26 студзеня – Дзень беларускай навукі

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей Образование Общество

Многія дасягненні беларускіх вучоных шырока вядомыя не толькі ў сябе ў краіне, але і далёка за яе межамі. Замежныя эксперты адзначаюць высокі ўзровень распрацовак у галіне лазерных і аптычных тэхналогій, новых матэрыялаў з адмысловымі ўласцівасцямі, метадаў тэхнічнай дыягностыкі, хіміч­нага сінтэзу рэчываў, нана- і біятэхналогій, спосабаў апрацоўкі інфармацыі.

Важкі ўклад у развіццё айчыннай навукі ўносілі на працягу шэрагу гадоў і нашы землякі. Знайсці ўсе іх імёны і біяграфіі можна ў даведніку пад назвай «Людзі навукі з Бераставіччыны», які падрыхтавалі і выпусцілі ў 2017 работнікі раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага. Усяго ў даведніку змешчаны артыкулы аб 35 навукоўцах, чые карані пачыналіся на бераставіцкай зямлі. Некаторыя з іх вызначыліся сваімі навуковымі дасягненнямі ў нядаўнія часы.

А такія вядомыя навукоўцы як Ігнат Анацэвіч, Восіп Кавалеўскі пакінулі свой след яшчэ ў 18-м стагоддзі. Ігнат Анацэвіч нарадзіўся ў 1780 годзе ў вёсцы Малая Бераставіца. Ён быў гісторыкам, археолагам, архівістам, педагогам. Выкладаў польскую мову, пачаткі рускай мовы, займаў пасаду афіцыйнага перакладчыка прускага караля. Распрацаваў і чытаў у Віленскім універсітэце першы спецыяльны ўніверсітэцкі курс, прысвечаны мінуламу беларускага і літоўскага народаў. Стварыў цэласную арыгінальную навуковую карціну гісторыі ВКЛ ад старажытнасці да канца 16 стагоддзя.

Восіп Кавалеўскі нарадзіўся ў 1801 годзе ў Вялікай Бераставіцы ў сям’і ўніяцкага свяшчэнніка. Яго імя носіць раённая бібліятэка. Восіп Кавалеўскі — вядомы польскі, беларускі і расійскі філолаг-усходазнавец, заснавальнік навуковага манголазнаўства ў Расіі і Еўропе, гуманіст і асветнік. Ён напісаў і выдаў “Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы” і “Мангольскую хрэстаматыю”. У 1855 годзе Кавалеўскі стаў рэктарам Казанскага універсітэта. У 1862 годзе Восіп Кавалеўскі пераехаў у Варшаву, дзе ён чытаў лекцыі па ўсеагульнай гісторыі ў Варшаўскай Галоўнай школе, якая ў 1869 годзе бала перайменавана ў Варшаўскі ўніверсітэт, і быў дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта.

Навуковая дзейнасць большасці астатніх навукоўцаў, аб якіх паведамляецца ў даведніку, прыпадае на мінулае стагоддзе. Сярод іх Міхаіл Ігнацьевіч Адляніцкі-Пачобут, які нарадзіўся ў 1910 годзе. Яго асабістае жыццё і навуковая дзейнасць звязаны з Польшчай. У 1939 годзе ён закончыў Варшаўскі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці геадэзія. Пасля вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў займаўся геадэзічнай здымкай і адначасова выкладаў у вышэйшых навучальных установах, у тым ліку і ў Кракаўскай акадэміі, дзе пэўны час працаваў дэканам, прарэктарам. З 1989 года ён – акадэмік Польскай акадэміі навук, аўтар 260 навуковых прац.

Добра вядома многім нашым землякам імя Івана Карпуця, ураджэнца вёскі Даўбянкі, навукоўца, які мае многа вучоных тытулаў і ганаровых званняў. Ён акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, доктар ветэрынарных навук, прарэктар па навуковай дзейнасці, прафесар Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» Акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Лаўрэат прэміі Нацыянальнай Акадэміі Республікі Беларусь, ганаровы прафесар і член навуковага Саветаў Кембрыджскага (Англія) і Калумбійскага (ЗША) ўніверсітэтаў.

Наш зямляк апублікаваў 600 навуковых работ і 20 кніг, у тым ліку 4 падручнікі для студэнтаў ветэрынарных факультэтаў. Яны неаднарозава выдаваліся ў Беларусі, Расіі, ва Украіне. Ён — аўтар многіх вынаходніцтваў, сярод якіх і медыцынскія прэпараты, і мікрадабаўкі, якія шырока прымяняюцца і ў сучаснай жывёлагадоўлі. Яму была прысуджана прэмія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за адкрыццё новых прэпаратаў для лячэння сельскагаспадарчых жывёл.

Значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры ўнёс Сяргей Габрусевіч. Ён — аўтар больш за 100 навуковых прац па тэорыі пазнання, тэорыі і гісторыі беларускай культуры. Сярод яго навуковых прац вылучаюцца манаграфіі «Гродна. Гістарычна-эканамічны нарыс», «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», «Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё і спадчына», а таксама вучэбныя дапаможнікі «От деловой игры до профессионального творчества», «Педагагічная практыка студэнтаў», «Гісторыя беларускай культуры» і іншыя.

Сярод навукоўцаў-землякоў нямала кандыдатаў і дактароў педагагічных, гістарычных, тэхнічных, медыцынскіх, сельскагаспадарчых, эканамічных навук. Так, у сферы медыцыны вызначыліся Яўген Тамашчык, Мікалай Янчэўскі, Казімір Ядкоўскі, Міхаіл Дзешка. У ліку дактароў тэхнічных навук Віктар Якаўчук, Генадзій Хвясько, Алег Хакала, Георгій Скапец, Валерый Дарашкевіч, Вітольд Алясюк, Іван Лукашык. Вызначыліся сваімі навуковымі распрацоўкамі доктар тэхнічных навук Аляксандр Матусевіч і доктар хімічных навук Віктар Шышкін. Важкі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі ўнеслі дзякуючы сваім распрацоўкам Мікалай Марцінчык, Валянціна Марцінчык, Мікалай Лукашык, Алег Кажанеўскі. У ліку кандыдатаў гістарычных навук Уладзімір Хілюта, Тадэвуш Кручкоўскі, Ганна Касяноўская (Вайцешчык), Клаўдзія Калініна (Чушынская), Іван Дзешка.

Сяргей Хілюта,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *