“Мне грэх скардзіцца на сваё жыццё”

Без рубрики

Як часта задумваемся мы аб тым, хто жыве побач з намі? Які ў гэтых, здавалася б, звычайных людзей лёс? Чым яны жывуць, аб чым мараць?
Сёння я вырашыла расказаць пра адну цікавую жанчыну, якая зусім нядаўна, ва ўзросце 74 гадоў, скончыла працаваць і выйшла на заслужаны адпачынак.

Сафія Іванаўна Конік нарадзілася 20 чэрвеня 1944 года ў вёсцы Жукевічы. Са слязьмі на вачах жанчына распавядае пра сваё цяжкае дзяцінства, якое, дарэчы, ў пасляваенныя гады для многіх было нялёгкім.
– Тату свайго я амаль што не памятаю, ён памёр, калі мне было чатыры гадкі. Усё жыццё бацька працаваў у сельскім Савеце, і хаця не быў камуністам, немцы забралі яго ў турму. 1943 год быў для сям’і вельмі складаны, маме прыйшлося прадаць амаль усё, што ў нас было, каб вызваліць тату. Аб тым, што ён там перажыў страшна падумаць. Дадому вярнуўся інвалідам, а ў 1948 годзе памёр…
Як расказвае жанчына, яна і дзве яе сястры выжылі толькі дзякуючы таму, што маці была краўчыхай з залатымі рукамі, было шмат заказаў, многія таксама прыходзілі, каб навучыцца шыць, таму працаваць прыходзілася нават па начах. Вось так я і расла, пад гукі швейнай машынкі, — расказвае жанчына і тут жа працягвае:
– Так здарылася, што мая старэйшая сястра Вера ў чатырнаццаць гадоў стала апорай для сям’і. Яна працавала на раўні з мужчынамі: арала, сеяла, касіла. Нам з сярэдняй сястрой Нінай таксама давялося папрацаваць у калгасе, дарэчы, я так і засталася там працаваць нават калі адвучылася.
У 1965 годзе Сафія Іванаўна выйшла замуж і пераехала жыць у Вялікую Бераставіцу. У іх з мужам Сяргеем Іванавічам нарадзіўся сын Аляксандр, якога ўжо ва ўзросце дзвюх месяцаў прыйшлося аддаць у яслі, бо трэба было працаваць, каб атрымаць жыллё.
– Далей я працавала ў сельгас­упраўленні пад кіраўніцтвам галоўнага бухгалтара Людмілы Равенка, дзякуючы якой я вельмі шмат чаму навучылася і стала, як мне здаецца, нядрэнным бухгалтарам. Пасля я стала старэйшым бухгалтарам ва УКБ райвыканкама, а з 1973 па 2001 год – галоўным бухгалтарам ў ДРБУ-160. А далей – пенсія. Але гэта мяне не спыніла, пасля выхаду на заслужаны адпачынак я шаснаццаць гадоў адпрацавала адказным сакратаром раённага савета ветэранаў, дзе на мне таксама была адказнасць за вядзенне бухгалтэрыі. Такім чынам, бухгалтарскі стаж ў мяне 53 гады. Я заўсёды жартую: ці я была добрым бухгалтарам, ці рэвізоры былі дрэнныя, але, за ўсе гады сваёй працы, акрамя грамат і ўдзячнасці я не атрымала ніводнага спагнання.
Я з захапленнем слухаю, а Сафія Іванаўна працягвае далей:
– Цяпер мне грэх скардзіцца на сваё жыццё. Дзеці ў нас з мужам цудоўныя, абодва сыны маюць па дзве вышэйшыя адукацыі, абодва афіцэры. Старэйшы мой сын Аляксандр ужо выйшаў на пенсію на пасадзе начфіна, а малодшы – Дзмітрый – у званні падпалкоўніка, але да гэтай пары яны працягваюць працаваць. Я вельмі ганаруся сваімі сынамі, нявесткамі і вельмі люблю сваіх унукаў. Трое з іх скончылі ўніверсітэты, двое – юрысты, а ўнучка скончыла факультэт журналістыкі, працуе зараз карэспандэнтам у Санкт-Пецярбурзе. Самы малодшы з маіх унукаў вучыцца ў 9 класе.
Калі размова за­ходзіць пра выхад Сафіі Іванаўны на пенсію, у яе вачах праскокваюць ноткі суму, але жанчына ўпарта гэтага не паказвае, ды і навошта, жыццё ж пра­даўжаецца!
На дадзены момант Сафія Конік з’яў­ляецца членам прэзідыума раённага савета ветэранаў і ўзначальвае камісію па культурна-маса­вай рабоце і сувя­зях са СМІ. Жанчына вядзе актыўны лад жыцця, з’яўляецца ўдзельніцай хору “Памяць сэрца”, наведвае розныя гурткі.
– Мне вельмі хочацца падзякаваць людзям, з якімі давялося працаваць, асабліва майму кіраўніцтву, якое да мяне заўсёды добразычліва ставілася. Спа­дзяюся на тое, што і ў далейшым будзем цесна супрацоўнічаць, — кажа жанчына.
Калі я завітала ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а менавіта ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і запытала пра Сафію Іванаўну, то пачула ўпэўненае апісанне жанчыны ў трох словах: добразычлівасць, інтэлігентнасць, тактоўнасць.
– Сафія Іванаўна, як прадстаўнік савета ветэранаў, супрацоўнічала з намі доўгі час, — расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Святлана Грыбанава, — гэта надзвычай добразычлівая, чулая і вельмі актыўная жанчына, з якой супрацоўнічаць – ад­на радасць, а яе ўменню пра­цаваць з людзьмі можна толькі пазайздросціць.
Каб пачуць некалькі слоў пра Сафію Іванаўну, я наведалася і на яе былое месца працы, дзе мяне сустрэла яе калега – старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова.
– З Сафіяй Іванаўнай мне працавалася даволі лёгка, напэўна таму, што ёй уласцівыя такія якасці, як вытрымка, разуменне, прыстойнасць. У нас ніколі не было нейкіх невырашаных пытанняў, усе мерапрыемствы, якія былі праведзены раённым саветам ветэранаў, мы з ёй праводзілі разам.
Нельга не адзначыць, што ў Сафіі Іванаўны вельмі прыгожы, мілагучны голас, і яе ўдзел у хоры ветэранаў заўсёды адчуваўся, быў і з’яўляецца неад’емнай яго часткай. Нават пасля заканчэння працы Сафія Іванаўна засталася членам раённага савета ветэранаў, членам прэзідыума раённага савета ветэранаў, удзельніцай хору “Памяць сэрца”, і я ўпэўнена, што гэта будзе доўжыцца яшчэ многія гады. Застаецца толькі выказаць велізарныя словы падзякі Сафіі Іванаўне за гэтыя цудоўныя гады добрасумленнай сумеснай працы.
Алена Іосіфаўна таксама адзначыла, што падчас працы ў раён­ным савеце ветэранаў Сафія Іванаўна прымала актыўны ўдзел у выбарах, уваходзіла ў склад розных выбарачных камісій: участковай, раённай, акруговай. І адыходзячы на заслужаны адпачынак была ўзнагароджана за гэта Ганаровай граматай Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта.
Хочацца спадзявацца, што і надалей жанчына не страціць сваю душэўную прыгажосць, паўсядзённы аптымізм і нястомную жыццёвую энергію.

Анжаліка Дудко,
фота аўтара і з сямейнага альбома Сафіі Конік



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *