Галоўны эканаміст Бераставіцкай птушкафабрыкі

Лента новостей

3Бераставіцкі раён ужо стаў сапраўднай адметнай візітнай карткай аг­рар­най вытворчасці Гро­дзен­­шчыны. Разам з ін­шымі лепшымі раёнамі Бераставіччына ўносіць свой немалы ўклад у эканоміку вобласці і рэспублікі. На бераставіцкай зям­лі неаднаразо­ва пра­водзіліся ціка­выя абласныя і рэспубліканскія се­мінары. Па перадавы вопыт сюды прыязджаюць аграрыі з самых розных куткоў краіны і знаходзяць нешта новае і цікавае для пераймання. Вельмі станоўча яны выказваюцца і пра менталітэт тутэйшых вяскоўцаў. Працавітыя людзі – наша галоўнае багацце. Увага на Бераставіччыне пастаянна надаецца павышэнню культуры земляробства, дынамічнаму развіццю жывёлагадоўлі. Кожная галіна мае свае важкія здабыткі, а людзьмі, чые рукі пахнуць хлебам і малаком, мы па праву можам ганарыцца.
Не з’яўляецца выключэннем сярод мясцовых сельгасарганізацый і Бера­ста­віцкая птушкафабрыка. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь рэгулярна праводзіць маніторынг эканамічнай эфектыўнасці прадпрыемстваў такога кірунку. Разглядаюцца не толькі важнейшыя паказчыкі, але нават і такі неардынарны крытэрый, як сацыяльная прывабнасць самой арганізацыі для працаўнікоў. Калі людзі жадаюць на гэтым аб’екце працаваць, значыць у такой вытворчасці ёсць перспектыва. Вельмі прыемна, што птушкаводы з Бераставіччыны – сярод лепшых калектываў у рэспубліцы, яны працуюць стабільна, забяспечваюць насельніцтва натуральнай недарагой карыснай прадукцыяй. Птушкагадоўля мае сваю асаблівую спецы­фіку, напрыклад, калі мяняецца пагалоўе, цяжка атрымліваць добрую выгаду. Але экспартаарыентаваная вытворчасць можа прыносіць добрыя грошы. Ужо нямала гадоў на Бераставіцкай птушкафабрыцы ажыццяўляецца паспяховы гандаль з Расійскай Федэрацыяй. Калі кан’юнктура рынка складваецца ўдала і цэны спрыяльныя, такія сувязі асабліва выгадныя.
Каб ісці ў нагу з часам, акрамя сучасных эфектыўных тэхналогій трэба мець крэатыўныя ўвішныя кадры. З самага лепшага боку выказваюцца ў калектыве пра галоўнага эканаміста Марыну Дзе­мідовіч. Яна закончыла Вялікабераставіцкую сярэднюю школу, перавагу аддавала дакладным прадметам. Здольная маладзенькая абітурыентка паступіла ў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію ў Горках, выбрала спецыяльнасць “эканаміст”. Гэтая вышэйшая навучальная ўстанова – сапраўдная “кузня кадраў” для аграрнага сектару. Спецыяліст з такім дыпломам вылучаецца добрай прафесійнай падрыхтоўкай і жаданнем працаваць на карысць сельскай гаспадаркі. На гэтую высакародную справу там з першага курса “новаспечаных” студэнтаў арыентуюць дасціпныя выкладчыкі. Не проста атрымаць такія папулярныя зараз “корачкі”, а працаваць з аддачай там, дзе ў гэтым ёсць вострая патрэба, стараюцца потым выпускнікі акадэміі. Вучоба запомнілася дзяўчыне цікавымі прадметамі, насычаным студэнцкім жыццём. А на радзіме малады спецыяліст аддала перавагу Бераставіцкай птушкафабрыцы. Гэтая сельгасарганізацыя не стаіць на месцы, тут своечасова мадэрнізавалі вытворчасць, стараюцца скарачаць выдаткі, клапоцяцца пра людзей. А сама тэрыторыя птушкафабрыкі ўжо нагадвае кампактны гарадок, які жыве сваім інтэнсіўным вытворчым жыццём. Спачатку Марына займалася кадравай работай, затым ёй прапанавалі працаваць па любімай спецыяльнасці. Галоўны эканаміст – гэта як своеасаблівы каардынатар усёй дзейнасці прадпрыемства, у яго шмат абавязкаў і вялікі аб’ём работы. Фінансава – гаспадарчая дзейнасць патрабуе немалой адказнасці, тут трэба быць адначасова спрытным менеджарам, тонкім псіхолагам і нават творчым чалавекам. Таму так цэніцца зараз у нашым грамадстве крэатыўнасць, асабліва ў прадстаўніках маладога пакалення. І такая выдатная якасць у Марыны ёсць. Да таго ж трэба быць адначасова асцярожным і прадбачлівым спецыялістам, таму што за ім праца ўсяго калектыву. А ў сённяшніх умовах працаваць вельмі няпроста, бо даражэе абсалютна ўсё. Далёка не ўсе сельгасарганізацыі рэспублікі спраўляюцца з існаваннем у рыначных умовах, многія з іх стратныя. А галоўны эканаміст птушкафабрыкі, чалавек хаця і маладая па ўзросту, але па-сапраўднаму энергічная і зацікаўлена ў поспехах прадпрыемства, таму і вынікі адпаведныя ёсць.
— Мне цікава тут працаваць, — з агеньчыкам у вачах і ўсмешкай расказвае мая маладая і прыгожая субяседніца. – Адразу, з самага першага дня, спадабаліся і работа, і калектыў. Ведала, што іншага месца сабе шукаць не буду, і такое адчуванне ў мяне захавалася да сённяшняга дня.
Марына добра арыентуецца ў эканамічнай сітуацыі. Яе крэда – старацца ўсё рабіць, як мага лепш, каб была дастойная аддача і з кожным годам узрастаў дабрабыт працаўнікоў. Дзяўчына павышае свой прафесійны ўзровень, яна не спынілася на адной вышэйшай адукацыі, а завочна атрымлівае ўжо нават трэцюю, бо імкнецца папаўняць багаж ведаў.
На птушкафабрыцы нямала людзей, якія аддалі прадпрыемству шмат гадоў. Ужо толькі гэта сведчыць аб тым, што сельгасарганізацыя і далей будзе эфектыўна развівацца, у яе ёсць патэнцыял. Вопытны кіраўнік Васіль Шчурскі прыкладвае ўсе намаганні, каб кожны працаўнік адчуваў сябе неабходным і патрэбным у моцнай камандзе.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *