Аддзел культуры Бераставіцкага райвыканкама ідзе па шляху ўдасканалення аматарскай народнай творчасці

Лента новостей

Нядаўна ў работнікаў культуры раёна адбыўся сход, на якім былі прааналізаваны вынікі дзейнасці за мінулы год і акрэслены задачы на год сёлетні. Чым адметны быў прайшоўшы перыяд? Якія падзеі, творчыя мерапрыемствы і праекты найбольш запомніліся і знайшлі станоўчы водгук у жыхароў раёна? Пра гэта наша размова з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Віталем ЛЯХОВІЧАМ:
— Віталь Іванавіч, як вядома, менавіта праз сетку ўстаноў культуры вядзецца работа па захаванні і развіцці традыцыйнай культуры і аматарскай мастацкай творчасці. Як у цэлым можна ахарактарызаваць стан народнай творчасці ў раёне?

— Лічу, што ў нас ёсць усе ўмовы для рэалізацыі творчых здольнасцей розных катэгорый насельніцтва. З года ў год гэтыя ўмовы становяцца ўсё больш спрыяльныя за кошт укаранення новых форм дзейнасці клубных фарміраванняў, удасканалення арганізацыйна-метадычнай дапамогі аматарскім калектывам і гурткам, паляпшэння работы па арганізацыі вольнага часу насельніцтва. І, як вынік, сёння назіраецца павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці ў розных відах мастацтва. Гучаць новыя імёны, выяўляюцца таленавітыя “самародкі”, захапленні і здольнасці якіх падтрымліваюцца, а творчыя здабыткі становяцца вядомымі шырокай аўдыторыі. Гэта, мабыць, самае галоўнае ў рабоце ўстаноў культуры—дапамагчы творчым людзям развіць свае творчыя здольнасці і знайсці ім дастойнае прымяненне.
— Што ў гэтым напрамку прапануюць сёння Дамы культуры і клубы раёна?
— Пры кожнай клубнай установе дзейнічаюць тыя ці іншыя фарміраванні аматарскай творчасці. Іх у нас—85. Розных па накіраванасці, на любы густ—вакальна-харавыя, танцавальныя, тэатральна-драматычныя, музычна-інструментальныя, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і г.д. Здольных, энергічных, ініцыятыўных людзей мы заўсёды імкнёмся задзейнічаць у культурна-масавых мерапрыемствах, канцэртах, выставах. Дарэчы, у мінулым годзе стараннямі ўдзельнікаў калектываў аматарскай творчасці раёна было праведзена 2277 культурна-масавых мерапрыемстваў. Выкарыстана звыш трыццаці форм культасветработы, у тым ліку і на платнай аснове.
Жыхары гарпасёлка, напрыклад, ужо добра ведаюць самадзейных артыстаў з сельскай мясцовасці, аграгарадкоў дзякуючы распачатаму тры гады таму творчаму праекту справаздачных канцэртаў аматарскіх калектываў раёна ў летнім амфітэатры. А сёлета праз выязныя канцэрты рэалізуецца новы праект “Культура—для вёскі”, каб бліжэй пазнаёміць і сельскіх жыхароў з лепшымі выканаўцамі раёна.
Упершыню праводзіцца радыё-фестываль песеннай творчасці “Песні плывуць над Бераставіччынай”. Яго арганізатары—раённы метадычны цэнтр народнай творчасці, райкам прафсаюзаў работнікаў культуры і рэдакцыя раённага радыё. Карыстаючыся выпадкам, хацелася б звярнуцца да чытачоў з прапановай уважліва сачыць за суботнімі радыёперадачамі на працягу гэтага года. У ліку іншых намінацый будзе за- снаваны і прыз сімпатый гледачоў.
— Ці быў мінулы год адметны паспяховым удзелам нашых народных і аматарскіх калектываў, аб’яднанняў ці асобных выканаўцаў у абласных фестывалях і конкурсах?
— Так. Найбольш значныя дасягненні на абласным узроўні—гэта атрыманне звання лаўрэата адкрытага фестывалю духавой музыкі “Фанфары сяброў” узорным духавым аркестрам Бераставіцкай ДШМ “TUTTI”, дыплома ІІІ ступені абласнога конкурсу сюжэтна-гульнявых праграм “Вандраванне па родным краі” калектывам Эйсмантаўскага ЦДК, дыплома ІІІ ступені абласнога конкурсу “Установа культуры года” раённым метадычным цэнтрам, дыплома ІІІ ступені ў абласным адкрытым конкурсе аўтарскай песні “Новае пакаленне” кіраўніком гурткоў аддзела па рабоце з моладдзю РДК Сяргеем Хілютам, дыплома І ступені абласнога агляду-конкурсу ў намінацыі “За лепшую сувенірную прадукцыю” Домам рамёстваў. Дыпламантамі таксама сталі народны тэатр “Магія ігры” РДК у VІІ абласным фестывалі тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы”, маладзёжны ўзорны тэатральны калектыў “Сонейка” Малабераставіцкага ЦДК у абласным фестывалі “Слонімскія цудадзействы”, аматарскія аб’яднанні “ВІНТ” і “Бераставіцкае зямляцтва” РДК, падлеткавы клуб “Зацейнік” Алекшыцкага ЦДК у абласным агля-дзе-конкурсе “Свет захапленняў”, салісты аматарскага аб’яднання “Прамень” Пыхоўчыцкага ДСКП і салістка Пархімаўскага ДКіВЧ Валянціна Бычкоўская ў абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Сур’ёзным і паспяховым экзаменам для настаўнікаў і навучэнцаў Бераставіцкай ДШМ стала справаздача аддзяленняў школы ў Гродзенскім музычным каледжы на методыка-практычных семінарах для настаўнікаў духавых і струнных народных інструментаў. Вынікова ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах вучні мастацкага аддзялення школы.
— Дарэчы, што датычыцца музычнага выхавання, ведаю, што з пачатку гэтага года Эйсмантаўская і Пагранічная ДШМ сталі філіяламі Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
— Гэта сапраўды так. Праведзеная рэарганізацыя сістэмы дзіцячых школ мастацтваў мае на мэце далейшае ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу, узмацненне кантролю і метадычнай дапамогі з боку раённай ДШМ сельскім філіялам, каардынацыю бюджэтных асігнаванняў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. А гэта, у сваю чаргу, павінна станоўча паўплываць на музычнае і эстэтычнае навучанне і выхаванне дзяцей і падлеткаў. Дарэчы, сёлета Бераставіцкую ДШМ чакае рамонт сістэмы ацяплення і самога памяшкання.
— Віталь Іванавіч, калі мы закранулі тэхнічныя пытанні, скажыце, калі ласка, ці ёсць зрухі з завяршэннем будаўніцтва раённага музея?
— Ведаеце, ёсць. І значныя. Дзякуючы агульным намаганням упраўлення культуры аблвыканкама і райвыканкама з абласнога бюджэту нам выдзелена 660 мільёнаў рублёў на далейшыя будаўнічыя работы, якія, да слова, ужо распачаты.
— Як вядома, 2012-ы год аб’яўлены Годам кнігі. Тут першую скрыпку будуць іграць бібліятэкі?
— Безумоўна. Але ж праз тыя ці іншыя мерапрыемствы ўдзел у прапагандзе і папулярызацыі чытання прымуць усе ўстановы культуры раёна.
— Віталь Іванавіч, цікава, а Вы асабіста якой літаратуры аддаеце перавагу і ці наогул знаходзіце час для чытання?
— Для мяне кніга заўсёды была і застаецца галоўнай крыніцай ведаў і лепшым падарункам, а чытанне—любімым заняткам у вольны час. Найбольш падабаецца літаратура гістарычная, краязнаўчая, навукова-папулярная. Абавязкова чытаю асноўныя рэспубліканскія і абласныя газеты, у тым ліку “Культуру”, “Гродзенскую праўду” і, канешне ж, нашу “раёнку”. З раённымі СМІ мы цесна супрацоўнічаем і, лічу, робім адну справу—напаўняем вольны час бераставічан, павышаем іх эстэтычны густ і інфармаванасць.
— Дзякуй, Віталь Іванавіч, за добрыя словы і за гутарку.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *