Бераставіцкаму ліцэю – 60!

Лента новостей

IMG_3054Юбілейная дата з пачатку слаў­­нага шляху падрыхтоўкі працоўных кадраў для сельскай гаспадаркі Бераставіччыны і не толькі арганічна спалу­чы­лася са святкаваннем прафе­сійнага свята аграрыяў у Бера­ставіцкім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі. Нядаўна тут адбылося святочнае мерапрыемства, на якое былі запрошаны ветэраны працы, ганаровыя госці і былыя выпускнікі.
Няма ніводнай сельгас­аргані­зацыі ў Бераставіцкім раёне, дзе б ні працавалі механізатары, якім далі пуцёўку ў самастойнае жыццё ў гэтай навучальнай установе. Сярод іх былі старанныя і не вельмі, розныя па характарах, але да кожнага з іх выкладчыкі стараліся знайсці трапны індывідуальны падыход, каб матываваць іх для рэалізацыі патэнцыялу. І як прыемна бывае, калі перадавікі сельскагаспадарчай вытворчасці са шчырай удзячнасцю ўспамінаюць сваіх цярплівых і таленавітых майстроў вытворчага навучання, якія далі ім у рукі запатрабаваную прафесію. За 60 гадоў са сцен ліцэя выйшлі тысячы прафесійна падрыхтаваных лю­дзей, якія ўнеслі свой важкі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна, вобласці, рэспублікі. Без іх самаадданай працы не было б рэкордных намалотаў, якасных кармоў і адпаведнай аддачы ў жывёлагадоўлі. Менавіта яны – тое “моцнае звяно”, якое з’яўляецца сапраўдным стрыжнем любога сельгаскааператыва, маленькай структурнай ячэйкі магутнага аграрнага сектару краіны.
Свой уклад ва ўмацаванне прафесійнай адукацыі Бераста­віччыны ўнеслі дырэктары Васіль Казімірскі, Леанід Батура, Уладзімір Семянюк, Мікалай Дудар, Павел Горбач, іх справу працягвае зараз дырэктар Уладзімір Мышко. Самыя добрыя словы гучалі ў час свята ў адрас працаўнікоў ліцэя Ларысы Дудар, Івана Лазарчыка, Уладзіміра Зайко, Івана Талая, Веры і Пятра Станкевічаў, Сяргея Юльюшчанкі, Алены Сілковай, Людмілы і Мікалая Дубовікаў, Усевалада Клімчука, Алены і Аляксандра Ерамейчыкаў, Ніны І Аляксандра Нехайчукоў, Анатоля Сіўца, Канстанціна Лукшы і многіх іншых. Не шкадуючы сваіх сіл, яны стараліся зацікавіць вучняў, навучыць іх вучыцца і плённа працаваць на карысць Радзіме.
Ліцэй мае нямала сваіх адметных феноменаў – напрыклад, варта было ўліцца ў яго рады хаця б аднаму юнаку з якой – небудзь вёсачкі, як тут жа па яго прыкладу сюды прыходзілі яго землякі і родныя. Колькі праз класы і майстэрні прайшло братоў, якія выбіралі рабочыя прафесіі! Вобразна кажучы, гэта сапраўдны порт юнацтва, адкуль адкрываўся шлях у акіян жыцця, і дзе былых выпускнікоў заўсёды сустрэнуць добрым словам, парадуюцца іх поспехам і працоўным дасягненням.
Сённяшні калектыў працягвае плённыя традыцыі. Ва ўмовах моцнай канкурэнцыі, калі вышэйшыя навучальныя ўстановы падрыхтоўваюць вялікую колькасць “платнікаў”, а іх бацькі згодны плаціць немалыя грошы за адукацыю, хаця, магчыма, самі дзеці з ахвотай пайшлі б за запатрабаванай рабочай прафесіяй, прыходзіцца вельмі няпроста. Але педагогі і майстры вытворчага навучання імкнуцца падтрымліваць прэстыж аграрнай галіны, рыхтаваць новыя патрэбныя кадры. Іх недахоп ужо адчуваецца і ў некаторых гаспадарках Бераставіччыны. Дапамагчы зрабіць вучням правільны выбар, навучыцца слухаць сваё сэрца, стаць паважаным аўтарытэтным чалавекам у сваёй сям’і і грамадстве дапамагаюць яны. Механізатар, вадзіцель, электрагазазваршчык знойдуць сабе працу ў вёсцы і горадзе, змогуць зарабляць добрыя грошы. Таму светлая перспектыва ў прафесійнай адукацыі ёсць і захаваецца далей.
Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама быў адзначаны на свяце уклад дырэктара Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя Уладзіміра Мышко. Граматы Бераставіцкага райвыканкама былі ўручаны яго намесніку Надзеі Фёдаравай і майстру вытворчага навучання Іосіфу Рудому, Падзячныя пісьмы – майстру вытворчага навучання Віктару Яромічу і метадысту Алене Анішчык.
Няхай спадарожнічаюць дружнаму зладжанаму калектыву добры настрой, бадзёрасць, аптымізм і новыя слаўныя даты. Каб быў ліцэй багаты на ўдзячных навучэнцаў, якія б тут кожны год станавіліся ў чаргу, каб падаць дакументы менавіта ў гэтую навучальную ўстанову!
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *