Этнаграфічная вандроўка па Бераставіччыне

Год малой родины Культура

Гэты матэрыял выходзіць напярэдадні 8 Сакавіка і прысвечаны ён унікальным жанчынам – плябанаўскім майстрыхам ручнога ткацтва. Іх унікальнасць у тым, што нягледзячы на нялёгкі сялянскі лёс, за працай і надзённымі клопатамі па выхаванні дзяцей і догляду за хатняй гаспадаркай, яны змаглі адшукаць час для творчасці, для ткацкага рамяства, валоданне якім не толькі прыгадзілася ім у побыце, але і стала любімым заняткам,  аддушынай на доўгія гады.

Пазнаёміцца з майстрыхамі мне прапанаваў метадыст па этнаграфіі і фальклору Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Леанід Панасевіч, які па службовых абавязках сабраўся ў этнаграфічную экспедыцыю. Для этнографаў ручное ткацтва ўяўляе вялікую цікавасць, бо яно цесна звязана з гісторыяй народа і можа служыць каштоўным матэрыялам для даследавання этнічных працэсаў мінулага. А таму вывучэнне мясцовых асаблівасцяў ткацтва, як і іншых народных рамёстваў і промыслаў, знаходзіцца ў ліку задач, пастаўленых на дзяржаўным узроўні.

І вось мы ў Плябанаўцах. Суправаджае нас стараста Жорнаўкі Ядзвіга Станіславаўна Дабрэнка, для якой Плябанаўцы – родная вёска, і яна добра ведае жанчын, да якіх мы прыехалі ў госці.

 

“Кросны стаяць разабраныя, але продаць не хачу, няхай будуць… ”

 

Першая наша сустрэча – з Марыяй Уладзіславаўна Кажанеўскай і яе дачкой Тэрэзай Юзэфаўнай Барцэвіч. Заходзім у хату і адразу становіцца зразумела, што тут жыве сапраўдная майстрыха –  усе ложкі і канапы высланы прыгожымі каларытнымі посцілкамі, на падлозе – палавікі  і вязаныя з палосак тканіны дыванкі.

– Ну, паказвайце ваша багацце! – просім у гаспадыні, прывітаўшыся. І яе дачка выносць цэлы стос посцілак. Такія яны ўсе розныя, з мудрагелістымі ўзорамі і ўдалым спалучэннем колераў!

– Вы так многа выткалі, Марыя Уладзіславаўна! – шчыра дзіўлюся я.

– Дык гэта ж не ўсё, – усміхаецца жанчына. – Я шмат параздавала – і дзецям, і знаёмым – а ўсяго мо з пяцьдзясят посцілак было.

Гэта, безумоўна, уражвае. Я фатаграфую майстрыху і яе саматканыя вырабы. Кожны з іх – адметны, арыгінальны, прыгожы.

Марыя Уладзіславаўна ўспамінае, адкуль быў узяты той ці іншы ўзор, як раней апрацоўвалі неабходныя ў ткацтве лён і воўну,  здабывалі фарбы – сур’ёзны твар жанчыны ажыўляецца, у вачах загараюцца агеньчыкі, на вуснах з’яўляецца ўсмешка.

–Ткаць навучылася ад мамы, – расказвае Марыя Уладзіславаўна. – Год з чатырнаццаці дапамагала ёй, запісвала схемы, дыктавала па іх, варочала дошку. Мне падабалася гэта, я ўсё хутка запамінала. А як выйшла замуж, ткала ўжо самастойна. Як дзе не ўбачу новы ўзор, мушу яго здабыць. І па дыванах чытала, запісвала схемы, і ў іншых перапісвала. Шмат сшыткаў запісала. Дочкі-школьніцы дапамагалі. Ткалі мы посцілкі, дываны, ходнікі, ручнікі.

– І вязаць я люблю, – гаворыць жанчына. – Да гэтага часу вяжу, дзякуй Богу, зрок яшчэ дазваляе. А ткаць ужо цяжка, гадоў з дзесяць як не садзілася за кросны. Стаяць яны разабраныя. Але продаць не хачу, няхай будуць…

Марыя Уладзіславаўна з 1939 года, яна нарадзілася ў вёсцы Одла, разам з мужам столярам, трактарыстам Юзэфам Юзэфавічам выгадавала траіх дачок і дваіх сыноў, мае пяцёра ўнукаў і два праўнукі. Цяга да творчасці, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў той ці іншай ступені перадаліся і дзецям. Тэрэза вышывае, вяжа спіцамі і кручком. Генрыка – касцюмер у ансамблі “Белыя росы”, Марыя ў свой час вучылася скураной справе ў тэхнікуме, працавала на Гродзенскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, у вольны час робіць прыгожыя кашалькі са скуры.

Тэрэза Юзэфаўна жыве ў Плябанаўцах, і яна згадзілася паказаць нам свае вырабы.

– Вось гэты абразік Ісуса Хрыста вышывала месяца паўтара. Вось ільняная прасціна, якую я абвязала кручком, рыхтуючы пасаг. Вось матулін саматканы ручнік, які я таксама абвязала кручком. А гэта вось кужаль – тонкае палатно, вытканае з ільняных нітак мамай. Пакінула на памяць.

– За гаспадаркай няшмат вольнага часу застаецца для рукадзелля, – гаворыць Тэрэза Юзэфаўна і частуе нас гарбатай са смачным хатнім сырам. Падзякаваўшы гаспадыню, мы крочым далей, у госці да Гэлены Адольфаўны Барцэвіч.

 

“Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло”

 

– Я прыйшла да ткацтва ўжо ў сталыя гады, – адказвае на маё пытанне аб каранях свайго захаплення Гэлена Адольфаўна. – Як кажуць, не было б шчасця ды няшчасце дапамагло. Наша хата згарэла, засталіся ні з чым. Калі адбудаваліся, ткаць прымусіў лёс, каб хоць чымсьці заслаць хату. У магазіне не ўсё ж купіць можна было…

Жанчына ўспамінае даўнюю трагедыю, і на яе вочы наварочваюцца слёзы.

– А потым як унікла ў справу, спадабалася вельмі, – працягвае размову Гэлена Адольфаўна. – Ткацтву навучылася ў Марыі Уладзіславаўны Кажанеўскай. З ёй мы шмат ткалі разам.

Мы разглядаем прыгожыя  дываны і посцілкі Гэлены Адольфаўны, якія яна захавала на памяць. Жанчына расказвае пра тыпы ўзораў, выкарыстаны матэрыял, пра тое, колькі часу і ўвагі займае праца над тканым вырабам.

Мне застаецца толькі дзівіцца той  скрупулёзнасці, надзвычайнай дакладнасці, дбайнасці, акуратнасці ў дробязях, якімі неабходна валодаць ткачыхе.

Гэлена Адольфаўна нарадзілася ў 1949 годзе ў Лапенеўцах. Замуж выйшла ў Плябанаўцы, у сям’і нарадзіліся две дачкі і сын. Жанчына працавала паляводам, а муж – у ПМК-141. Пяць гадоў прайшло, як ён пайшоў з жыцця…

Нягледзячы на падчас нялёгкі лёс, Гэлена Адольфаўна незвычайна жыццялюбны і пазітыўны чалавек.  Не сядзіць без справы, працуе сацыяльным работнікам.

 

Здабытак народнай культуры

 

– Вырабы гэтых жанчын пастаянна выкарыстоўваліся ў разнастайных выставах ў якасці прыкладаў мясцовага пераборнага і закладнога ткацкага рамяства, – падагульняе нашу вандроўку Леанід Міхайлавіч. – Посцілкі, дываны, ходнікі плябанаўскіх ткачых бралі не толькі ў раён, але і ў Гродна, і ў Мінск. Жанчыны ўдзельнічалі ў вячорках у Плябанаўскім сельскім клубе, іх саматканымі вырабамі ўпрыгожвалі падворкі гаспадарак на раённых святах. Марыя Уладзіславаўна, напрыклад, ткала за ўласнымі кроснамі ў час святкавання 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. Яна, дарэчы, з 1973 года ў Саюзе майстроў Беларусі. Калі быў утвораны Дом рамёстваў, жанчыны працавалі кіраўнікамі гурткоў. У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры і цяпер захоўваюцца іх посцілкі і дываны. Тканыя экспанаты Марыі Уладзіславаўны і Гэлены Адальфаўны ёсць і ў музеі Малабераставіцкай СШ. Наша задача сёння – сабраць увесь неабходны матэрыял для таго, каб паспрабаваць вылучыць жанчын на прысваенне ім звання “народны майстар”.

Што ж, ідэя гэта вартая. У цяперашні час адзначаецца цікавасць да адраджэння традыцый ручнога ткацтва. І не толькі ў свеце, але і ў нас існуе мода на вырабы ручной работы. І хоць саматканыя дываны рэдка можна сустрэць у нашых кватэрах як прадмет побыту, яны выклікаюць цікавасць як напамін аб тых традыцыях, якімі жылі нашы бабулі і прабабулі,  і з’яўляюцца здабыткам народнай культуры і  мастацтва.

Святлана Ганчарова, фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *