У Бераставіцкім раёне актыўна вядуцца вясеннія палявыя работы

Актуально Сельское хозяйство

Цёплае веснавое надвор’е, якое ўсталявалася апошнім часам, паспрыяла масаваму пачатку палявых работ у сельгаспрадпрыемствах нашага раёна.

Механізатар Казімір Талочка і галоўны аграном Аляксандр Рыжэўскі

У КСУП “Варанецкі”, дзе я пабывала на гэтым тыдні, у поле выйшлі ўжо з мінулай суботы. Разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алінай Янушка і галоўным аграномам Аляксандрам Рыжэўскім мы накіраваліся на палеткі гаспадаркі, дзе яны пазнаёмілі мяне  з ходам веснавой палявой кампаніі.

— Сёння на раніцу, 11 красавіка,  ужо пасеялі 90 гектараў ячменю і бобу, заўтра пачнём сяўбу цукровых буракоў, — расказвае Аляксандр Іосіфавіч. – Актыўна ідзе культывацыя, унясенне ўгнаенняў. Усяго плануем пасеяць больш за 560 гектараў яравых збожжавых,  1300 гектараў збожжавых трэба падкарміць угнаеннямі.

— Насеннем, угнаеннямі і палівам наша сельгаспрадпрыемства забяспечана, таму калі дазволіць надвор’е, то веснавыя работы будуць праведзены ў аптымальны тэрмін, — упэўнена і Аліна Аляксандраўна.  – І механізатары, і аграномы настроены на зладжаную  працу, пасяўны працэс арганізаваны добра, працаўнікі гаспадаркі забяспечваюцца гарачымі абедамі. 

На сяўбе яравога ячменю мы засталі вопытнага механізатара КСУП “Варанецкі”  Казіміра Талочка, Ён ужо на пенсіі, у гаспадарцы працуе з 1984 года, а на  трактары “Беларус” гэта яго ўжо  14-я пасяўная. Сее Казімір Талочка ўжо другі дзень, а за два дні пасеяў прыкладна  40 гектараў яравых. 

Пётр Губанаў

Механізатар Пётр Губанаў заняты на культывацыі поля, якое адведзена пад цукровыя буракі, ужо апрацаваў больш за 150 гектараў, а ўсяго  ў гаспадарцы патрабуецца культывацыя  1 800 гектараў зямель, і гэту працу павінны выканаць усяго шэсць механізатараў.

Генрых Куклеўскі

Падкормку азімых пасеваў на трактары-апырсквальніку вядзе механізатар Генрых Куклеўскі. У полі ён ужо з мінулай суботы, на апырсквальніку працуе  другі год, праца яго ўвесь час запатрабаваная, бо  ўнясенне ўгнаенняў праводзіцца на працягу ўсяго сезона.

Веснавыя работы на палях КСУП “Варанецкі”, як кажуць, кіпяць, бо вядома, што веснавы дзень год  корміць. 

Калі не падвядзе тэхніка і ўмовы надвор’я, у гаспадарцы плануюць закончыць пасяўную кампанію за  10 дзён.  

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *