Аддала перавагу лету працоўнаму

Актуально Общество

Лета – доўгачаканая пара для школьнікаў і студэнтаў. Яно дае магчымасць адпачыць ад урокаў і лекцый, паправіць здароўе, пападарожнічаць, ды і проста выспацца. А яшчэ ў гэты час можна і папрацаваць, зарабіць свае ўласныя грошы, каб не звяртаючыся да бацькоў дазволіць сабе даўно запланаваную пакупку. Так зрабіла Даша Кавальчук (на здымку), якая аддала перавагу лету працоўнаму.

Гэта маладзенькая прадаўшчыца з’явілася ў магазіне “Прамтавары №2” г.п.Вялікая Бераставіца ў канцы чэрвеня, і я была трохі здзіўлена, убачыўшы яе тут. Ведаю, што Даша вучыцца ў Гродзенскім музычным каледжы па спецыяльнасці “дырыжыраванне”, а тут такая змена сферы дзейнасці.

Аказалася, што дзяўчына проста вырашыла выкарыстаць летні час, каб зарабіць грошы на ўласныя выдаткі.

Сама Даша з Галынкі, у каледжы закончыла ўжо трэці курс, і гэта не першая яе спроба самастойна зарабіць уласныя грошы.Усе тры гады пасля здачы сесіі яна прыязджае дамоў і ўладкоўваецца на працу.

Два гады таму Даша працавала на ўпакоўцы туалетнай паперы, у мінулым годзе была таксіроўшчыцай у райспажыўтаварыстве, зарэкамендавала сябе старанным і адказным работнікам, таму гэтым летам яе ўжо ўзялі падменным прадаўцом у магазін “Прамтавары №2”, каб даць магчымасць асноўным работнікам магазіна пабыць у водпуску.

Калегі па працы характарызуюць Дашу як стараннага і зацікаўленага работніка. Яна ўмее прапанаваць тавар, не саромецца, таварыская.

Вядома, пэўных прафесійных навыкаў не мае, бо не праходзіла спецыяльнага навучання, але не баіцца спытаць, хутка вучыцца на месцы.

Яе работай у магазіне задаволены і нават хацелі б, каб дзяўчына затрымалася яшчэ і на верасень, бо трэці прадавец не паспявае за лета скарыстаць водпуск.

Дашы таксама падабаецца яе новая праца, а яшчэ радуе і тое, што зможа прыкупіць сабе абновак на новы навучальны год, набыць штосьці патрэбнае ў дом. Яе летні заробак будзе добрай падмогай для сям’і, асабліва ў цяперашні нялёгкі час.

Ірына Міклаш,  фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *