У Бераставіцы пачала працаваць выстава-кірмаш «Зімовыя ўзоры»

Актуально Лента новостей

Хто не любіць падарункі? Іх так прыемна не толькі атрымліваць, але і дарыць. Тым больш, што пераднавагодні сезон ужо стартаваў, а гэта значыць, што настаў час паклапаціцца пра калядныя і навагоднія сувеніры для блізкіх і сяброў. У дапамогу – выстава-кірмаш “Зімовыя ўзоры”, якая з 10 снежня пачала працаваць у Бераставіцкім Доме рамёстваў.

Выраб ручной работы – гэта выдатны падарунак для тых, хто валодае неардынарным густам, шануе ўнікальнасць і прыгажосць. Такі падарунак несумненна пакіне пазітыўныя эмоцыі і цеплыню, паколькі ў кожнага выраба ёсць свой непаўторны шарм, “тэмперамент”, “душа”. А любоў майстра да творчасці, яго захопленасць робіць выраб па-сапраўднаму жывым і непаўторным. Новы год і Каляды – спрыяльная тэма для палёту фантазіі. І работнікі Бераставіцкага Дома рамёстваў кожны раз радуюць нас сваімі незвычайнымі чароўнымі творамі.

Майстар Святлана Ляшкевіч

–  На выставе прадстаўлены калядныя і навагоднія сувеніры і цацкі, створаныя як у сучасных, так і ў традыцыйных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Касьян. – Гэта саломка, кераміка, шыццё, пляценне.

У якасці навагодніх сувеніраў можна набыць ёлачныя цацкі ў выглядзе розных падвесак, зорачак, анёлкаў, птушак. Прыгожыя саламяныя і тэкстыльныя ёлкі могуць стаць арыгінальным настольным упрыгожаннем у офісе і дома. Сімвал Новага года – мыш – майстры Дома рамёстваў увасобілі ў гліне, саломцы, тэкстылі. Навагоднія боцікі, магніцікі, Дзяды Марозы і Снягуркі, званочкі, фігуркі жывёл – вочы разбягаюцца ад асартыменту вырабаў ручной работы. Ёсць нават пернікавы домік – сімвал Каляд, які здаўна асацыіруецца з адчуваннем хатняга цяпла і сямейнага свята.

Ручныя вырабы патрабуюць карпатлівасці, шмат увагі і часу, уседлівасці і натхнення, прапрацоўкі ўсіх дэталяў па колеру, форме і аб’ёму. Ад гэтага яны становяцца яшчэ больш каштоўнымі і ўнікальнымі. Паспяшайцеся ў Бераставіцкі Дом рамёстваў на выставу-кірмаш, каб набыць падарункі ручной работы. Выстава дзейнічае па адрасу: вул. Леніна, д. 6, у буднія дні з 9 да 17 гадзін. А па выхадных сувенірная лаўка Дома рамёстваў пачне працаваць у рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і Спадарыні Завірухі. Якраз цяпер работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры рыхтуюць вырабы для яе, а таксама працуюць над стварэннем упрыгожанняў у этнастылі для навагодняй ёлкі ў рэзідэнцыі бераставіцкага зімніка.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *