Па краіне праходзіць шэраг канцэртных выступленняў вядомых зорак беларускай эстрады і маладых выканаўцаў у рамках агульнанацыянальнай акцыі тэлеканала АНТ і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Мы – разам!” і рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі з аналагічнай назвай. Мэта акцый – нагадаць кожнаму жыхару пра тое, што пакуль мы разам, тады і Беларусь – моцная і незалежная дзяржава. Падобная канцэртная дзейнасць распачалася і на Бераставіччыне.
У нас ёсць нямала прычын любіць сваю краіну, ганарыцца яе дасягненнямі. Бераставіцкі раён уносіць дастойны ўклад у развіццё рэспублікі. Аб гэтым сведчаць добрыя, а па некаторых напрамках, выдатныя вытворчыя паказчыкі. Але галоўнае наша багацце – гэта людзі, працавітыя, сардэчныя, шчырыя. І менавіта для іх па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама паўсюдна ў раёне ладзяцца канцэрты аматарскай творчасці ўстаноў культуры і народных калектываў пад назвай “За Беларусь!”.
– Канцэртная акцыя “За Беларусь!” прайшла 20 верасня ў Малой Бераставіцы, – расказвае дырэктар Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Місюля. – У сераду, 23 верасня, эстафета акцыі была перададзена Старому Дворцу, а 24 верасня ў аграгарадку Кватары выступіў народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі”. У пятніцу канцэрт адбыўся ў аграгарадку Макараўцы. А ў нядзелю акцыя “За Беларусь!” пройдзе ў Алекшыцах.
Асноўная мэта творчых выступленняў мясцовых артыстаў і калектываў данесці да кожнага жыхара раёна думку, што толькі разам мы зможам зрабіць нашу Бераставіччыну яшчэ больш прыгожай і ўтульнай.
Святлана Ганчарова, фота Віталія Масюка