“Цяпло душы спяшаюся аддаць”. Выстава вышыванак Соф’і Лапінскай была арганізавана ў музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы

Культура

Вышыўка – адзін з самых старажытных відаў рукадзелля. Жанчыны з спрадвечных часоў займаліся ўпрыгожваннем свайго адзення і жылля. Вышывалі на абрусах, ручніках, фіранках. І калі спачатку вышыўка насіла выключна бытавы характар, то з цягам часу яна ператварылася ў адно з распаўсюджаных хобі, якое захапіла ў тым ліку і нашу гераіню – Соф’ю Лапінскую з аграгарадка Кватары Бераставіцкага раёна.

Соф’я Маісееўна трыццаць дзевяць гадоў аддала настаў­ніцтву. Выхавала не адно пакаленне навучэнцаў. Выкладала школьнікам Кватарскай базавай школы біялогію, хімію і працоўнае навучанне. І з самага дзяцінства, як толькі выдавалася вольная хвіліна, вышывала. Вось што расказвае жанчына пра сваё захапленне:
– Калі я вучылася ў 6-м ці 7-м класе, дзесьці ўбачыла малюнак Дзеда Мароза, які ішоў па заснежаным бездарожжы з лесу да вёскі. Вобраз яго быў вельмі яркі і каларытны. Ён быў апрануты ў прыгожую чырвоную шубу з белым футрам. На галаве – чырвоная шапка з белым аколышам. За плячыма – вялікі мех з падарункамі. Гэты малюнак так мяне ўразіў, што я захацела яго вышыць. Але не ведала, як гэта робіцца, і папрасіла маму мне дапамагчы. Мая мама ўмела рабіць, здаецца, амаль усё. Яна навучыла мяне падзяляць малюнак на клетачкі. Канвы ў той час у продажы не было, а калі яна і прадавалася, то грошай на пакупку ў нашай сям’і не хапала. Бацькі рана не стала, і мама адна гадавала чатырох дзяцей. Яна сама прала лён і ткала з нітак палатно, якое называлі “кужаль”. З гэтага кужалю мы і рабілі канву, а далей я навучылася вышываць крыжыкам. І так мяне захапіў гэты занятак, што вышываю і па сённяшні дзень. Гэта любімая справа для душы, вынікамі якой я з радасцю дзялюся з роднымі і блізкімі. А нядаўна з творамі Соф’і Лапінскай пазнаёміліся жыхары Бераставіччыны і госці з суседніх раёнаў, якія наведалі Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы перад Новым годам. Тут была арганізавана выстава вышыванак Соф’і Маісееўны пад назвай “Цяпло душы спяшаюся аддаць”. Наведвальнікі з цікавасцю разглядалі работы майстрыхі. Творы яе – розныя па тэматыцы, настрою, сюжэтам. Гэта кветкавыя кампазіцыі, птушкі і жывёлы, дзіцячыя матывы, рэлігійныя вобразы, прадметы побыту. У вышываных карцінах удала спалучаюцца сучасныя і даўнія традыцыйныя матывы. На некаторыя творы аўтар затраціла сапраўды шмат працы, старання і цярпення.
Вышытыя рэчы, як правіла, працаёмкія. У іх укладзена нямала карпатлівай працы і асабістага часу рукадзельніц. Напрошваецца пытанне: «А навошта патрэбна такая складаная вышыўка сёння, у час аўтаматызаваных працэсаў і камп’ютарызаваных станкоў, якія выконваюць любую складаную работу хутка і дасканала?» Мабыць, для таго ж, для чаго патрэбны сапраўдныя народныя казкі, песні, рамёствы, у якіх адлюстраваны душа і даўнія традыцыі народа, укладзена энергетыка майстроў. Усё гэта безумоўна кранае за жывое. На ранніх этапах развіцця вышывальнага мастацтва самыя першыя сцяжкі ўтваралі фігуры – умоўныя знакі, якія адлюстроўвалі светаразуменне вышывальшчыцы. Вышыўка была своеасаблівым спосабам абароны дома, сям’і ад злых духаў, разнастайных бед, зноў жа дзякуючы «зашыфраваным» у перапляценні нітак узорам. Пазней сімвалічны сэнс вышыўкі быў згублены. Тэмы станавіліся самымі адвольнымі, на тканіне ўвасабляліся малюнкі навакольнага свету. Але нават і гэтыя матывы перадавалі думкі і пачуцці вышывальшчыцы.
Работы Соф’і Маісееўны таксама расказваюць аб пэўных уласных адчуваннях і падзеях яе жыцця. Вось захацелася перадаць зімовы святочны настрой, вось прысвячэнне ўнукам і праўнукам, вось уражанні ад убачаных прыгожых мясцін… Трое дзяцей, пяцёра ўнукаў і сямёра праўнукаў ганарацца сваёй матуляй і бабуляй, цэняць яе захапленне і захоўваюць створаныя ёю работы.
Сёння мастацтва вышыўкі карыстаецца папулярнасцю. У спецыялізаваных крамах прадаюць гатовыя наборы для вышывання, куды ўваходзіць неабходны адрэзак канвы, ніткі мулінэ, схемы. Так што асвоіць азы вышыўкі не так ужо і складана, а паспрабаваць варта. Раптам гэта стане і вашым захапленнем?
Святлана Ганчарова,
фота з архіва музея Вавёркі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *