Лабарант РСУП “Алекшыцы” Галіна Фартэль сочыць за якасцю малака

Сельское хозяйство Человек и его дело

У чарговы раз наведваю малочнатаварны комплекс “Алекшыцы”. Адчыняю дзверы галоўнага будынка, дзе бачу ўжо знаёмы твар яго кіраўніка. Аляксандр Фартэль, як і заўсёды, з лагоднай усмешкай, пагутарыўшы хвіліну-другую, згаджаецца правесці да месца прызначэння – лабараторыі. Заходжу: невялічкае памяшканне з акуратна расстаўленым абсталяваннем для правядзення неабходных аналізаў малака. На сценах з левага боку размясцілі своеасаблівыя падказкі – схемы і інструкцыі па прымяненні, а з правага – зменныя аркушы паперы з гучнымі загалоўкамі “Экран якасці малака за люты 2018-га” і “Справаздача па здачы малака дзяржаве за студзень 2018 года”. За працоўным месцам, занатоўваючы штосьці ў сшытак, сядзіць і гераіня гэтай публікацыі – лабарант раённага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Алекшыцы” Галіна Фартэль.
Вось ужо шосты год запар кожны працоўны дзень гэтай надзвычайна ўраўнаважанай і спакойнай жанчыны пачынаецца ў такой абстаноўцы. Падчас размовы Галіна Еўграфаўна прызнаецца, што са спасціжэннем новага роду дзейнасці, а па спецыяльнасці яна “мантажнік радыёапаратуры”, складанасцей амаль не ўзнікала. Да таго ж і своечасова арганізаваныя курсы на базе ААТ “Малочны Мір” паспрыялі хуткаму авалоданню многімі нюансамі гэтай справы.
— Улічваючы складаны хіміч­ны склад, узаемасувязь асобных кампанентаў, што абумоўліваюць спецыфічныя ўласцівасці, высокую харчовую і біялагічную каштоўнасць малака, спецыялісты-тэхнолагі, якія праводзілі заняткі, надавалі вялікую ўвагу інфармацыі аб фізічных, хімічных і біялагічных якасцях прадукту, пэўных змяненнях паказчыкаў, — гаворыць мая субяседніца. – Сёння кантроль за якасцю малака на малочнатаварных аб’ектах “Жукевічы”, “Падбагонікі” і “Алекшыцы” вя­дзецца штодзённа. Пры гэтым адпаведнасць паказчыкаў зада­дзеным нормам правяраецца з дапамогай цэлага набору прыбораў і абсталявання: аналізатараў якасці малака і саматычных клетак у ім, інкубатарных тэстаў на антыбіётыкі ў малацэ і многае іншае. Памятаю, калі я толькі прыйшла сюды працаваць, для вылучэння тлушчу з малака выкарыстоўвалі цэнтрыфугі, зараз гэтыя часы мінулі і разнастайнасць абсталявання дазваляе ажыццяўляць працэсы па вызначэнні колькасных паказчыкаў куды больш хутчэй і дакладней.
Па словах Галіны Еўграфаўны, правільны аналіз якасці малака пачынаецца ўжо на этапе адбору яго пробы, калі ў першую чаргу ўвага звяртаецца на колер, кансістэнцыю, пах прадукту. Зазвычай адбор проб малака адбываецца праз дзве гадзіны пасля дойкі, пры гэтым прадукт добра перамешваецца. Пасля, напрыклад, для вызначэння шчыльнасці яго падаграваюць да тэмпературы 20 градусаў і абавязкова фільтруюць. Вызначэнне названага паказчыка ажыццяўляецца пры дапамозе аналізатара малака “Ekomilk”. У выніку даследавання, шчыльнасць малака павінна адпавядаць значэнню 1027 кілаграмаў на метр кубічны (магчымыя ваганні ў межах ад 1027 да 1033), калі ж яна ніжэйшая, то прадукт або разбаўлены вадою, або атрыманы ад хворых жывёл.
Увогуле, супастаўляючы паказ­чыкі шчыльнасці, кіс­лотнасці, утрымання тлушчу і сухога астатку, можна вызначыць не толькі свежасць, але і натуральнасць малака. Сёння значэнні гэтых складнікаў на ўсіх трох аб’ектах РСУП “Алекшыцы” знаходзяцца ў межах норм, а вось крыху павышаная саматыка не дазваляе сельгаспрадпрыемству рэалізоўваць ўсю прадукцыю гатункам “экстра”. На яго долю з пачатку бягучага года тут прыпадае каля 40 працэнтаў.
Дарэчы, што датычыцца аналізу малака ад хворых жывёл, то гэта таксама адзін з абавязкаў Галіны Еўграфаўны.
І нібы ў гэтай справе ўсё проста ды зразумела, аднак, як і ў кожнай сферы, тут таксама ёсць свае “але”. Адказнасць – пункт, пра які нельга забываць. Сёння змяненні якасных паказчыкаў малака могуць быць вынікам парушэння тэхналагічнага працэсу вытворчасці або няспраўнасці абсталявання для аналізу. Своечасова выяўленая лабарантам прычына прадухіліць шэраг непажаданых наступстваў.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *