Па старонках кнігі “Гродненщина в лицах”

Год малой родины Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей

Па ініцыятыве Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта нядаўна ўбачыла свет кніга з такой назвай. У прадмове адзначаецца, што ў выданні “собраны сведения о выдающихся людях, внесших значительный вклад в развитие Гродненской области”.

У кнізе змешчаны біяграфіі 230 чалавек. Гэта кіраўнікі ве­дамстваў, прадпрыемстваў, арганізацый, прадстаўнікі працоў­ных калектываў: настаўнікі, артысты, будаўнікі, механізатары, жывёлаводы…

Сярод іх ёсць прадстаўнікі Бераставіччыны, заслужаныя работнікі сельскай гаспадаркі: Іван Максімавіч Захарчук, Мікалай Рыгоравіч Зданчук, Анатолій Паўлавіч Коханаў. Гэтыя людзі вядомыя ў раёне, аб іх не раз пісала раённая газета.

У кнізе ёсць біяграфічныя даведкі аб ураджэнцах Бераста­віччыны, якія жывуць за яе межамі. Аб іх мы коратка раскажам у алфавітным парадку, як яны падаюцца ў гэтым біяграфічным даведніку.

Белашэўскі Анатолій Аляк­сеевіч, генерал-маёр мілі­цыі. Нарадзіўся ў вёсцы Рудаўляны ў 1947 годзе. Пасля заканчэння Цецяроўскай сярэдняй школы працаваў на Гродзенскай абутковай фабрыцы. Прымаў актыўны ўдзел у рабоце народнай дружыны па ахове грамадскага парадку на вуліцах абласнога цэнтра. Па камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны ў 1982 годзе на вучобу ў Мінскую вышэйшую школу міліцыі. Пачынаў службу інспектарам у Гродзенскім гарадскім аддзеле міліцыі, потым – начальнікам аддзялення, намеснікам начальніка, начальнікам Гродзенскага раённага аддзела міліцыі. Закончыў службу начальнікам Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама. Выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Грышук Анатолій Георгіевіч, ганаровы грамадзянін горада Гродна. Нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Галынка. Закончыў Бераставіцкую сярэднюю школу ў 1972 годзе, Мінскі інстытут народнай гаспадаркі – ў 1976 годзе. Працаваў на Гродзенскім мясакамбінаце бухгалтарам, эканамістам, галоўным бухгалтарам, а з 1989 года – генеральным дырэктарам прадпрыемства. Ганаровы грамадзянін горада Гродна.

Зданчук Аляксандр Аляксанд­равіч, заслужаны пілот Рэспуб­лікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Эймінаўцы. Закончыў Бераставіцкую сярэднюю школу, Крыварожскае авіяцыйнае вучылішча, Сасаў­скае авіяцыйнае вучылішча. Служыў у грамадзянскай авіяцыі ў Гродне камандзірам экіпажа АН-2, камандзірам авіязвяна, эскадрыллі, авіяцыйнага атрада. Лятаў на самалётах савецкай грамадзянскай авіяцыі ў Балгарыі, Югаславіі, Судане. Зданчуку А.А. прысвоены першы клас пілота грамадзянскай авіяцыі.

Казлоўская Любоў Пят­роў­на, поўны кавалер ордэ­­наў Працоўнай Славы трох ступеняў (у СССР прыраўноўвалася да ганаровага звання Герой Сацыялістычнай Працы). Нара­дзілася ў вёсцы Малыя Жукевічы. Пасля заканчэння мясцовай сямігадовай школы працавала ў калгасе, потым скончыла Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Працавала загадчыцай свінафермы ў калгасе “Прагрэс” (зараз СПК “Драпава”) Слонімскага раёна. Была дэлегатам XXVII з’езда КПСС.

Карчэўскі Уладзімір Мак­сімавіч, заслужаны трэнер БССР, заслужаны работнік фізічнай культуры Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1943 годзе ў вёсцы Клепачы. Закончыў Кляпацкую сярэднюю школу ў 1960 годзе, Мінскі інстытут фізічнай культуры – ў 1964 го­дзе. Працаваў выкладчыкам у Гродзенскім фізкультурным тэхнікуме, загадчыкам кафедры, а потым дэканам фізкультурнага факультэта Гродзенскага дзяр­жаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 1983 – 1987 гадах працаваў у Алжыры трэнерам зборнай каманды па валейболу. Выдатнік фізічнай культуры СССР.

Коўшык Аляксандр Іва­на­віч, заслужаны работнік абслу­гоўвання Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў вёсцы Ярмолічы ў 1935 годзе. Скончыў гандлёвы тэхнікум, потым Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Працоўную дзейнасць пачаў прадаўцом у магазінах горада Гродна. Потым працаваў бухгалтарам, галоўным бухгал­тарам Гродзенскага “Гор­промторга”. У 1973 годзе наз­на­чаны дырэктарам Гродзен­скага ўнівермага (потым – гандлёвы дом “Нёман”). Пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства стала перадавым у горадзе і вобласці. Быў пабудаваны новы будынак універмага, укараняліся новыя метады абслугоўвання насельніцтва. У савецкі час было прысвоена званне «Отличник советской торговли».

Кухарчык Аляксандр Міка­лаевіч, кавалер ордэна “Знак пашаны” (1986 г.) і ордэна Айчыны III-й ступені (2004 г.), механізатар КСУП “Пагранічны-Агра”. Нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Краснае. Скончыў мясцовую васьмігодку, а потым Бераставіцкае СПТВ-37. Спачатку працаваў шафёрам, а потым папрасіўся на трактар. Яго партрэт неаднаразова размяшчаўся на Дошцы Гонару гаспадаркі. Ордэн Айчыны III-й ступені яму асабіста ўру­чаў Прэзідэнт Бела­русі Аляксандр Лукашэнка.

Мядзведзеў Уладзі­мір Іва­навіч, кавалер двух ордэнаў Леніна, ордэна Кастрычніцкай Рэ­валюцыі і двух ор­дэнаў “Знак Пашаны”. Нарадзіўся ў 1928 у вёсцы Бераставічаны. У 1946 годзе закончыў Мінскую школу ветэрынарных фельчараў, у 1950 годзе – Шчучынскі сельскагаспадарчы тэхнікум, у 1960 г. – Вышэйшую партыйную школу. З 1951 па 1954 гады працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у 1955 г. у ліку трыццацітысячнікаў узначаліў калгас “Праўда” (потым імя Леніна) у Васілішках Шчучынскага раёна. Калгас быў перадавым не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і рэспубліцы, быў занесены на Усесаюзную Дошку Гонару ў Маскве.

Машко Іван Рыгоравіч, кава­лер ордэнаў “Знак Пашаны”, Пра­цоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыны III-й ступені. Ганаровы грамадзянін горада Шчучына. Нарадзіўся ў вёсцы Сыраежкі, закончыў Кватарскую сярэдную школу, а ў 1962 годзе – Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў дырэктарам саўгаса “Гродзенскі” у Каробчыцах, стар­шынёй Астравецкага рай­выкан­кама,першым сакра­таром Шчучын­скага райкама партыі, сакратаром абкама партыі. Неадна­разова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Сяргейчык Уладзімір Міхай­лавіч, заслужаны дзеяч куль­туры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко, Кавалер ордэна Францыска Скарыны. Нарадзіўся ў вёсцы Трацякі ў 1938 годзе. Вучыўся ў Масалянскай сярэдняй школе, закончыў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча (1956 г.), Ленінградскі інстытут культуры (1973 г.). Пасля дэмабілізацыі працаваў у Гродзенскім педа­гагічным інстытуце, у Гродзен­скім культурна-асветным вучылішчы. З 1971 года – намеснік дырэктара, з 1984 года – дырэктар Гродзенскага культурна-асветнага вучылішча (зараз Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў).

Падрыхтаваў Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *