыя кадры прыбываюць у Бераставіцкі раён

Лента новостей

Прыемна адзначыць, што ў аграрны сектар раёна прыбываюць маладыя кадры. Вёску выбралі нямала юнакоў і дзяўчат. Па словах галоўнага юрысконсульта ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Аляксандра Ваўчка, да 1 верасня гэтага года ў раён прыедуць 13 маладых спецыялістаў з вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі і 12 з сярэдніх спецыяльных. Напрыклад, прыступілі да работы дзяўчына — эканаміст у СВК “Малабераставіцкі элітгас”, якая закончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, дзяўчына — ветурач у СВК “Алекшыцы” таксама з гэтай жа навучальнай установы, юнак — ветурач у РУСП “Масаляны”, выпускнік Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і іншыя.
Сустракаць маладых спецыялістаў трэба гасцінна, дапамагчы ім перажыць складаны для некаторых перыяд змены гарадскога студэнцкага жыцця на вясковае. Менавіта ад клопату на месцах, цёплага прыёму і залежыць тое, ці прыжывецца моладзь у вёсцы.
Пра свае ўражанні я папрасіла расказаць ветурача – гінеколага РУСП “Масаляны” Дзмітрыя Пракопіка (на здымку).
— А для мяне як раз і не было нічога незвычайнага ў тым, што я звязаў сваё жыццё з вёскай, — адзначыў юнак. — Сам я з Макараўцаў, там закончыў 9 класаў і паступіў ў Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж і вывучыўся на ветфельчара. Затым стаў студэнтам Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Я і не хацеў заставацца ў горадзе, мяне туды не цягне.
— А чаму выбралі РУСП “Масаляны”, а не сваю малую радзіму? – цікава было даведацца мне.
— Мне з гэтай гаспадаркі зрабілі запыт, каб мяне размеркавалі сюды. Справа ў тым, што ў мяне тут працуе ўжо аднакласнік, ён загадчык участка, параіў мне прыехаць сюды.
— Вам далі жыллё?
— Так, далі дом на зямлі. Там тры пакоі, газ.
— Такім чынам, на кожнага з вас з сябрам па пакоі і дадаткова агульная зала? – пажартавала я. – Пасля студэнцкага інтэрнату гэта раскоша!
— Канешне. Новы дом на новай вуліцы, добрыя суседзі.
— А калектыў спадабаўся? Людзі дапамагаюць у працы?
— Магу падзякаваць за добрыя адносіны старшыні Алегу Антушэвічу, галоўнаму ветурачу Аляксандру Клепіку, брыгадзіру малочнатаварнай фермы Марыі Тарасевіч. З імі добра працаваць.
— А што робіце ў вольны час?
Дзмітрый адказаў жартам:
— Сплю. Мала вольнага часу, таму што работы шмат…
У добры час, дарагія маладыя спецыялісты! Для мясцовых і прыезджых няхай будзе наша Бераставіччына самай лепшай, утульным домам, дзе хочацца працаваць, жыць і любіць.

Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *