Напачатку красавіка вучні школ раёна прынялі ўдзел у 11-ай адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Ступені да навукі”, якая ў чарговы раз адбылася ў Слоніме. Юныя даследчыкі з гімназіі пасёлка Пагранічны, Алекшыцкай СШ і Пархімаўскай БШ абаранялі свае работы ў секцыях “Краязнаўства” і “Руская філалогія”. Так, вялікую цікавасць у прысутных выклікала работа Таццяны Шакоць і Маргарыты Камяк “Вялікая Бераставіца ў пасляваенны час”. Не засталіся без увагі і работы “Роля помніка загінуўшым воінам-землякам у аграгарадку Пархімаўцы ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў Пархімаўскай базавай агульнаадукацыйнай школы” Юліі Міхальскай і “Вёска Клепачы Бераставіцкага раёна — летняя рэзідэнцыя знакамітага магнацкага роду Тышкевічаў” Дзмітрыя Пракапца. У секцыі “Руская філалогія” вынік сваёй даследчай работы пад назвай “Уплыў імені на характар чалавека” прадставілі Вольга Івашка і Кацярына Мартус.
Больш паспяхова выступілі вучні ў 3-яй адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Пошук. Творчасць. Пазнанне” ў горадзе Масты. Так, дыпломамі 2-ой ступені былі адзначаны работы гімназістак з пасёлка Пагранічны Інгі Луконінай (яе работа была прысвечана даследаванню мастацкага свету мясцовай паэткі Васілісы Пазнуховай і называлася “Шматгранасць творчасці В.Пазнуховай: паэткі, празаіка, выканаўцы”) і Надзеі Самусевіч (работа называлася “Роля дажджавых чарвей у фарміраванні глебы”). Дыпломам 3-яй ступені быў адзначаны сямікласнік з Вялікаэйсмантаўскай школы Артур Занеўскі за даследаванне ў вобласці геаграфіі — “Пошук рэдкіх геаграфічных аб’ектаў”.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ